Гэта наш выбар
У 8 гадзін раніцы 9 жніўня па ўсёй краіне адкрыліся выбарчыя ўчасткі, у тым ліку 910 – у Брэсцкай вобласці, 29 з іх – на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна.
Беларусы праявілі зайздросную актыўнасць. Датэрмінова прыйшло выказаць грамадзянскую пазіцыю больш за 40 працэнтаў тых, хто меў права голасу, у нашым раёне такой магчымасцю скарысталіся 6889 чалавек. А ўжо апоўдні стала вядома, што на Брэстчыне выбары адбыліся – прагаласавала больш за палову выбаршчыкаў, унесеных у спісы. Літаральна праз гадзіну Цэнтрвыбаркам аб’явіў: выбары ў краіне адбыліся, бар’ер яўкі ў 50 працэнтаў пераадолелі ўсе рэгіёны (некаторыя – істотна), акрамя сталіцы.
Як галасавалі нашы землякі, «ЛВ» назіраў і на вялікіх гарадскіх, і на самых маленькіх вясковых участках. Агульнае паўсюдна было адно – добры настрой, спакойная атмасфера і высокая арганізаванасць.
За захаваннем заканадаўства на ўчастках раёна сачылі больш за 250 наглядальнікаў – прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, партый, вылучаныя грамадзянамі.
На большасці ўчасткаў прайшлі выступленні мастацкай самадзейнасці, дзе не было побач стацыянарных магазінаў, – працаваў выязны гандаль. І гэта добрая традыцыя – у дзень выбараў ствараць людзям свята.
Адным з першых 9 жніўня на Задворскі ўчастак для галасавання № 25 прыйшоў вадзіцель ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Васілій Скарадзіла.
– Голас аддаю за спакойнае сёння і шчаслівае заўтра. Нават не ўзнікала пытанне, выказваць сваё волевыяўленне ці не. Адназначна, галасаваць, – адзначае Васілій Скарадзіла. На гэтым участку зарэгістравана 393 выбаршчыкі з Задвор’я і Петухоўшчыны. Амаль 30 працэнтаў прагаласавалі датэрмінова.
За суседнім Альхоўскім участкам для галасавання № 26 замацавана значна больш населеных пунктаў – Пад’язаўле, Вадзяціна, Гукова, Гасцілавічы, Літоўка, Альхоўцы, а ў спісах 322 чалавекі. Для 85 з іх выбары арганізаваны па месцы жыхарства: дамоў з апячатанымі урнамі прыязджаюць члены выбарчай камісіі. Адна з тых, хто пажадаў выказаць такім чынам сваю грамадзянскую пазіцыю, 72-гадовая Ядзвіга Лапіч.
– З выбарам вызначылася даўно і адназначна. Ад дабра дабра не шукаюць. Звычайна сама прыходжу на выбарчы ўчастак. Цяпер здароўе падводзіць, так што галасую дома, – гаворыць Ядзвіга Мікалаеўна.
Наглядальнікі ад грамадскіх арганізацый і ад грамадзян шляхам падачы заяў прысутнічалі, у тым ліку, і на Крывошынскім участку для галасавання № 17.
– Задача наглядальнікаў – сачыць, каб падчас галасавання не было ніякіх парушэнняў, усё адбывалася згодна з заканадаўствам. Пакуль ніякіх парушэнняў не выяўлена. Працэс праходзіць спакойна і зла-джана. Так было і пры датэрміновым галасаванні, – адзначае наглядальнік ад ветэранскай арганізацыі Іосіф Зубік.
Як расказала старшыня выбарчай камісіі Святлана Гатоўчыц, з зарэгістраваных 385 выбаршчыкаў гэты дзень асаблівы для 18-гадовай Анастасіі Свянтэцкай, якая ўпершыню мае права голасу і ўдзельнічае ў такой адказнейшай кампаніі. Пастараліся і мясцовыя культработнікі – арганізавалі ў СДК, дзе месціцца ўчастак, выставу мастацкіх вырабаў і канцэрт.
У 10 гадзін раніцы каля Ліпскага ўчастка для галасавання № 18 надзвычай шматлюдна. Прыходзяць сем’ямі, прыязджаюць на веласіпедах. Сярод апошніх і 82-гадовая Валянціна Малевіч.
– На выбарах заўжды галасую. Прапаноўвалі прыехаць да мяне дамоў, не захацела. Тут больш святочна. Аддаю голас таму, хто клапоціцца пра Беларусь, – адзначае пажылая вяскоўка.
– Наш участак самы вялікі ў Ляхавіцкім раёне з сельскіх, зарэгістравана 711 чалавек з правам голасу, за пяць дзён датэрміновага галасавання выказалі сваё волевыяўленне 246 землякоў, да 63 сёння выязджаем на дом, – гаворыць старшыня камісіі Галіна Салодкая.
Члены выбарчай камісіі Галаўнінскага ўчастка для галасавання № 16 адзначаюць добразычлівы настрой людзей, неабыякавасць, вялікае жаданне і моладзі, і пажылых землякоў прыняць удзел у выбарах Прэзідэнта краіны. Старшыня камісіі Людміла Лешык звярнула ўвагу на высокую яўку выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання – за першыя дзве гадзіны прыйшлі 40 чалавек.
– Ідзём галасаваць! Настрой выдатны, гэта вельмі важна адчуваць, што ў тым ліку і ад твайго голасу залежыць будучыня дзяцей, унукаў і ўсёй краіны, – упэўнена Вольга Вайцешык.
Святочна, музычна сустракае землякоў Малагарадзішчанскі ўчастак для галасавання № 27. З 309 чалавек, якія маюць права голасу, 100 вызначыліся з кандыдатам на галоўны дзяржаўны пост датэрмінова.
– Наша ўчастковая камісія, як і іншыя па ўсёй краіне, абавязана забяспечыць магчымасць удзельнічаць у галасаванні выбаршчыкам. Правам галасаваць дома скарысталіся 110 вяскоўцаў, у асноўным састарэлых ці па стане здароўя, – гаворыць старшыня камісіі Тамара Вярбіла.
Апоўдні на Начаўскім участку № 20 прагаласавалі без малога 58 працэнтаў выбаршчыкаў, унесеных у спісы. Старшыня ўчастковай камісіі Ірына Вайцешык пацвердзіла тое, у чым карэспандэнты раёнкі пераканаліся на ўласныя вочы:
– Людзі прыходзяць на ўчастак з доб-рым настроем, галасаванне праходзіць спакойна. Нягледзячы на вялікую занятасць гэтымі днямі, актыўна галасуюць і працаўнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства – ДП «Нача». Сёння першым атрымаў бюлетэнь механізатар Віктар Кунцэвіч, па дарозе з майстэрняў на поле «заскочыў» прагаласаваць наш лепшы камбайнер Эдуард Чалядка…
Сярод самых «ранніх» выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання на Жарабковіцкім участку № 11 таксама аграрыі: поле чакаць не можа.
А вось на зернесушыльных комплексах аператары працуюць па зменах, таму ў Вадзіма Кудзіна дзень 9 жніўня – заслужаны выхадны. Прыйшоў на ўчастак разам з жонкай Аленай, дачкой Мартай і цешчай Зінаідай Сідараўнай.
– Прагаласавалі, таму што ў нашай сям’і актыўная грамадзянская пазіцыя, – адзначае Марта. – Мы любім нашу краіну і хочам, каб яна квітнела.
Да словаў унучкі далучаецца і бабуля:
– Галасуем за стабільнасць і працвітанне!
Усяго ж па стане на 12.30 паспелі аддаць галасы за свайго кандыдата ў Прэзідэнты паўтысячы з 937 унесеных у спісы жыхароў Жарабковічаў, Сваятычаў, Гулічаў, Зарытава, Канюхоў, Яцкаўшчыны, Валасачоў, Трабавічаў, Пірштукоў, Дамашоў. 290 з іх прагаласавалі датэрмінова.
У Падлескі СДК, дзе размясціўся ўчастак для галасавання № 12, таксама землякі ідуць актыўна, пра што сведчыць статыстыка: на 13.10 грамадзянскі абавязак выканалі 320 з 515 тутэйшых выбаршчыкаў. Жыхарка Падлесся Ірына Ксёнжык галасавала разам з сынам Яра-славам і дачкой Надзеяй. Разам з бацькамі прыйшлі на ўчастак – упершыню ў якасці выбаршчыкаў – Наталля Собаль і Дар’я Міхайлава. І такія сямейныя «паходы» – вельмі важны жыццёвы ўрок для выхавання грамадзянскай актыўнасці.
Яе, дарэчы, прадэманстравалі, у тым ліку, жыхары Русінавічаў, Гаслаўшчыны, Жарскіх і Мыслабажы. Па стане на 14.40 на Русінавіцкім участку № 21 прагаласавалі 85 працэнтаў выбаршчыкаў.
