Паверхі камфорту. Заўтра прафесійнае свята адзначаць будаўнікі

Ляхавічанін Ігар Пастарнакевіч – прадстаўнік будаўнічай дынастыі. Яго бацька Антон Антонавіч таксама працаваў у ПМК-13, адсюль пайшоў на пенсію. А Ігар з братам Сяргеем вырашылі прайсці па яго шляху.

Прараб УБП ПМК-13 Ігар Пастарнакевіч і старшы майстар Алег Стрыжавусаў.


На будоўлі Ігар гадоў 15. Быў мулярам, пасля заканчэння Брэсцкага політэхнічнага каледжа перайшоў на пасаду майстра, а сёння – прараб, вучыцца на завочным аддзяленні Горацкай сельгасакадэміі на інжынера-будаўніка.
Першым самастойным аб’ектам Ігара Антонавіча стаў 40-кватэрнік на Юбілейнай у райцэнтры. Ці хваляваўся перад адказнай справай? Не задумваючыся, адказвае адмоўна. Прычына таму – немалы вопыт у розных працоўных ролях і выдатныя настаўнікі. Пад кіраўніцтвам прараба Валерыя Бацечкі некалі працаваў мулярам, навучыўся не толькі выдатна рабіць кладку, пераняў у яго сакрэты прафесійнага майстэрства. У падначаленні Ігара Пастарнакевіча чатыры дзясяткі чалавек – высокакваліфікаваныя, на-дзейныя і моцныя. Зараз узводзяць у Ляхавічах 60-кватэрны пяціпавярховік на Чкалава. Па тэрмінах плануюць здаць яго ў кастрычніку, таму калектыў шчыруе вахтавым метадам з васьмі гадзін раніцы да васьмі вечара. Прарабскі графік не 24 на сем, але патрабуе пастаяннай увагі – ад вынікаў прафесійнай дзейнасці калектыву залежыць камфорт і задаволенасць людзей умовамі жыцця.
А дома ў Ігара надзейны тыл: жонка Надзея і сыны – трохгадовы Глеб і сямігадовы Ягор, з якімі любіць паганяць у футбол.
ПМК-13 сёння – гэта 195 прафесіяналаў: брыгады аддзелачнікаў, будаўнікоў, інжынерна-тэхнічная служба, арматурны цэх, раствора-бетонны вузел, іншыя. Другі год калектыў узначальвае Данііл Скрыцкі. З апошніх аб’ектаў нашых будаўнікоў – харчаблок абласной псіхбальніцы «Крывошын». Іх аўтарству належаць і фермы ў Сакунах, Зарытаве, выконвалі капітальны рамонт з мадэрнізацыяй даху ў Баранавіцкім раддоме і тэрапеўтычным аддзяленні Баранавіцкай бальніцы, іншыя пляцоўкі. Зараз заняты і на будаўніцтве дзіцячага дома сямейнага тыпу на вуліцы Чкалава ў райцэнтры, рэканструкцыі нежылога будынка пад жылы дом па вуліцы Леніна, 62.
Аб’ём работ, выкананых уласнымі сіламі сёлета, склаў 117 працэнтаў да ўзроўню мінулага года.
Прафесійнае свята ў нядзелю адзначаць і калегі – будаўнічыя брыгады, створаныя ў СВК «Ляхавіцкі» і   ААТ «Жарабковічы», камунгасе.
Няхай паверхі вашага майстэрства ўпрыгожваюць нашу малую радзіму, а ў кожнага з вас, паважаныя будаўнікі, ветэраны галіны, будзе свой утульны і трывалы дом, дзе заўсёды чакаюць.

Наталля ПЕРАПЕЧКА. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.