Хвароба павышанай увагі. Пра сітуацыю з анкалагічнымі захворваннямі ў Ляхавіцкім раёне разважаюць галоўны ўрач райбальніцы і ўрач-анколаг
Злаякасныя новаўтварэнні з’яўляюцца адной з найбольш складаных медыка-сацыяльных праблем сучаснага грамадства. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у многіх краінах свету адзначаецца істотны рост анкалагічных захворванняў. Яны ўваходзяць у сумную тройку лідараў па смяротнасці ў структуры ўсіх захворванняў, іншы раз абганяючы пры гэтым традыцыйнага лідара – сардэчна-сасудзістыя хваробы. Разам з тым, дзякуючы сучасным методыкам у дыягностыцы і лячэнні анкалогіі палепшылася якасць і павялічылася працягласць жыцця хворых, павысілася вылечнасць пацыентаў.
Пра сітуацыю з анкалагічнымі захворваннямі ў нашым раёне, даступнасць аказання спецыялізаванай дапамогі анкапацыентам, рэалізацыю скрынінгавых праграм, важнасць ранняга выяўлення злаякасных пухлін, ролю прафілактыкі разважаюць галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій ХЛЯБОВІЧ і ўрач-анколаг райбальніцы Уладзіслаў ЦАЛЕВІЧ.
Статыстыка і не толькі
Уладзіслаў ЦАЛЕВІЧ:
– Як ні сумна, але факт: у нашым раёне высокі ўзровень захворвання злаякаснымі новаўтварэннямі. Сёлета за восем месяцаў выяўлена 50 новых выпадкаў (усяго па стане на 1 кастрычніка – 850), сярод якіх пераважаюць рак лёгкіх, кішэчніка, малочнай залозы, скуры, стрававода. Штогод дыягназ «анкалогія» ставіцца ў сярэднім ад 120 да 140 пацыентам.
Напэўна, калі б людзі пры першых трывожных прыкметах звярталіся на кансультацыю да ўрачоў, а не займаліся самалячэннем, узровень выяўляльнасці анкалагічных хвароб быў бы больш высокім.
Георгій ХЛЯБОВІЧ:
– Для павышэння інфармаванасці насельніцтва і матывацыі па пытаннях прафілактыкі анказахворванняў і прапаганды здаровага ладу жыцця на Брэстчыне рэалізуецца прафілактычны праект «Папярэдзь хваробу – выберы жыццё!», накіраваны на папярэджанне і ранняе выяўленне анкалагічных захворванняў. Адзін з яго адрасоў – Ляхавіцкі раён.
Кожны жадаючы мог пракансультавацца і абследавацца ў спецыялістаў Брэсцкіх абласных анкалагічнага і эндакрыналагічнага дыспансераў, абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, праверыць індэкс масы цела, памераць артэрыяльны ціск, здаць аналіз крыві.
Важна прывучыць насельніцтва абследавацца раз у год, нават калі няма ніякіх скаргаў на самаадчуванне. Значнасць праекта цяжка пераацаніць. Былі выпадкі, калі нават без лабараторных даследаванняў выяўляліся злаякасныя пухліны рознай лакалізацыі.
Уладзіслаў ЦАЛЕВІЧ:
– Асаблівасць анкалагічных захворванняў у тым, што на ранніх стадыях хвароба працякае бессімптомна. Але праведзенае менавіта ў гэты перыяд своечасовае лячэнне з’яўляецца часцей за ўсё стопрацэнтнай гарантыяй поўнага выздараўлення.
У нашай краіне рэалізуецца скрынінгавая праграма (навуковы спосаб выяўлення злаякасных пухлін у пацыентаў без сімптомаў хваробы) па выяўленні раку шыйкі маткі, тоўстага кішэчніка і прамой кішкі (каларэктальнага раку), малочнай залозы, прастаты. Скрынінг – гэта абследаванне пэўнай групы грамадзян, якія не маюць спецыфічных скаргаў для выяўлення і лячэння хваробы да з’яўлення сімптомаў. Так, рэгулярнае праходжанне мамаграфіі дазваляе выявіць пухліну малочнай залозы на той стадыі, калі яна не дае яшчэ метастазаў, калі магчыма хірургічнае ўмяшальніцтва без выдалення ўсёй залозы.
Ляхавіцкі раён з 2018 года ўваходзіць у рэспубліканскую праграму па скрынінгу каларэктальнага раку. Паўдзельнічаць у такой праграме можа кожны жадаючы ва ўзросце ад 50 да 60 гадоў. Дарэчы, з пачатку скрынінгу ў ім паўдзельнічаў 391 жыхар Ляхавіччыны. Дас-таткова звярнуцца да ўрача агульнай практыкі на сваім участку. Спачатку здаецца біяматэрыял для аналізу на наяўнасць крыві (FIT-тэст). Пры станоўчым выніку пры-значаецца даабследаванне: калонаскапія пад наркозам. Аднак, станоўчы вынік тэсту не заўжды гаворыць пра стопрацэнтную наяўнасць раку тоўстага кішэчніка. Акрамя таго, калонаскапія выяўляе паліпы, запаленчыя працэсы і іншую паталогію.
