Заполле, яно ж Кітай. Падчас чарговай паездкі карэспандэнт «ЛВ» знайшоў у раёне цёзку цэлай краіны

У Востраўскім сельсавеце ёсць невялікая вёсачка Заполле. Цяпер у ёй жыве каля ста чалавек. Але, па расказах мясцовых жыхароў, калісьці жыццё кіпела, праца ішла спарней, а звонкія песні тутэйшых у святы чуліся ў суседніх вёсках.

СЦЯПАНАЎНА

Хто больш за ўсіх ведае пра вёску? Вядома ж, яе стараста. Нас у Заполлі сустракае Кацярына Гунько. Кацярына Сцяпанаўна заўсёды ў курсе сельскіх праблем. Спагадлівая, уважлівая і адказная, яна карыстаецца любоўю і даверам вяскоўцаў. Памятае многія факты з гісторыі вёскі.

– Раней Заполле ўваходзіла ў склад Быценьскага раёна. Нашу вёску часта называлі «Кітай», таму што ў мясцовых прынята было заводзіць па пяць-шэсць дзяцей. Каб дом быў поўны памочнікаў, – успамінае стараста.

Тут заўсёды кіпела жыццё: была вялікая гаспадарка, лазня, школа, куды хадзілі дзеці з бліжэйшых вёсак. Займаліся ў ёй у дзве змены – столькі было хлопчыкаў і дзяўчынак. Дырэктарстваваў Іван Герасімавіч Асецкі.

Працавалі заўсёды дружна, не ленаваліся. Як успамінае Кацярына Сцяпанаўна, бывала, на копку бульбы выходзіла па сто жанчын, яшчэ працавалі на сартавальных пунктах, сеялі і жалі, вырошчвалі і даілі кароў.

Умелі вяскоўцы і адпачыць. Да Купалля пачыналі рыхтавацца за два дні. Гулянне праходзіла каля лесу. Палілі вогнішчы, спявалі,весяліліся.

– Жыў у нас у вёсцы Рыгор Азарчык, працаваў у калгасе вадзіцелем. Сам навучыўся іграць на гармоніку, ды так іграў… Сапраўдны самародак! Без яго не абыходзілася ні адно свята. І чалавекам быў добрым, як цяпер кажуць – завадзіла. І пажартаваць любіў, і пасмяяцца, –успамінае жанчына.

Кацярына Сцяпанаўна ўсіх сваіх ведае, заўсёды гатовая дапамагчы і падказаць. З ёй мы і адпраўляемся ў вёску.

ПЕРШЫ ЗВАНОК КАЦЯРЫНЫ РУСАКЕВІЧ

Кацярына Антонаўна Русакевіч з праўнукамі.

У 1951 годзе ў Заполле прыехала маладая сціплая настаўніца рускай і беларускай мовы Кацярына Русакевіч. За плячыма дзяўчыны – філалагічнае аддзяленне БДУ і год працы ў дзіцячым доме «Грудопаль».

Зараз Кацярыне Антонаўне 87 гадоў, яна даўно на пенсіі, але да гэтага часу ўзгадвае, з якім хваляваннем знаёмілася з вучнямі, як старанна рыхтавалася да кожнага ўрока, як радавалася поспехам і перажывала за няўдачы сваіх падапечных.

– Школа ў нас была добрая, драўляная. У асобным будынку размяшчалася сталовая. Класы былі вялікія, часам у іх сядзелі па 30 вучняў. Дзяцей жа ў вёсцы тады было многа, – успамінае Кацярына Антонаўна.

Замуж выйшла за мясцовага хлопца. У сям’і нарадзіліся трое дзяцей. У кожнага сёння свая сям’я. Шчыруюць у розных кутках Беларусі. Па суседстве з бабуляй пасяліўся ўнук.

Ён з дзяцінства шмат часу праводзіў у вёсцы і вырашыў, што застанецца жыць тут. Ды і бабулі будзе добрая дапамога. Астатнія дзеці і ўнукі таксама часта прыязджаюць у госці да Кацярыны Антонаўны.

А яшчэ яна часам сустракае сваіх вучняў, якія ўжо даўно сталі дарослымі людзьмі. Сярод іх настаўнікі, інжынеры, урачы…

ДОМ З СОНЕЙКАМ

Марыя Сяргееўна Карпейчык.

Яркі дом Марыі Карпейчык ні з адным іншым у вёсцы не зблытаеш. Фасад распісаны ў розныя колеры з усмешлівым сонейкам, пад вокнамі – герань і петуніі.

Нарадзілася тут. У гэтай жа вёсцы сустрэла вайну, успаміны пра яе ад часу пачынаюць сцірацца. Але і тое, што засталося ў памяці, без слёз успамінаць не можа.

-Самалёты наляцяць, а ў нас разоры бульбяныя глыбокія – па калена – мы ў іх і хаваліся. Страшна, нават дыхаць перастаеш, бо як заўважаць – пачыналі страляць.

А яшчэ мой дзядзька перад домам зрабіў зямлянку. Там таксама хаваліся, – расказвае пенсіянерка. Яшчэ адзін успамін, як бацька ў час вайны захварэў на тыф, і яго забрала да сябе цётка ў Востраў.

Пасляваенныя гады выдаліся складанымі: шмат працавалі, завялі вялікую гаспадарку. У сям’і з’явіліся яшчэ дзеці, таму юнай Марыйцы трэба было і па гаспадарцы дапамагаць, і за маленькімі глядзець.

Працаваць пачала рана, спачатку тут, на комплексе, а ў 18 гадоў паехала ў Мінск на будоўлю. Праз некаторы час зноў вярнулася ў родныя мясціны, і зноў пайшла працаваць даяркай у калгас.

Паралельна навучылася шыць і па заказах кроіла абноўкі для мясцовых прыгажунь.

– Вось таксама сама пашыла, – кажа Марыя Сяргееўна і паказвае на сваю спадніцу ў дробную кветачку

У выхадныя знаходзіўся час і для забаў.

– Збіраліся ў каго-небудзь дома, танцавалі, жартавалі. Але прымаць гасцей у сябе ніхто не спяшаўся – пасля танцаў трэба ж было ў хаце ўсю падлогу вымыць! – з усмешкай успамінае пенсіянерка.

Зараз жанчына жыве адна, да яе часта прыязджае дачка. Яркі дом заўсёды падымае настрой, а сонейка ёй свеціць нават у самы пахмурны дзень.

ШЧАСЦЕ ЎЛАСНЫМІ РУКАМІ

Алег Грачыхо.

Міма дома сям’і Грачыхо проста так не пройдзеш. Абавязкова спынішся, каб разгледзець упрыгожванне двара – дэкаратыўныя калодзеж, млын і арэлі.

Усё гэта зроблена рукамі галавы сям’і Алега. Яго добра ведаюць у вёсцы, за дапамогай часта звяртаюцца, калі трэба нешта адрамантаваць ці пабудаваць.

У Заполле Алег пераехаў 15 гадоў назад за сваёй жонкай, якая адсюль родам. Пазнаёміліся ў Баранавічах, дзе ў той час жылі і працавалі, але, як прызнаецца мужчына, гарадское жыццё не для яго: мітусня стамляла, таму хацеў асталявацца менавіта ў вёсцы, там, дзе ціха, спакойна, чыстае паветра і можна на сваёй зямлі працаваць і майстраваць.

Купілі ў Заполлі дом, завялі гаспадарку. У сям’і падрастаюць трое дзетак.

Жыццё сям’і Грачыхо нічым не адрозніваецца ад жыцця аднавяскоўцаў: летам працуюць у агародзе, даглядаюць за свіннямі і іншай жыўнасцю, працуюць у мясцовай гаспадарцы.

Для гаспадыні лета таксама гарачы сезон, яна завіхаецца на кухні, на зіму закатвае кансервацыю. Дарэчы, дома яе не застаём – яна пайшла ў лес збіраць ягады.

– Шчасце можна стварыць уласнымі рукамі – галоўнае, укладваць ва ўсё, што робіш, душу, – лічыць Алег Грачыхо.

ГАЛОЎНАЕ БАГАЦЦЕ МІХАІЛА КУДЗІНА

На ўскраіне Заполля стаіць невялічкі дагледжаны домік: вакол кветкі, дровы, акуратна складзеныя, у загародцы важна разгульваюць куры, а на варце – чорны сабака Цімка. Нас сустракае гаспадар дома – 80-гадовы пенсіянер Міхаіл Кудзін.

У вёсцы ён пражыў усё жыццё. Успамінае: у бацькоў сям’я была вялікая, дружная. Разам працавалі, трымалі гаспадарку: кароў, свіней, гусей , індыкоў. Нарыхтоўвалі сена, апрацоўвалі зямлю, збіралі ўраджай – будні праходзілі, як ва ўсіх сельскіх жыхароў.

Пра вайну ўспамінае невыразна: у памяці засталася толькі карціна, як бацька садзіць сям’ю ў воз і адпраўляе ў лес, каб перачакаць адступленне немцаў.

У школу хадзіў да 5 класа, а потым захварэў, так вучобу і не скончыў. Але ўсе свае веды набыў на практыцы, усё жыццё працаваў у калгасе.

Тут сустрэў і сваю другую палову – жонка была родам з суседніх Траццякоўцаў, працавала ў гаспадарцы даяркай.

У 1964 годзе пачаў будаваць свой дом, побач з бацькоўскім. У сям’і з’явіліся шасцёра дзяцей. Усе вывучыліся, атрымалі прафесію. Самае галоўнае багацце, як прызнаецца пенсіянер, – яго 12 унукаў і 10 праўнукаў. Усе прыязджаюць да любімага дзеда, і тады дом напаўняецца дзіцячым смехам і гульнямі.

Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Міхаіл Піліпавіч сам даглядае за агародам, падтрымлівае парадак на ўчастку, корміць свойскую птушку. Менш чым два гады таму прадаў каня, і тое неахвотна. Адзіная прычына – здароўе не тое.

Летам увечары любіць выйсці пасядзець у альтанцы разам з Цімкам, падумаць, успомніць, трохі пасумаваць. Але сваё ціхае запольскае жыццё ні на што не прамяняе.

P.S. Куды б ні занесла нас «Кропка на карце», у кожнай вёсачцы Ляхавіцкага раёна нас сустракаюць гасцінна. Цябе не пакідае адчуванне, што ты дома. І адразу перад вачыма дзяцінства, калі ты гасцюеш у бабулі, пад вокнамі, спаборнічаючы са сваімі сабратамі, галосіць певень, а кароўкі прызыўна мукаюць, вяртаючыся з пашы, каб аддаць сваё малако. А ты, маленькі, бегаеш па цёплай лужыне, вада ў якой нагрэлася пасля дажджу, ходзіш за грыбамі-ягадамі ў гасцінны лес, качаешся на духмяным сенавале, дзе сена казыча і коле пад майкай.

А яшчэ не перастану захапляцца малочна-ружовай пенкай світання і пурпуровымі заходамі, краявідамі і людзьмі, якія знаходзяць сябе ў працы. Такія простыя і прыязныя.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.