Каб дарога вілася стужкай. Днямі ў рэдакцыю звярнуўся чытач «ЛВ»

Дарожная і камунальныя тэмы ніколі, пэўна, не страцяць сваёй актуальнасці. Адпаведныя пытанні сярод заўсёдных складнікаў камфорту і зручнасці жыцця. «ЛВ» неаднаразова падымаў праблемы стану дарог, агучваў звароты, з якімі прыходзяць на прыём да кампетэнтных асоб жыхары раёна. Аб’ектыўна і дакладна – такі прынцып работы газетчыкаў. Асабліва прыемна пісаць пра новыя ці абноўленыя аб’екты. Так, раёнка паведамляла пра рамонт участка дарогі Грушаўка – Пашкоўцы – Перахрэсце, які фінансаваўся з абласнога бюджэту. Было і стала – самая лепшая адзнака яе якасці – уецца гладкай стужкай. Паездка да Грушаўкі перастала быць
выпрабаваннем.

Пасля гэтага работы перамясціліся на асфальтаванне ўчастка дарогі Ляхавічы – Нача ў бок Перахрэсця – яго працягласць 4,5 кіламетра. Запланаванае ДРБУ-200 выканала, засталіся апошнія штрыхі: нанесці разметку. Чарга за пераводам гравійнага пакрыцця ў асфальтабетоннае адрэзка дарогі з канца Грушаўкі да Пашкоўцаў. 900 абазначаных метраў зменяць знешні выгляд у жніўні- верасні. Усяго на рамонт аўтадарогі Ляхавічы – Нача (да Перахрэсця) са студзеня па ліпень з абласнога бюджэту выдаткавана больш за мільён рублёў.

Дзеля чаго падрабязны расказ пра рамонтную гісторыю начаўскага напрамку?

Днямі ў рэдакцыю звярнуўся чытач «ЛВ» з абурэннем, што газета пісала пра капітальны рамонт участка дарогі Грушаўка – Пашкоўцы – Перахрэсце, а, на яго погляд, не ўсё з надрукаванага ў раёнцы там зроблена. Маўляў, не заасфальтавана дарога ў вёсцы Пашкоўцы.

Як высветлілася, дарога ў Пашкоўцах з асфальтам, а без яго участак перад вёскай. І ён якраз у графіку дарожных работ. Калі ж у красавіку раёнка пісала пра капітальны рамонт аўтадарогі Ляхавічы – Нача, на ўвазе мела не ўвесь названы шлях, а, як і пісалі, толькі яго ўчастак. Чытайце ўважліва.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.