Пад грыфам «тэрмінова». Самай класічнай прыкметай беларускай восені з’яўляецца ўборка бульбы

Сельскагаспадарчых падрадаў гэтым часам асабліва шмат, і кожны з іх праходзіць пад грыфам «тэрмінова». Час і араць, і сеяць, і ўбіраць вырашчаны ўраджай. Бадай, самай класічнай прыкметай беларускай восені з’яўляецца ўборка бульбы.

Яшчэ некалькі гадоў назад мала хто з нас паставіў бы пад сумненне азначэнне «другі хлеб» у адрас бульбы. Сёння ўжо ўсё не так адназначна. Прыватны бульбяны клін звужаецца ад сезона да сезона, з меншай, чым раней, павагай ставяцца да клубняплода і сельскагаспадарчыя прамыслоўцы. Так, у бягучым сезоне гаспадаркі нашага раёна пасадзілі і вырасцілі ўсяго 111 гектараў бульбы. Пры тым, што літаральна некалькі гадоў назад адзін толькі СВК «Ляхавіцкі» меў ці не ўдвая больш шырокі бульбяны клін. «На бульбу» ў гаспадарку дзясяткамі ехалі і ляхавічане, і жыхары суседніх з Русінавічамі сельскіх населеных пунктаў.

«Ляхавіцкі» і зараз, нягледзячы на сур’ёзнае, цягам апошняга часу прасяданне бульбянога рынку, ад вырошчвання клубняплода не адмовіўся. Аднак пасадачныя плошчы пайшлі істотна ў мінус – да сёлетніх 60 гектараў. Па стане на ўчарашні дзень, да ўборкі бульбы сельгаскааператыў яшчэ не прыступаў. Чакаем, каб прыехаць, паглядзець што, як і па чым, наколькі ўраджайнай атрымалася русінавіцкая баразна-2020.

Другім і, па-сутнасці, апошнім у нашым раёне бульбавытворцам у гэтым годзе з’яўляецца ААТ «Жарабковічы». Пад уборку выспела амаль паўсотні гектараў. Яна, дарэчы сказаць, пару дзён як пачалася, актыўна працягваецца. Улічваючы сезонныя, у тым ліку «сухія», асаблівасці збор прыкладна 270 цэнтнераў клубняў з гектара благім не здаецца.

Падрыхтоўка плошчаў і сяўба азімых зерневых, уборка кукурузы і шэраг іншых з грыфам «тэрмінова» праграм фарміруюць вераснёўскі парадак дня аграрыяў.

Іван КАВАЛЕНКА.