Саюзніцкі характар супрацоўніцтва. Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прайшла 14 верасня ў Сочы
Перагаворы праходзілі ў фармаце сам-насам і доўжыліся больш як чатыры гадзіны. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносін, сітуацыю ў рэгіёне, сумеснае рэагаванне на выклікі, якія ўзнікаюць.
У сваіх заявах у пачатку перагавораў лідары краін пацвердзілі стратэгічны саюзніцкі характар адносін Беларусі і Расіі, нацэленасць на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, прыхільнасць ранейшым дамоўленасцям, уключаючы ўзаемадзеянне ў абароннай сферы. Размова таксама ішла аб поствыбарнай сітуацыі ў Беларусі і абстаноўцы на гэтым фоне як унутры краіны, так і за яе межамі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму боку і асабіста Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за падтрымку ў паслявыбарны перыяд. Кіраўнік беларускай дзяржавы паабяцаў падрабязна расказаць Уладзіміру Пуціну аб тым, што адбывалася. «Яно, вядома, не так бачыцца на самай справе, як гэта дэманструюць у СМІ. Вы чалавек вопытны, не горш за мяне ведаеце, як можна паказаць, расказаць і гэтак далей, – заўважыў беларускі лідар. – І потым, у наш час інфармацыйных процістаянняў і войнаў вы ведаеце, як гэта падаецца. Таму я вас падрабязна інфармую аб тым, што адбываецца на самай справе, нават не ў Беларусі, а ў Мінску».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сябар пазнаецца ў бядзе. «Я гэта шчыра гавару. Гэта нам урок – не толькі Беларусі і Расіі, але і нашым пост-савецкім рэспублікам. Аб гэтым мы будзем яшчэ гаварыць на сустрэчы ЕАЭС, АДКБ, ды і ў рамках СНД ёсць аб чым пагаварыць. Думаю, вам цікава будзе мая заява ў гэтых структурах, – сказаў Прэзідэнт. – Як мы з вамі па тэлефоне размаўлялі яшчэ ў пачатку гэтых падзей у Беларусі, што ўрокі трэба атрымліваць з усіх падзей. І для нас таксама вельмі сур’ёзны ўрок, які мы з вамі, спадзяюся, вытрымалі».
«Мы сапраўды па дагаворы АДКБ ішлі роўна і, улічваючы адносіны паміж брацкімі народамі, фактычна адным народам, мы так і зрабілі. Не ваявалі, не стралялі, не кідаліся нават палкамі. Але прадэманстравалі сваю рашучасць. Што калі там, за межамі беларускіх граніц, некаму хочацца пачасаць рукі, мы можам пачасаць у любы момант. І што мне вельмі прыемна, я вам вельмі за гэта ўдзячны, – вы прадэманстравалі, што беларускія граніцы – гэта граніцы Саюзнай дзяржавы. І нікому не дазволена бразгаць там зброяй», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама ад-значыў, што пры стварэнні і развіцці дагавора аб Саюзнай дзяржаве бакі ішлі планамерна, паступова. «Нашы дзяржавы і нашы народы заўсёды будуць дружалюбнымі», – упэўнены беларускі лідар.
Расія разглядае Беларусь як бліжэйшага саюзніка і выканае ўсе ўзятыя абавязацельствы, падкрэсліў Уладзімір Пуцін. На перагаворах у Сочы ён заявіў, што Расія плануе ў бліжэйшы час прадаставіць Беларусі крэдыт $1,5 мільярда.
Па матэрыялах БЕЛТА.