Цукар – соль іх работы. У Ляхавіцкім раёне ідзе «салодкая» ўборка

Механізатар Юрый Славута дэманструе «мандарын» — з гэтага гібрыда буракоў пачалася ў «Жарабковічах» «салодкая» ўборка

ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы» ў даным выпадку выступаюць ад імя раёна. Ці за ўвесь раён, калі мець на ўвазе, што, акрамя дзвюх названых, ні адна з іншых сельгасарганізацый Ляхавіччыны з салодкай прадукцыяй у гэтым годзе не працуе. Бурачныя пасевы зменшыліся і ў цэлым, і ў параўнанні з леташнім сезонам. Райаграсэрвіс выйшаў з ліку буракаводаў, «Шлях новы» вырасціў культуру на плошчы ў 300 гектараў, «Жарабковічы» – на 850, што таксама не ў плюс году папярэдняму.

Брыгадзір паляводчага ўчастка №1 Максім Мурочак і механізатар Юрый Славута

Да ўборкі вырашчанага аграрыі прыступілі ў канцы мінулага тыдня, і па стане на ўчарашні дзень, «Шлях новы» выцерабіў пятую частку сваіх салодкіх плошчаў – 60 гектараў, кожны з якіх даў у сярэднім тры сотні цэнтнераў прадукту. 
«Жарабковічы» стартавалі ў нядзелю. Як гэта ў іх заведзена, работа вядзецца ў рэжыме 24 на 7. На працягу сутак камбайн ведае хіба толькі тэхналагічныя перапынкі ў рабоце для дазапраўкі «дызелем», з мэтай перазменкі механізатараў. Іх у «Жарабковічах» тры: Віктар Клемяня, які толькі «ўчора» стаў адным з лепшых у гаспадарцы камбайнераў-зернеўборшчыкаў, Руслан Гуліцкі і на той момант галоў-ны дзеючы буракаўборшчык Юрый Славута. У камбайнераў свой дастаткова «пластычны» графік работы. З мэтай самадастаўкі ў любы час сутак на змену – са змены ў распараджэнні «салодкай» троіцы знаходзіцца аўтамабіль, які выкарыстоўваецца ў якасці хуткай тэхнічнай дапамогі на выпадак нейкага адказу ў рабоце ўборачнага камбайна. Жарабковіцкаму жалезнаму буракаўборшчыку дзясятак гадоў, і трымаць яго ў пастаяннай рабочай форме патрабуе і сіл, і сродкаў, і ўменняў, і натхнення. Думаецца, ад тых, хто на яго капітанскім мастку. 
У першыя пару сутак работы жарабковіцкія аграрыі накопваюць у межах пяцісот цэнтнераў кораня з гектара. Але далёка заглядваць з гэтай лічбай тут не раяць. Маўляў, надвор’ е ў гэтым годзе салодкім для бурака не было. Розныя палі і нават розныя ўчасткі аднаго і таго ж поля выглядаюць неаднолькава.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.