Святочная тэрыторыя. У мінулую суботу Ляхавічы запрасілі на свой чарговы – вось ужо 528-ы – дзень нараджэння
У мінулую суботу Ляхавічы запрасілі на свой чарговы – вось ужо 528-ы – дзень нараджэння. На запрашэнне адгукнуліся многія, для каго наш райцэнтр – малая радзіма ці па волі лёсу стаў блізкім сэрцу месцам. Для гасцей свята літаральна па ўсім горадзе працавалі святочныя пляцоўкі на розны ўзрост і густ. Антураж – адпаведны падзеі, атмасфера – цудоўная, агульны настрой – прыўзняты.
А райцэнтр – віноўнік урачыстасцяў, нягледзячы на салідны «стаж», сучасны, малады і прыгожы. Яшчэ больш зручным для жыцця ён стаў у гэтыя дні, дзякуючы шэрагу дарагіх (у прамым і пераносным сэнсе) падарункаў. Сярод іх – класная футбольная пляцоўка, новая модная і «смачная» кропка грамадскага харчавання.
Але пра ўсё па парадку… З днём нараджэння, Ляхавічы!
Дзень пачынаецца з раніцы, а раніца – са спорту. На хвалі гэтага здаровага правіла пачынаўся і Дзень горада. У тым сэнсе, што старт святочным урачыстасцям далі іменна фізкультурнікі-спартсмены. У адзін і той жа час, але ў розных лакацыях Ляхавіч.
Бачу міні-футбольнае поле. Так цяпер могуць сказаць многія жыхары вуліцы Інтэрнацыянальнай. Працэс будаўніцтва завершаны, і горад папоўніўся яшчэ адным аб’ектам спартыўнай інфраструктуры.
«Паляна» радуе эстэтыкай, гарманічна дапаўняе квартал жылой забудовы, сучасна і функцыянальна. Каб праект атрымаў рэалізацыю, давялося згуляць супольна: фінансавай «падложкай» сталі сродкі ААТ «Тураўскі малочны камбінат», асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола», Ляхавіцкай ЖКГ, пры падтрымцы ПМК-13, райаграсэрвіса, ДРБУ-200, ІП Страмавус. Дзень горада стаў для футбольнай пляцоўкі першым працоўным днём. «Чырвоная стужачка» была ў колер – зялёнай, перарэзалі якую брэнд-менеджар Тураўскага малкамбіната Кацярына Падгайская, начальнік дэпартамента АБФФ Іван Гаравец і намеснік старшыні райвы-
канкама Андрэй Ляшчэня. А сімвалічнымі ўдарамі па варотах яны ж першымі і пратэсціравалі новы «газон».
Адмыслова да першага дня нараджэння пляцоўкі быў прымеркаваны турнір па міні-футболе. Юныя аматары гульні – выхаванцы СДЮШАР раёна, школьнікі, «хлопцы з нашага двара» – падзяліліся на каманды і паказалі сябе ў справе футбола. Падарункі ад спонсараў, апладысменты гледачоў, задавальненне ад гульні, цудоўны настрой атрымалі.
Па словах Івана Гараўца, пляцоўка прызначана служыць масаваму футболу. Інакш кажучы, усім, хто неабыякавы да спорту.
А на стадыёне «Колас», тым часам, сваё свята. Канешне ж, спартыўнае, дакладней, мультыспартыўнае. Для аматараў фізкультуры розных узростаў і розных спартыўных уменняў. У 10 гадзін стартавалі веласіпедысты. Свой прабег яны прымеркавалі гораду-імянінніку, раёну – малой радзіме, як адзначыла ў размове адна з удзельніц. Накірунак руху, маршрут – палацава-паркавы ансамбль «Грушаўка».
На бегавых дарожках і сектарах стадыёна спаборнічалі 5-6-класнікі адукацыйных устаноў раёна. У іх свая, пад сцягам «шкаліяды» алімпіяда. У праграме бег «кароткі» і «доўгі», скачкі ў даўжыню, кіданне тэніснага мяча. Неабходна было мець падрыхтоўку мнага-
борца, каб разлічваць на добры агульны вынік і атрымаць шанц на паездку на абласную «шкаліяду».
У «зялёнай зоне» «Коласа» праходзіў фестываль, прымеркаваны да Сусветнага дня турызму.
А колькі спартыўна-забаўляльных станцый-лакацый было інсталявана ў самы «гарадскі» Дзень горада.
У зоне адпачынку на рацэ Ведзьма таксама разгарнуліся гульнявыя баталіі. У пейнтболе прынялі ўдзел каманды камунгаса, ААТ «Жарабковічы», райбальніцы і актывісты БРСМ.
Як жа прыгожа! Творча! Таленавіта! Менавіта такія эпітэты раз-пораз гучалі з вуснаў тых, хто завітаў у мінулую суботу ў сквер каля фантана, дзе ўтульна раскватараваўся «Горад майстроў». Парадавалі сваімі вырабамі май-стры народнай творчасці. Паліцы, рады, павільёны былі запоўнены разнастайнымі вырабамі з дрэва, розных прыродных матэрыялаў, каменняў, саломкі, вязанымі і шытымі рэчамі, цацкамі.
