Дзе пшаніца каласіцца. Палеткі ААТ «Жарабковічы» традыцыйна радуюць высокай ураджайнасцю

Лепшыя на жніве Віктар Клемяня і Сяргей Зянько.

Каторы год запар, нават не зазіраючы ў зводку райсельгасхарчу, можна беспамылкова назваць гаспадарку Ляхавіцкага раёна, дзе найвышэйшы паказчык ураджайнасці, – ААТ «Жарабковічы». Нехта скажа, маўляў, нічога ў тым няма дзіўнага: сельгаспрадпрыемства валодае ўрадлівымі землямі, чаму б не мець такое важкае зерне. Але нават за самай добрай глебай патрэбны дбайны догляд. Менавіта так, па-гаспадарску, з прымяненнем сучасных тэхналогій ставяцца да прыроднага багацця ў «Жарабковічах». Так было, так ёсць і, напэўна, будзе, бо работнікі гэтай гаспадаркі ведаюць кошт хлеба, любяць зямлю-карміцельку і перадаюць пашану да яе з пакалення ў пакаленне.

Экіпаж Андрэя Дзянішчыка і Паўла Булатага.


І сёлета «Жарабковічы» размясціліся на лідзіруючай пазіцыі: ураджайнасць збожжавых складае 74 цэнтнеры з гектара.
– Галоўная задача – у аптымальныя тэрміны і з мінімальнымі стратамі сабраць вырашчанае. Дзеля гэтага шчыруем ад світання да змяркання. Ураджайнасць лепшая, чым летась, тады было на 10 цэнтнераў на круг менш. Хаця планавалі яшчэ большую, мы для гэтага ўсё зрабілі: своечасова пасеялі, унеслі ўдабрэнні, – спыняецца на дэталях жніўнай кампаніі дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты. Дарэчы, у мінулым годзе гаспадарка з ураджайнасцю 60 цэнтнераў збожжа на круг прызнана лепшай на Брэстчыне.

Экіпаж Сяргея Бурака і Міхаіла Кандыбы.


«Жарабковічы» жніўныя – гэта хлебная ніва ў 3600 гектараў, на якой працуе 18 экіпажаў камбайнераў. Кожны экіпаж – зладжаная і дружная каманда. Першыя тысячнікі ў гаспадарцы сёлета – вопытны старшы камбайнер Віктар Клемяня і яго напарнік Сяргей Зянько.
– Для мяне гэта жніво – другі сезон на камбайне, да гэтага працаваў вадзіцелем. Ураджай убіраць у радасць – паглядзіце якая пшаніца ўрадзіла, – адзначае Віктар Клемяня і спяшаецца да свайго КЗРа. І сапраўды, азімая пшаніца на ўчастку каля Трабавічаў – выдатная: залацістая, адборная, радуе вока і паказвае на рэкордны ўраджай. З аптымізмам гаворыць пра важкасць намалоту начальнік участка Міхаіл Багацкі, які аддаў сельскай гаспадарцы 39 гадоў.
Па прафесіі авіямеханік, а на час уборачнай яшчэ са студэнцкіх гадоў Павел Булаты перакваліфікуецца ў камбайнера. А галоўны ў іх экіпа- жы – вядомы ў раёне хлебароб-механізатар Андрэй Дзянішчык.
– Усё выдатна. Тэхніка ідзе, як па масле. Паглядзіце, якія валкі атрымліваюцца – жаць у задавальненне. Камбайнер у мяне класны, так што ідзём на рэкорд, – зазначае Андрэй.
І зноў жніўныя клопаты сабралі ў адну каманду братоў Ігара і Аляксандра Васілевічаў, іх экіпаж пакуль лепшы ў раёне сярод сямейных. На другім месцы таксама жарабковіцкі дуэт у складзе мужа і жонкі Сяргея і Анастасіі Каралёвых.

Сямейны экіпаж Анастасіі і Сяргея Каралёвых.

– Мінулы сезон, калі ўпершыню прыйшла працаваць камбайнерам, давялося цяжкавата, цяпер куды лягчэй, нават дапамагаю мужу рамантаваць тэхніку, – дзеліцца Анастасія Каралёва.
Ад магутных камбайнаў зерне няспынным патокам сыплецца ў кузавы аўтамабіляў, ледзь паспяваюць адвозіць яго больш за 20 вадзіцеляў.
Імя ім – перадавікі. Па праву гэтыя словы адносяцца да Аляксандра Сокала, Міхаіла Праневіча, Юрыя Прышчэпы, іх маладых калег Сяргея Вейкніса і Арцёма Чаркаса.
– Прыемна быць сярод лепшых на адвозцы зерня ў «дарослай» катэгорыі. Мая задача – акуратна, але хутка перавезці намалочаны ўраджай на зерняток. За рабочы дзень раблю да 10 рэйсаў. Цяжка? Прывык. Тым больш, што работа мне падабаецца, – гаворыць Міхаіл Праневіч, які неаднаразова прызнаваўся лепшым маладым вадзіцелем у раённым спаборніцтве на жніве.

Ігар і Аляксандр Васілевічы – сярод лепшых сямейных экіпажаў.


Зернеачышчальна-сушыльныя ўстаноўкі працуюць няспынна, задзейнічаны шэсць агрэгатаў у Падлессі, Жарабковічах, Тальмінавічах. Іх абслугоўваюць машы-ністы, аператары, рабочыя. Лічы, «штатныя» на раённай жніўнай Дошцы гонару зладжаныя каманды ЗСК. Аператары зернеачышчальна-сушыльных комплексаў Андрэй Свінабурка, Мікалай Занько, Аляксандр Пілецкі, Віктар Лойка з года ў год паказваюць майстар-клас. А Андрэй Свінабурка і ўвогуле ўваходзіць у сімвалічны элітарны клуб аператараў – у яго адрас з года ў год гучаць заслужаныя апладысменты, калі суперпрафесіянал атрымлівае дыплом пераможцы сярод аператараў ЗСК на абласных «Дажынках».
– Кожны, хто вынікова працуе на жніве, не толькі атрымлівае добрую зарплату, але і прадугледжанае калектыўным дагаворам разнастайнае матэрыяльнае стымуляванне. Грашовыя прэміі атрымалі першыя тысячнікі – камбайнеры і вадзіцелі. Ушаноўваем перадавікоў сумесна з прафсаюзам, – расказвае намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператары ЗСК Віктар Лойка, Вадзім Кудзін і Мікалай Занько.
Адзін з лепшых вадзіцеляў раёна Юрый Прышчэпа.
Вадзіцель Сяргей Вейкніс.
Вадзіцель Міхаіл Праневіч