Крок наперад у сяброўскіх адносінах
Беларусь і Расія значна рушылі наперад у вырашэнні набалелых пытанняў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 верасня на сустрэчы са Старшынёй Урада Расіі Міхаілам Мішусціным.
«Я вельмі ўдзячны вам за апошнія тыдні і, можа, нават месяц – паўтара, калі ў нас ідуць інтэнсіўныя перагаворы паміж урадамі. Мы дамовіліся з Уладзімірам Уладзіміравічам (Прэзідэн-там Расіі Уладзімірам Пуціным. – Заўвага) яшчэ да выбараў аб гэтым. І, як мне ўчора Раман Аляксандравіч (Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. – Заўвага) дакладваў, што вы значна рушылі наперад у вырашэнні тых пытанняў, набалелых для нас», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Я ўсё часцей кажу, у нас гэта проста відаць, адчуваецца ўсё ў сувязі з асобнымі тут выпадамі так званай нашай апазіцыі (не ведаю, як яе назваць, я яшчэ не зусім разумею, як назваць усё гэта). Але, тым не менш, гэта для нас урок», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты ўрок павінен падштурхнуць дзве братэрскія краіны – Беларусь і Расію – зрабіць адпаведныя вывады. «І па многіх пытаннях, па якіх мы быццам бы не змаглі раней дамовіцца, каб мы дамовіліся. І вы з Прэм’ерам Беларусі правялі вялікую работу, каб зблізіць нашы пазіцыі і па многіх пытаннях, наогул дамовіцца», – канстатаваў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, у яго з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным ёсць дамоўленасць, што пасля праведзенай напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў і прыезду ў Мінск Міхаіла Мішусціна ў Маскве пройдзе сустрэча ўжо на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. «І канчаткова расставім усе кропкі над «i» па тых пытаннях, якія вельмі значныя і балючыя для дзвюх дзяржаў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама выказаў удзячнасць Міхаілу Мішусціну за тое, што Расія падключылася ў цяжкую хвіліну і дапамагла хаця б у эканоміцы сур’ёзна стабілізавацца. «Вельмі сур’ёзна. Асабліва ў розумах людзей адбыўся пераварот, што Расія як братэрская краіна, асноўны наш эканамічны партнёр і рынак збыту (амаль палавіну ўсяго мы прадаём у Расіі), ад нас не адвярнулася ў гэты цяжкі час», – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў недружалюбныя крокі з боку блока НАТА. «Вы бачыце, што адбываецца ў нас. Мы бачым, што адбываецца вакол Расіі, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Мы вымушаны былі адказваць, бачачы недружалюбныя крокі з боку блока НАТА каля нашых граніц. А для гэтага ўсе доказы ёсць, як бы яны ні апраўдваліся».
Расія поўнасцю падтрымлівае суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, заявіў Старшыня Урада Расіі Міхаіл Мішусцін: «У гасцінным Мінску мы асабліва хацелі б падкрэсліць, што Расія поўнасцю падтрымлівае суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі».
Старшыня Урада Расіі прыехаў у Мінск з вялікай дэлегацыяй. Разам з ім на перагаворы ў Палац Незалежнасці прыбылі ключавыя фігуры расійскага Урада.
Пасля завяршэння сустрэчы на вышэйшым узроўні прайшлі перагаворы ўрадавых дэлегацый Беларусі і Расіі з удзелам прэм’ер-міністраў.
Па матэрыялах БЕЛТА.