Як ужо адзначалася, важна ўбачыць рак на ранніх стадыях, калі з хваробай можна змагацца і перамагчы яе. Аднак, на жаль, сёлета за першае паўгоддзе амаль 22 працэнты выяўленых злаякасных пухлін пазначаны трэцяй і чацвёртай стадыямі.
Георгій ХЛЯБОВІЧ:
– Акцэнтую ўвагу на даступнасці анкалагічнай дапамогі ў тым ліку і для вяскоўцаў. На кантролі пытанне арга-нізацыі прыёму ўрачамі агульнай практыкі, хірургамі, гінеколагамі, іншымі вузкімі спецыялістамі ва ўрачэбных амбулаторыях, ФАПах. Пры першых падазрэннях на злаякаснае новаўтварэнне пацыента накіроўваюць на далейшае абследаванне.
Сучасная медыцына здольна поўнасцю перамагчы хваробу ці, як мінімум, істотна падоўжыць жыццё пацыента з анкалагічным дыягназам. Але ёсць адна ўмова: дапамога самога хворага, яго жаданне змагацца з праблемай і выконваць усе рэкамендацыі ўрача. Няма і не павінна быць цяжкасцяў з запісам на кансультатыўны прыём як да ўрача-анколага ў раённай паліклініцы, так і ў Баранавіцкі анкадыспансер. Дарэчы, пры неабходнасці пацыенты накіроўваюцца для далейшага лячэння таксама ў Брэсцкі абласны анкадыспансер.
Медтэхніка ў дапамогу
Ва ўстановах аховы здароўя нашага раёна вядзецца маштабная работа па развіцці і ўдасканаленні анкалагічнай дапамогі. Дзяржава не шкадуе сродкаў на аснашчэнне медустаноў сучасным высока-
тэхналагічным абсталяваннем, забеспячэнне неабходнымі лекавымі сродкамі.
Георгій ХЛЯБОВІЧ:
– Адзін з самых галоўных складнікаў паспяховага лячэння – мадэрнізацыя ўстаноў аховы здароўя. Райбальніца ўкамплектавана асноўным дыягнастычным абсталяваннем, у тым ліку і для выяўлення анкапаталогій. Рэнтгенадыягностыка (апарат для флюараграфіі і перасоўны «Пульмаэкспрэс») дазваляе выявіць захворванні органаў грудной клеткі, у першую чаргу – лёгкіх. На высокім узроўні эндаскапічная дыягностыка, у тым ліку і даследаванні з біяпсіяй. Гэта і калонаскапія, якая выяўляе хваробы тоўстага кішэчніка, відэагастраскапія дазваляе абследаваць стрававод, страўнік. А бронхаскапія дакладна ацэніць стан бронхаў. Асноўная частка абсталявання набыта для ЦРБ у 2019- 2020 гадах і адпавядае сучасным стандартам. У райбальніцы цяпер працуюць тры вопытныя ўрачы-эндаскапісты.
Важная роля адводзіцца і ультрагукавой дыягностыцы. У нас чатыры ўрачы право-дзяць УГД брушной поласці і органаў малога таза, малочнай і шчытападобнай залоз, сэрца, сасудаў. Летась набыты апарат ультрагукавой дыягностыкі высокага класа. А сёлета ў верасні ў ЦРБ з’явіўся яшчэ адзін аналагічны апарат.
Немагчыма пераацаніць і значэнне лабараторных даследа-
ванняў. У райбальніцы можна здаць кроў на ПСА, перавышэнне нармальнага ўзроўню якога можа гаварыць пра розныя захворванні прастаты (хранічны прастатыт, дабраякасная гіперплазія, рак) у мужчын.
Уладзіслаў ЦАЛЕВІЧ:
– Якім сучасным ні было медыцынскае абсталяванне, пакуль чалавек не стане сам клапаціцца пра сваё здароўе, прыслухоўвацца да сігналаў, што падае арганізм, справіцца з анкалогіяй будзе цяжка.
Звярну ўвагу на важнасць самаабследавання. Асабліва гэта тычыцца так званых візуальных лакалізацый: скура, рот, малочная залоза і інш. Варта звяртаць увагу на радзімкі, папіломы, язвы, што доўга не зажываюць. Гэтыя прыкметы і сімптомы не з’яўляюцца спецыфічнымі для раку, але пры выяўленні хаця б аднаго з іх трэба звярнуцца да ўрача.
Таксама не цягніце з візітам да доктара, калі ў вас ёсць такія працяглыя сімптомы, як стойкі кашаль, ахрыпласць ці іншыя змяненні голасу, цяжкасці пры глытанні, павелічэнне лімфа-
вузлоў, слабасць, працяглае парушэнне функцыі кішэчніка або мачавога пузыра, пахудзенне без прычыны. Жанчынам абавязкова неабходна самаабследаваць малочныя залозы на наяўнасць ушчыльненняў і іншых насцярожваючых сімптомаў.
У выпадку, калі заўважылі ў сябе ці сваіх блізкіх нешта з вышэйпералічанага – не панікуйце, але на прыём да ўрача паспяшайцеся.
Пра звычкі добрыя і шкодныя
Як і любое захворванне, анкалогія мае свае прычыны, якія спрыяюць узнікненню хваробы і яе прагрэсіраванню. Якія фактары правакуюць злаякасную пухліну, і што, акрамя лякарстваў і медыцынскіх працэдур, дапаможа ў барацьбе з небяспечнай хваробай?
Уладзіслаў ЦАЛЕВІЧ:
– Значны працэнт выпадкаў анкалагічных захворванняў абумоўлены ўздзеяннем канцэрагенных фактараў нава-
кольнага асяроддзя і асаблівасцямі ладу жыцця. Гэты факт служыць зыходнай кропкай у фарміраванні ўсіх прафілактычных супрацьракавых праграм.
Самы лёгкі, танны і выніковы шлях, які можа значна знізіць магчымасць захворвання ракам, – адмова ад курэння. Падлічана, што 25-30 працэнтаў усіх смерцяў ад раку звязана менавіта з гэтай шкоднай звычкай. Па даных вынікаў даследаванняў, ад 80 да 91 працэнта выпадкаў раку лёгкага ў мужчын і ад 57 да 86 працэнтаў у жанчын звязана з курэннем. Вялікая колькасць выпадкаў раку мачавога пузыра і падстраўнікавай залозы і меншая – выпадкаў раку ныркі, страўніка, шыйкі маткі, насавой поласці таксама звязана з курэннем.
Атлусценне павышае рызыку не толькі раку, але і цукровага дыябету, сардэчна-сасудзістых захворванняў. Існуюць пераканаўчыя доказы, што ўжыванне алкагольных напіткаў павышае рызыку раку поласці рота, глоткі і гартані, пячонкі, а таксама плоскаклетачнага раку стрававода.
Уздзеянне сонца (яго ультрафіялетавых промняў) на чалавека з’яўляецца галоўнай знешняй прычынай развіцця раку скуры. Для папярэджання гэтага віду анкалогіі неабходна старацца змяншаць агульнае ўздзеянне сонца на працягу ўсяго жыцця, пазбягаць сонечных апёкаў.
А некаторыя віды рэгулярнай фізічнай актыўнасці наадварот паніжаюць рызыкі раку. Лад жыцця, які ўключае здаровае харчаванне, фізічныя практыкаванні і кантроль вагі, карысны людзям не толькі для прафілактыкі раку, але і іншых захворванняў. Шэраг эпідэміялагічных даследаванняў указвае на ахоўны эфект ужывання агародніны і фруктаў супраць рызыкі з’яўлення многіх відаў злаякасных новаўтварэнняў, асабліва раку стрававода, страўніка, тоўстага кішэчніка і падстраўнікавай залозы. Фруктамі і агароднінай пажадана дапаўняць кожны прыём ежы.
Уладзіслаў ЦАЛЕВІЧ:
– Колькі разоў і ў маёй урачэбнай практыцы было, калі чалавек прыходзіць на прыём з анкалогіяй у трэцяй, а то і чацвёртай стадыі – хвароба даволі запушчаная, і шанцы вылечыць чалавека практычна зводзяцца да нуля. Пачынаеш аналізаваць гісторыю хваробы і разумееш, што першыя сігналы пра непарадкі ў здароўі арганізм даваў даўно. Але чалавек не звяртаў увагу, адкладваў на потым візіт да ўрача.
Вось адна з такога кшталту сітуацыя. У мужчыны лімфавузлы дасягнулі амаль што памеру яблыка, рот ад пухліны, лічы, не закрываўся. А ён усё думаў, што пухліна сама па сабе разыдзецца. Не разы-шлася, а аказалася ракам гартані чацвёртай стадыі.
Яшчэ адзін прыклад. Жанчына знайшла ў сябе вузельчык велічынёй з фасоліну. Па парадзе знаёмай прыкладвала кампрэсы, грэла, вузельчык балець перастаў. Думала, усё прайшло. Праз год пайшла на прафагляд, падчас якога вузельчык знайшоў урач, даабследаванне паказала – рак малочнай залозы трэцяй стадыі.
Георгій ХЛЯБОВІЧ:
– Як бы ні стараліся медыкі, якія б грошы дзяржава ні ўкладвала ў развіццё медыцыны, многае залежыць ад адносін чалавека да ўлас-
нага здароўя. Неабходна вы-карыстоўваць усе магчымасці бясплатнай медыцыны. Бясплатнай – для грамадзяніна, але не для дзяржавы. Праходжанне дыспансерызацыі, выкананне ўсіх рэкамендацый урачоў, здаровы лад жыцця, адмова ад шкодных звычак, правільнае харчаванне – лепшыя спадарожнікі на шляху да здароўя.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.