Зялёны падарунак для ляхавічан. У Ляхавічах прайшла акцыя «Дзень азелянення»

Яркая асаблівасць нашага горада – гэта зеляніна, у якой ён літаральна патанае: клумбы і інсталяцыі ў цэнтры горада, дрэвы ў зялёным, жоўтым, чырвоным строі. Не адстаюць і ляхавічане, якія на прысядзібных участках ствараюць неверагодную прыгажосць.

У мінулую пятніцу свой уклад у азеляненне горада ўнеслі супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з работнікамі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». У рамках акцыі «Дзень азелянення» яны высадзілі 45 дрэў на вуліцы Дружнай у Ляхавічах.

Паўдзельнічаць у такой акцыі можа кожны жадаючы. Адзін з варыянтаў – падказаць, дзе не хапае зеляніны.

– Прыродаахоўная служба звяртаецца да кіраўнікоў і калектываў устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, да ўсіх жыхароў Ляхавіччыны з прапановай падказаць, дзе яшчэ ў горадзе і раёне яны б пасадзілі дрэвы і кусты, – гаворыць начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская.
Акрамя таго, інспекцыя заклікае грамадзян прывесці ў парадак тэрыторыі вакол домаўладанняў.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота з архіва райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.