Шыкоўную выставу-продаж падрыхтавалі майстры з Ляхавіцкага раёна. Кошыкі, плеценыя з паперы, – ад Крывошынскага СДК, саламяныя капелюшы, абярэгі, кветкі – Адахаўшчынскага Дома народнай творчасці і Дараўскага Дома рамёстваў, вышываныя карціны і ручнікі – Жарабковіцкага СДК, гліняныя цацкі – Мыслабажскага Дома народнай творчасці. Асабліва вызначыўся Свяціцкі СДК. Гаючыя лекавыя расліны ў пашытых з любоўю мяшэчках, ігольніцы прыцягвалі ўвагу многіх пакупнікоў.
Па-суседску размясціўся імправі-заваны «Горад дзяцінства». Чарговы раз выхаванцы і педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пацвердзілі: творчасці няма межаў. Можна было не толькі палюбавацца вырабамі, але і паспрабаваць сябе ў творчасці, наведаць майстар-класы роспісу па гліне, пляцення з паперы, аплікацыі з саломкі, вышыўкі крыжыкам, вырабу дэкаратыўных кветак і нават пашыву лялькі. Тут арганізаваны гульнявыя праграмы, дзе можна было атрымаць прыз. Наўрад ці каго пакінуў абыякавым канцэрт юных зорачак з ЦДАДіМ і дзіцячай школы мастацтваў.
А колькі забаў: дартс, цір, спартыўныя гульні, аквагрым. Дзеці каталіся на аўтамабілях, на самых сапраўдных поні і коніку, а яшчэ на шматлікіх арэлях.
Гісторыі пра Ляхавічы так цікава расказвалі юныя экскурсаводы, якія запрашалі наведаць музей макетаў гістарычных аб’ектаў Ляхавіцкага раёна ў «Горадзе старажытным» на зоне адпачынку на рацэ Ведзьма.
Плошча Леніна ў апошнюю вераснёўскую суботу нездарма называлася «Горад святочны». Што за цуда-відовішча – тэатр «жывых» скульптур! А ў другой палове дня тут разгарнулася канцэртная праграма з удзелам лепшых самадзейных выканаўцаў і калектываў музычна-артыстычнай Ляхавіччыны.
А тое, што наш любімы горад заўжды славіцца гасціннасцю, пацвердзіла і гастранамічна-багатая напаўняльнасць рознымі прысмакамі ў «Горадзе хлебасольным» – таксама на плошчы Леніна. Асабліва пастаралася райпо: жадаючых паласавацца, напрыклад, найсмачнейшай грэцкай кашай было хоць адбаўляй. Расстараліся і іншыя кулінары-вытворцы. Хапала шашлыкоў, аладкаў, піцы, разнастайнага печыва.
У ГДК на выставу сваіх работ запрасілі ўсіх жадаючых удзельнікі Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон», а таксама карцін мастакоў-землякоў. А бясспрэчным хітом стала цыркавое прадстаўленне.
Не застаўся ў баку ад святкавання Дня горада і кінатэатр «Кастрычнік», тут дэманстраваліся фільмы для кінаманаў розных узростаў.
Раздолле для вясёлага і цікавага баўлення вольнага часу было і ў «Горадзе цудаў», дзе працавалі атракцыёны.
Смачны і адначасова стыльны падарунак гораду ў дзень нараджэння зрабіла Ляхавіцкае райпо. Побач з кафэ «Еда&Кофе» з’явілася кропка грамадскага харчавання з італьянскім акцэнтам. Цяпер ляхавічан запрашаюць у рэстаранчык «Траторыя». Капрэзэ класік, салаты парміджана і панцанэла, карпача з буракоў з мяккім сырам, салат цэзар з цыплянём і пшанічным крутонам, равіолі з сомам і белымі грыбамі, спагеці карбанара, розныя варыянты піцы, шырокая прапанова напіткаў – шмат апетытных страў у абноўленым меню. Дарэчы, здзівіць і новы сучасны інтэр’ер «Траторыі».
Увечары папулярнасцю карысталася фотазона, на якую запрашалі супрацоўнікі Ляхавіцкай бібліятэкі. Зрабіць фотаздымак-прызнанне любімаму гораду і набыць сувенірную прадукцыю з родным сюжэтам – усё гэта прапаноўвала наша купалаўка.
Пляцоўка каля кінатэатра «Кастрычнік» па традыцыі напоўнілася музычнымі віншаваннямі ад моладзі. Там размясціўся «Горад юнацтва», дзе райкам БРСМ і Маладзёжны парламент пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў арганізавалі караоке-вечарынку «Хіт за хітом». Сёлетняя музычная сустрэча сабрала ў вакальным спаборніцтве тры каманды, што прадстаўлялі гарадскія школы. З тура ў тур юнакі і дзяўчаты спявалі грамчэй, танцавалі весялей і запальвалі сваёй энергіяй іншых.
Напрыканцы караоке-спаборніцтва кожная з каманд-удзельніц атрымала сімвалічны сувенірны мікрафон і падарункі, а таксама буру пазітыўных эмоцый і ўражанняў, а сэлфі і відэасюжэты яшчэ доўга будуць грэць душу цёплымі музычнымі ўспамінамі.
Матэрыялы рыхтавалі Святлана БЕЛЬМАЧ, Іван КАВАЛЕНКА, Галіна КАНЬКО, Маргарыта КУХТА. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.