Дзясятка з клічнікам. Калі б у сістэме ацэнкі ведаў і ўменняў такі бал існаваў, то быў бы абавязаны з’явіцца ў дзённіках ляхавіцкіх школьнікаў

Заслужылі па выніках бліскуча выкананага кантрольнага тэсту. Апошні праходзіў у Брэсце і з’яўляўся спартакіядай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод школьнікаў 2006-2007 гадоў нараджэння. Але ў залік спаборніцтву можна занесці яшчэ і факт прысутнасці лёгкага дэмакратызму, які выражаўся ў дазволе выходзіць на старт юнакам і дзяўчатам больш далікатнага ўзросту. Гэта гісторыя пра масавасць, што з’яўляецца ці не першым правілам любой спартакіяды, а ў яе школьным варыянце – яшчэ і пра прыклад старэйшых з мэтай матываваць да актыўных заняткаў спортам больш малодшых навучэнцаў.


Але гэта толькі прэамбула, а за самой падзеяй перанясёмся на стадыён «Брэсцкі», дзе 22-23 верасня яна і адбылася. Трэнер-выкладчык СДЮШАР раёна Андрэй Іванюценка расказвае:
– Каманды з Брэста, Баранавіч, Пінска і Кобрына разыгралі свой – «гарадскі» – залік, а 15 школьных спартдружын з раёнаў вобласці – за выключэннем Кобрынскага – свой. Кожнаму атлету дазвалялася выступіць у дзвюх, а то і больш дысцыплінах спартакіяднай праграмы, куды ўваходзілі бег «доўгі» і «кароткі», «гладкі» і з бар’ерамі, скачкі гарызантальныя і вертыкальныя, штурханні і кіданні спартыўных снарадаў, спартыўная хадзьба, лёгкаатлетычнае пяцібор’е.
Дынамічнае відовішча сярод раёнаў у агульным заліку выйгралі лёгкаатлеты Ляхавіччыны.
– Гэта далося не проста. Лёгкай лёгкаатлетычнай прагулкай паездка зусім не была. На перамогу прэтэндавалі многія і мелі на тое свой аргумент. Паглядзіце на лічбавую карцінку ў размеркаванні прызавых месцаў, і адразу многае стане зразумелым: сумарна набраныя нашымі хлопцамі і дзяўчатамі 255 заліковых балаў паднялі іх на галоўны п’едэстал спартакіяды. Каманды з Бярозаўскага і Камянецкага раёнаў адсталі ўсяго на ачко і размясціліся, адпаведна, на другім і трэцім месцах. За кошт больш якаснага – прызавога – выступлення Бяроза аказалася вышэй, – падвёў вынік Андрэй Іванюценка.
Крысціна Рэпіна стала лепшай на спартакіядзе пяціборкай (скачкі ў даўжыню і вышыню, бег на 800 і 60 метраў з бар’ерамі, штурханне ядра). Паколькі ў гэтай дысцыпліне пры налічэнні балаў прымяняецца каэфіцыент «2», сваёй перамогай яна папоўніла заліковую камандную скарбонку адразу на 50 пунктаў. Яшчэ зусім нядаўна Крысціна вучылася ў СШ № 1, зараз – навучэнка абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву. Таксама 50 пунктаў даў камандзе навучэнец СШ № 1 Максім Болтуць – за перамогу на дыстанцыях 800 і 1000 метраў. З гэтай жа школы і Аляксандр Пестаў, які выйграў спартакіядны бег на 300 метраў – яго ўклад у камандную перамогу склаў 25 заліковых балаў. Астатнія 130 – заслуга Алесі Заяц і Цімура Плеўскага з СШ №1, Валянціны Ляўковіч з СШ № 2 і гімназіста Уладзіслава Арлоўскага.
Крысціне, Максіму і Аляксандру 5-7 кастрычніка належыць вярнуцца на «Брэсцкі», каб у складзе каманды вобласці выступіць на рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў.
А зараз, як да гэтага, нашы спартакіядныя байцы вучацца і працягваюць заняткі ў СДЮШАР пад настаўніцтвам Андрэя Іванюценкі і трэнера-выкладчыка Алены Ульянавай.

Іван КАВАЛЕНКА.