Па законе дабрыні. Фізіка — гэта захапляльны свет, сцвярджае настаўніца СШ №1 г.Ляхавічы
Для кагосьці фізіка ўяўляецца наборам сухіх формул і законаў, але толькі не для настаўніцы СШ №1 Таццяны Кузаковай. Яна сцвярджае: гэта захапляльны свет, які тлумачыць працэсы, што адбываюцца навокал. І стараецца далучыць да яго вывучэння сваіх навучэнцаў.
Дыплом настаўніка фізікі Таццяна Уладзіміраўна атрымала пасля заканчэння Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1988 годзе. Чаму так далёка атрымлівала адукацыю? Бацька быў ваенным, і сям’я пераязджала з гарнізона ў гарнізон. Вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі яе прафесійная дзейнасць звязана з Ляхавіцкай СШ № 1. Пачынала тут педагогам-псіхолагам (прайшла перападрыхтоўку ў Брэсцкім інстытуце развіцця адукацыі). Назапашаны шматгадовы гэты прыйшоўся вельмі дарэчы ў настаўніцкай практыцы.
Таццяна не ўяўляе сваё жыццё без дзяцей. Радуецца дасягненням, цікавіцца захапленнямі і звяртаецца да іх толькі па імёнах. Урокі імкнецца разнастаіць жыццёвымі прыкладамі, эксперыментамі і вопытамі, сучаснымі інфармацыйнымі сродкамі – што цікава навучэнцам. Адзначае, у памяці застаецца тое, што ўбачыў, адчуў, паспрабаваў, пабудаваў, сабраў. На гэтых прынцыпах і будуе ўрок.
– Школа, навучэнцы для мяне – усё. Падабаецца тлумачыць, дапамагаць спасцігаць новае. Неяк прызналася сынам, што шчаслівая, таму што выбрала прафесію, пра якую марыла з пятага класа і не расчаравалася ў ёй, – дзеліцца настаўніца фізікі.
З навучэнцамі даследуе жыццёвыя з’явы, каб пасля прэзентаваць адкрыцці на навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню і «прымацаваць» іх для штодзённага выкарыстання. Напрыклад, высвятлялі, ці можна зрабіць увільгатняльнік паветра сваімі рукамі, як уплываюць навушнікі на вастрыню слыху і г. д. Педагог падкрэслівае, што эксперыменты паглыбляюць у свет фізікі і выклікаюць непадробны інтарэс да прадмета.
Добрая, жыццярадасная, нераўнадушная і энергічная – такой ведаюць Таццяну Уладзіміраўну яе «класныя» дзеці – выпускнікі. Першы выпуск пайшоў са школы дзесяцігоддзе назад.
Зараз яна класны кіраўнік 10 «А». І былых, і сённяшніх старшакласнікаў вучыць, акрамя зместу школьнай праграмы, быць добрымі людзьмі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.