Аранжавы падарунак восені. Адрасам цікавага знаёмства для газетчыкаў стала вёска Крывошын

Адрасам чарговага цікавага знаёмства для газетчыкаў стала днямі вёска Крывошын. У рэдакцыю «ЛВ» патэлефанаваў яе жыхар Яўгеній Шведаў і расказаў пра важкі ўраджай, які ён разам з жонкай Марыяй Іванаўнай вырасціў на ўласных сотках. Як жа адмовіцца ад такога інтрыгуючага запрашэння?

Яўгеній Аляксандравіч сустрэў «веснікаўцаў» каля свайго дома па вуліцы Свянтэцкага і павёз за вёску. Вялікія і крыху меншыя сонечнага аранжава-жоўтага колеру гарбузы ўсыпалі тэрыторыю на прыкладна пяці сотках і вельмі ўпрыгожылі тутэйшы пейзаж у абрамленні густога лесу.
– Не першы год такія прыгажуны-веліканы павырасталі. Пакуль яшчэ не ўзважвалі. Але некалькі гадоў назад гарбуз усяго два кілаграмы не дацягнуў да 70 кілаграмаў, – не хавае задавальнення гаспадар ураджаю.
Сакрэт, як вырасціць гарбузы-рэкардсмены, Яўгеній Шведаў раскрывае без шкадавання. Адзначае, што насенне збірае выключна сваё, купленае не прызнае. Яшчэ важна правільна прарасціць, потым своечасова высадзіць у грунт.
Нехта спытае: навошта столькі?
– Асноўная частка гарбузоў ідзе на корм свойскай жывёле. Трымаем падсобную гаспадарку – свіней, курэй. З часткі выбіраем семачкі, сушым для дзяцей-унукаў, – расказваюць Шведавы.
Дарэчы, на тутэйшых сотках яны вырошчваюць таксама бульбу, цукровыя і чырвоныя буракі, капусту. На агародзе каля дома –
агуркі, моркву, памідоры, зяленіва.
– У асноўным агародніцтвам займаецца жонка. Канешне, калі прыязджаю дамоў з Мінска, дзе працую будаўнічымі вахтамі, то дапамагаю. Паспелі і бульбу выкапаць, і буракі пацерабіць, засталася толькі капуста, – зазначае Яўгеній Аляксандравіч.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.