Роднае слова запаліць любоў. У гэтым перакананы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Людміла Лузяніна

– Дзень добры, рабяты! – вось ужо амаль два дзесяцігоддзі Людміла Лузяніна вітаецца са сваімі навучэнцамі выключна па-беларуску. Яна настаўнік беларускай мовы і літаратуры ў Конькаўскім вучэбна-педагагічным комплексе «дзіцячы сад – сярэдняя школа». Установа, дарэчы, беларускамоўная.

Любоў да дзяцей і сваёй справы, актыўная жыццёвая пазіцыя педагога і нераўнадушнасць да ўсяго, што адбываецца навокал, – гарманічнае дапаўненне да высокага прафесійнага майстэрства Людмілы Лузянінай. А апошняе вельмі яскрава пацвярджае, напрыклад, такі факт: у мінулым навучальным годзе навучэнка Людмілы Мікалаеўны Лізавета Іваноўская стала адным з пераможцаў абласнога этапу прадметнай алімпіяды па роднай мове. Новы навучальны год дзяўчына разам з сястрой Анастасіяй сустрэла ў статусе студэнткі. Абедзьве вырашылі, што будуць выкладчыкамі беларускай мовы і літаратуры. І ў гэтым, бясспрэчна, вызначальную ролю адыграў прыклад іх настаўніцы.

Між іншым, у свой час менавіта гэта акалічнасць вызначыла і яе прафесійны шлях.

– Любоў да роднай мовы і літаратуры запаліла ў маёй, і не толькі маёй, душы Людміла Іванаўна Хмялеўская, якая выкладала гэты прадмет у СШ № 2. Дзякуючы менавіта ёй я цвёрда ведала, што хачу стаць педагогам, – дзеліцца Людміла Лузяніна.

Яна з натхненнем далучае сваіх навучэнцаў да каштоўнага нацыянальнага скарба – мовы і літаратуры, вучыць іх любіць, цаніць і берагчы. А яшчэ яна пераканана, што настаўнік не можа абмяжоўвацца толькі навучаннем:

– Кожным урокам, кожным словам трэба выхоўваць. Дапамагчы дзецям стаць сапраўднымі людзьмі – гэта, без перабольшання, галоўнае ў настаўніцкай працы.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.