У спісах на Навасёлкаўскім выбарчым участку № 22 нямала людзей шаноўнага ўзросту. Многія з іх выбралі галасаванне на даму, асабліва жыхары аддаленых вёсак – Адахаўшчыны, Ціткаўшчыны, Гарбачоў. Сярод тых, хто вырашыў прыйсці на ўчастак самастойна, Ядзвіга Цвірко:
– А як жа, трэба абавязкова прагаласаваць, выбраць Прэзідэнта. Раніцай – у царкву, а пасля заканчэння службы – адразу сюды.
Настрой у Ядзвігі Вацлаваўны, якая, нягледзячы на ўзрост, спраўна кіруе веласіпедам, прыўзняты. Як і ў іншых, хто прыйшоў падтрымаць свайго кандыдата.
Гарадскія выбарчыя ўчасткі з раніцы вызначаліся актыўнасцю. Дзень выбараў па традыцыі землякі ўспрымаюць святочна, радасна, сімвалічна.
Музыка гучыць – першых выбаршчыкаў запрашаюць на Ляхавіцкі-Ленінскі ўчастак для галасавання № 1. Тут з 4 па 8 жніўня прагаласавалі 36,8 працэнта выбаршчыкаў. На 10.30 раніцы 9 жніўня гэта лічба склала 48,5 працэнта, да 18.00 прагаласавалі амаль 95 працэнтаў.
– Прыемна, што для нашых землякоў гэта падзея не радавая. Да выбару падыходзілі ўдумліва, часта суправаджаючы свой голас простым каментарыем «За шчаслівую будучыню». Настрой у выбаршчыкаў – узнёслы, радасны. Ніякіх спрэчных пытанняў і сітуацый не ўзнікала, а калі выбаршчыкаў штосьці не задавальняла або былі дадатковыя пытанні, камісія ўсё расказвала і тлумачыла дэтальна, – адзначыла старшыня выбарчай камісіі Людміла Юнік.
9 жніўня для былых аднакласнікаў Аліны Жывіцкай і Аляксея Савасцюка – дата асаблівая, яны ўпершыню галасавалі. На Ляхавіцкім-Гагарынскім участку для галасавання № 2 цяпер ужо студэнты не толькі рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права выбіраць, але атрымалі віншаванні і падарункі з гэтай святочнай нагоды. Песнямі сустракала выбаршчыкаў на гэтым участку народная эстрадная студыя «Экспрэс».
Свой выбар у гэты дзень зрабіла і ляхавічанка Наталля Патаповіч. Яна ўпэўнена, што будучыня павінна быць светлай, галоўнае, мірнай. Таму птушачка ў бюлетэні пастаўлена за самага дастойнага кандыдата ў Прэзідэнты.
Выбарчая актыўнасць назіралася на працягу дня і на Ляхавіцкім-Інтэрнацыянальным участку для галасавання № 6. Тут датэрмінова прагаласавалі 45 працэнтаў выбаршчыкаў, каля 10.30 лічба падрасла да 54 працэнтаў. Музыкальны настрой на ўчастку ствараў народны ансамбль народнай песні «Крыніца».
Для пенсіянеркі Ніны Усенка, якая галасавала на Вялікалотаўскім участку для галасавання № 23, 9 жніўня – не толькі магчымасць аддаць свой голас за дастойнага кандыдата, але і дзень, калі кожны беларус выбірае будучыню:
– Я выбіраю годнае жыццё, дзе, у першую чаргу, пануюць паважлівыя адносіны да пажылых людзей. Дзе так адчувальна падтрымка маладых сем’яў, дзе бацькі не баяцца адпусціць на вуліцу сваіх дзетак, дзе ёсць магчымасць бясплатна атрымліваць адукацыю. Краіну, дзе так прыгожа, чыста і ўтульна.
Беларусы зрабілі свой выбар. Чарговая электаральная кампанія пацвердзіла высокі актыўны грамадскі інтарэс да спраў сваёй краіны, жаданне беларусаў прымаць непасрэдны ўздел у вызначэнні лёсу Радзімы.
Матэрыялы рыхтавалі
Галіна КАНЬКО,
Святлана БЕЛЬМАЧ,
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Так, і ў нашым раёне, на жаль, 9 жніўня не абышлося без інцыдэнтаў. Група агрэсіўна настроеных людзей увечары выйшла на вуліцы горада, каб выказаць сваё незадавальненне. Масавай падтрымкі гэта не атрымала.
Прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзена.