Урок бяспекі… на «зебры»

Зусім нядаўна ў школах празвінелі першыя званкі. Навучэнцы селі за парты, зноў рашаюць матэматычныя задачы, паўтараюць і ўспамінаюць правілы па рускай і беларускай мовах. Але ёсць правілы, якія могуць выратаваць жыццё, памятаць іх трэба заўсёды.

У мінулую пятніцу інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Калгушкіна ра- зам са старшым дзяржаўтаінспектарам АДАІ РАУС Аляксандрам Анікевічам, валанцёрамі БРСМ правяла сумеснае прафілактычнае мерапрыемства ў рамках другога этапу рэспубліканскай акцыі «У цэнтры ўвагі – дзеці!» і спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Увага – дзеці!».

Для прафілактычнай гутаркі былі запрошаны навучэнцы СШ № 2.
Таццяна Калгушкіна расказала хлопчыкам і дзяўчынкам пра асноўныя прычыны ўзнікнення пажараў, правілы паводзінаў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, агучыла алгарытм выкліку выратавальнікаў па тэлефонных нумарах 101, 112. А каб замацаваць веды, уручыла рабятам памяткі і закладкі для кніг з інфармацыяй па прафілактыцы пажараў.

Аляксандр Анікевіч нагадаў дзецям правілы дарожнага руху, у прыватнасці, правілы пераходу дарогі па «зебры». Іх рабяты разам з валанцёрамі БРСМ паўтарылі на практыцы.

А яшчэ супрацоўнік АДАІ больш падрабязна спыніўся на праблеме падлеткаў за рулём. З пачатку 2020 года на тэрыторыі Брэстчыны непаўналетнія парушылі ПДР больш за 300 разоў. За кіраванне транспартнымі сродкамі без правоў былі спынены 170 падлеткаў, двое з іх – у Ляхавіцкім раёне. На тэрыторыі раёна адбылося адно ДТЗ з удзелам непаўналетняга, у якім 15-гадовая дзяўчынка загінула, яшчэ адзін чалавек быў траўмаваны.

Прафілактычную работу супрацоўнікі АДАІ і РАНС правялі і з вадзіцелямі.

Іх заклікалі быць ўважлівымі, выконваць скорасны рэжым, правілы руху, а таксама сачыць за тым, як іх дзеці праводзяць вольны час. Яшчэ адна важная задача для дарослых – нагадваць маленькім гарэзам правілы язды на веласіпедзе.

Таццяна Калгушкіна папрасіла бацькоў навучыць дзяцей, як правільна дзейнічаць пры выяўленні ўзгарання ў кватэры, што рабіць у выпадку ўзнікнення пажару ці іншай надзвычайнай сітуацыі.
Кожны ўдзельнік дарожнага руху атрымаў памятку па бяспецы ад ДАІ і МНС.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара