Навучыць быць добрым чалавекам. На базе Дараўскай школы з’явіўся раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні

На адукацыйнай прасторы Ляхавіччыны прыбаўленне: на базе Дараўскага ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа» з’явіўся раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні. У мінулую суботу ў цырымоніі ўрачыстага адкрыцця прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Жалнерчык, начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская, благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко, духавенства благачыння.

Каб растлумачыць, чаму месцам размяшчэння рэсурснага цэнтра стала менавіта Дараўская школа, трохі фактаў з яе дзейнасці. Больш як дзесяцігоддзе гэта ўстанова адукацыі цесна супрацоўнічае з мясцовым праваслаўным прыходам, настаяцелем якога з’яўляецца Іаан Ніканчук. Сярод формаў узаемадзеяння – сустрэчы, выставы, экскурсіі, вывучэнне гісторыі праваслаўных храмаў, жыцця набожных людзей і іх укладу ў гісторыю і г. д. Навучэнцы СШ прымаюць актыўны ўдзел у акцыях «Дарога да храма», «Добрае сэрца» і іншых, у тыднях праваслаўнай кнігі, у калядных і велікодных святах. Тры гады рабяты наведваюць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры». Назапашаны вопыт і падштурхнуў да ідэі выхаду на раённы ўзровень.
– Пад рэсурсны цэнтр у школе адведзены асобны кабінет, які на сёння адрамантаваны і напоўнены тэхнічнымі сродкамі і нагляднымі дапаможнікамі. За сродкі раённага бюджэту набыты тэлевізар, ноутбук, мэбля, іншае абсталяванне. На сценах –
іконы. Намеснік дырэктара школы Святлана Бірукова прайшла падрыхтоўку ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі па факультатыве «Асновы праваслаўнай культуры». Мяркуецца, што ўсе заняткі, сустрэчы, круглыя сталы, спартыўныя мерапрыемствы будуць праводзіцца з прыцягненнем прадстаўнікоў праваслаўнай царквы. Кожную першую суботу месяца транспарт аддзела па адукацыі будзе дастаўляць у Дарава рабят з Начаўскай, Малагарадзішчанскай, Жарабковіцкай, Тальмінавіцкай, Конькаўскай школ. Калі з’явяцца жадаючыя з іншых устаноў адукацыі – калі ласка, будзем рады, – адзначыла дырэктар ВПК Таццяна Жучэня.
Мэты цэнтра – спрыяць выхаванню высокіх маральных якасцяў у школьнікаў, ствараць умовы для фарміравання іх светапогляду, пашыраць педагагічны вопыт у накірунку духоўна-маральнага выхавання на хрысціянскіх каштоўнасцях і традыцыях беларускага народа.
…Ва ўрачысты дзень у школе было шмат гасцей, панавала атмасфера свята. І настаўнікі, і рабяты падрыхтавалі цікавую праграму, каб адкрыццё засталося ў памяці. Дараўскі дом рамёстваў прэзентаваў эксклюзіўную выставу вышываных ікон. Прыгожа і душэўна спявала «Берагіня».
Аляксандр Камінскі і Георгій Жытко перарэзалі чырвоную стужку – старт важнай справе дадзены. Асаблівым момантам свята стаў малебен на пачатак новага навучальнага года. Чын асвячэння памяшкання цэнтра правёў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгій Жытко.
Госці акцэнтавалі ўвагу на важнасці і актуальнасці адкрыцця рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. Гаварылі пра праграму супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай права-
слаўнай царквой, пра фарміраванне светапогляду, заснаванага на маральных каштоўнасцях. Сёння перад педагогамі і святарамі стаіць задача не проста выхаваць асобу, а ўкласці ў яе, акрамя ведаў, любоў да Айчыны, навучыць дабрыні, талерантнасці, уменню жыць у згодзе з іншымі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.