Паступілі правільна. У радах агракаляджан – 156 новых прозвішчаў
Гэты год для студэнтаў і навучэнцаў выдаўся няпростым. Свае карэктывы ў навучальны працэс унёс каранавірус, які «расцягнуў» канікулы, перавёў некаторых на дыстанцыйнае навучанне. Аднак, уступная кампанія пачалася ў тэрмін.
Канец ліпеня – пачатак жніўня быў насычаным для абітурыентаў. Ці хопіць балаў? Ці пройдзеш на выбраную спецыяльнасць? Па плане ў 2020-м навучальным годзе за парты Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа павінны былі сесці 156 будучых аграрыяў.
Набор цалкам закрыты – такую прыемную навіну паведамілі карэспандэнту «ЛВ» у каледжы.
Сёлета на базе базавай адукацыі ў каледж паступіў 81 чалавек, на базе сярэдняй – 75.
Геаграфія паступлення шырокая, да нас за ведамі прыязджаюць вучыцца юнакі і дзяўчаты з розных канцоў Беларусі. У гэтым годзе у спісах – і 27 рабят з Ляхавіччыны.
Сярод іх Ангеліна Масцілоўская з Навасёлак. З тым, што хоча вучыцца менавіта тут, вызначылася на занятках па працоўным навучанні, якія праходзілі на базе каледжа. На іх дзяўчына даведалася пра тонкасці догляду за дрэвамі, як правільна рабіць прышчэпкі. Кажа, што старалася быць уседлівай, запісваць усё за выкладчыкам.
Па словах дзяўчыны, ёй спадабалася ўсё: стаўленне выкладчыкаў, падача матэрыялаў, ва ўсіх жадаючых магчымасць атрымаць інтэрнат. Спецыяльнасць выбрала «плодаагародніцтва». Далёка будаваць планы дзяўчына не хоча, але ўпэўнена, што па абранай спецыяльнасці будзе вучыцца і далей – паступіць у БарДУ.
Зараз навучэнцам застаецца толькі займацца прыемнымі клопатамі: засяліцца ў інтэрнат, пазнаёміцца са сваімі новымі суседзямі і аднагрупнікамі.
Дарэчы, для камфортнага пражывання і вучобы сваіх падапечных у каледжы робіцца ўсё магчымае. Так, напрыклад, у інтэрнаце праведзены рамонт: заменена 71 акно, у нежылых памяшканнях памянялі падлогу і насценнае пакрыццё, трубаправоды водазабеспячэння. Закупілі пасцельныя прыналежнасці, коўдры, падушкі, наматраснікі, ручнікі. У адным з карпусоў замянілі асвятляльнае абсталяванне, таксама паставілі новыя дзверы на ўваходныя і аварыйныя выхады, закупілі абсталяванне для навучальных кабінетаў: крэслы, сталы і спартыўны інвентар.
А 1 верасня каляджан з новымі сіламі і жаданнем вучыцца чакаюць на ўрачыстую лінейку.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.