Транспарт у полі…зроку АДАІ
Для таго, каб на дарогах горада і раёна было бяспечна, правілы дарожнага руху павінны выконваць усе яго ўдзельнікі. Нязначных пунктаў у пытанні бяспекі не бывае.
У мінулую сераду карэспандэнт «ЛВ» разам са старшым дзяржаўтаінспектарам АДАІ Аляксандрам Анікевічам выехаў на дарогі горада, каб нагадаць вадзіцелям і пешаходам правілы дарожнага руху. Яшчэ адзін момант, які быў пад пільнай увагай супрацоўнікаў АДАІ, – уключанае блізкае святло фар. Бо з 25 жніўня па 5 верасня на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна праходзіла спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!».
Большасць аўтамабіляў руха-лася па горадзе з уключанымі фарамі. Але былі і тыя вадзіцелі, хто святло не ўключаў. Самае распаўсюджанае апраўданне –забыўся. Такія «няпамятлівыя» аўтааматары атрымлівалі папярэджанне і памятку.
–Звесці да мінімуму колькасць аварый з удзелам дзяцей і падлеткаў можна толькі ў адным выпадку – калі і вадзіцелі, і дзеці будуць адказна ставіцца да выканання правілаў дарожнага руху і ўзаемна паважаць інтарэсы адзін аднаго, – тлумачыць Аляксандр Анікевіч.
Становішча з дзіцячым дарожна-транспартным траўматызмам на дарогах Брэстчыны працягвае заставацца складаным. За мінулы перыяд 2020 года зарэгістравана 33 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, у выніку якіх 37 дзяцей атрымалі траўмы.
Бацькі павінны растлумачыць свайму дзіцяці, у чым сутнасць ПДР, і чаму так важна іх выконваць. Гэта не складана, але жыццёва неабходна: агледзецца па баках, перш чым выйсці на дарогу; павольна і пераканаўшыся ў бяспецы, выйсці з-за прыпаркаванага аўтамабіля; не гуляць паблізу дарогі, а на спецыяльных абсталяваных дзіцячых пляцоўках; катацца на веласіпедзе па веладарожцы, а не па праезнай частцы.
Пра двухколыя транспартныя сродкі і наогул асобная размова. Гэта не проста дзіцячая забава, а даволі адказная пакупка. Дзецям абавязкова трэба рас-тлумачыць асноўныя правілы яго выкарыстання. Так, напрыклад, дзецям да 14 гадоў забаронена катацца на веласіпедзе па дарозе без суправаджэння дарослых, акрамя пешаходных і жылых зон, тратуараў, веласіпедных і пешаходных дарожак. Асаблівую ўвагу трэба надаць абсталяванню веласіпеда святлоадбівальнікамі і ліхтарамі для руху ў цёмны час сутак, а таксама экіпіроўцы юнага веласіпедыста: шлему, накаленнікам і налакотнікам. А ў поцемках велааматар павінен быць апрануты ў камізэльку па-вышанай бачнасці або мець святлоадбівальныя элементы.
На вадзіцелях ляжыць двайная адказнасць, бо пад іх кіраваннем знаходзіцца велізарны шматтонны механізм. Таму пры руху па двары, сельскіх дарогах або паблізу школ варта знізіць скорасць да мінімуму і павысіць пільнасць – прадугле-дзець магчымасць, што дзіця можа рэзка выбегчы на дарогу.
У адказе вадзіцелі і за сваіх пасажыраў, асабліва юных. Бацькам не варта забываць, што, не залежна ад далёкасці свайго падарожжа, дзіця павінна сядзець у дзіцячым утрымліваючым крэсле.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.