Рагулям падабаецца экстракласны падыход. Добраўпарадкавана, чыста, прасторна – такое першае ўражанне ад малочнатаварнай фермы «Галаўнінцы» ЗАТ «Белпрампрыбор»
Добраўпарадкавана, чыста, прасторна – такое першае ўражанне ад малочнатаварнай фермы «Галаўнінцы» ЗАТ «Белпрампрыбор». Тутэйшым насельнікам – каровам і цялятам – у такіх умовах камфортна. А яшчэ пра іх вельмі клапоцяцца, рацыён кармлення адпавядае патрабаванням. Адпаведна і высокая аддача ад кожнай з 775 кароў дойнага статка.
Адзін з паказчыкаў, які можа яскрава сказаць пра стан малочнай жывёлагадоўлі (а гэта і нарыхтоўка кармоў, і прадукцыйнасць працы работнікаў, і якасць сырадою), – сярэднясутачны надой ад каровы. У МТФ «Галаўнінцы» ён складае 23,7 кілаграма ад кожнай рагулі. Для параўнання: сярэднераённы паказчык на гэты ж дзень пачатку кастрычніка – 14 кілаграмаў.
Яшчэ адзін немалаважны факт: усё малако як з «Галаўнінцаў», так і з «Бенькаўцаў» ідзе на продаж на Ляхавіцкі малочны завод выключна гатункам экстра (сярэднераённая лічба абмяжоўваецца 62 працэнтамі).
– Традыцыйна стараемся нарыхтаваць паўтарагадовы запас кармоў. Толькі пры належнай кармавой базе можна гаварыць пра высокія надоі і значныя прывагі. Лічу, што добра спрацавала наша агранамічная служба. Пастараліся механізатары, задзейнічаныя на касавіцы і на ўборцы збожжа. Таму і атрымалі 32,6 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Канешне, яшчэ дакупляем камбікормавыя канцэнтраты, шрот, харчовыя дабаўкі. Але ёсць цвёрдая ўпэўненасць: і ў зімовы стойлавы перыяд праблем у сталоўцы для жывёлы не будзе, –
адзначае намеснік дырэктара ЗАТ «Белпрампрыбор» Андрэй Вараб’ёў.
Амаль увесь сянаж у гэтым сельгаспрадпрыемстве ўпакоўваецца выключна ў поліэтылен – гэта адзін з самых перадавых метадаў. У Ляхавіцкім раёне па ўсіх сельгаспрадпрыемствах 8143 тоны сенажу закладзены ў поліэтылен, з іх 4615 тон – у «Белпрампрыборы».
Яшчэ адзін красамоўны паказчык: гэта сельгаспрадпрыемства і СВК «Ляхавіцкі» адзіныя ў раёне,дзе няма падзяжу маладняку.
На прадпрыемстве зараз працуе 146 чалавек, частка занята ў жывёлагадоўлі. МТФ «Галаўнінцы», якой загадвае вопытная Галіна Дубовік, займае другое месца ў раённым рэйтынгу сярод лепшых МТФ па вытворчасці малака. Паспяхова працуе і яе падраздзяленне, якое дыслацыруецца ў памяшканнях былой каняфермы. Калектыў тут невялікі, але спрактыкаваны і ўзаемазамяняльны.
Вось з поўнай каляскай «дзіцячага» харчавання спяшаецца да сваіх маленькіх выхаванцаў цялятніца Аксана Рымша.
– Як жа пра іх не клапаціцца, не турбавацца – яны ж, як дзеткі. Цяпер у мяне пад апекай каля 100 цялятак. Кормім-поім маладое рагуліна папаўненне двойчы на дзень, – расказвае Аксана Рымша.
Каровы ў сельгаспрадпрыемстве знаходзяцца на беспрывязным утрыманні. МТФ падрыхтаваліся да халадоў: уцяпліліся,падфарбаваліся, рамантаваліся – усё, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы для рагатых пастаяльцаў.
Тым часам, па звыклым распарадку завяршаюць ранішнія справы аператары машыннага даення. Для Марыны Чарэднік і Алены Саган гэта не проста прафесія, а справа сямейная. Яны і Аксана Рымша –
родныя сёстры. Побач, таксама на выдатна, працуе аператарам машыннага даення Таццяна Зубік.
– Сваю работу люблю. На гэтай ферме шчырую пяты год, а ўсяго ў сельскай гаспадарцы 15 гадоў. За мной замацавана амаль 200 кароў. Умовы для работы ў нас добрыя, заработная плата задавальняе. Таму і працуем, і мяняць работу не збіраемся: ад дабра дабра не шукаюць. Жыву ў Ліпску, часцей за ўсё на работу езджу на веласіпедзе. Даводзіцца ўставаць раненька, але нічога – прывыкла, – адзначае малодшая з сясцёр Марына Чарэднік.
З пяці гадзін раніцы на гэтым участку «Галаўнінцаў» назіраецца ажыўленне. Прыходзяць даглядчыкі, пачынаецца падрыхтоўка да кармлення і даення, далей усё па распарадку.
Другая серыя, у якой зноў дойка і астатнія складнікі догляду, пачынаецца а палове шостай гадзіны вечара.
– Спрацаваная каманда – гэта пра наш калектыў. Акрамя дзяўчат –
аператараў машыннага даення –добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі, робяць гэта сумленна, з поўнай самааддачай даглядчыкі Аляксандр Мішкевіч, Андрэй Гузік, Марат Хасанаў, Валянцін Куніцкі, слесар Эдуард Куніцкі, – удакладняе загадчык падраздзялення Міхаіл Лістратоўскі.
Дарэчы, Міхаіл Ільіч па прафесіі аграном, колішні выпускнік Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Яго працоўная біяграфія амаль чатыры дзесяцігоддзі, з якіх 32 гады звязаны з Ляхавіччынай, восем гадоў ён на МТФ «Галаўнінцы». Адзначае, што да жывёлагадоўлі прыкіпеў душой.
Не менш стараюцца і на яшчэ адной тутэйшай ферме – «Бенькаўцы».
За дасягненнямі – адказнасць кожнага на сваім працоўным месцы і дысцыплінаванасць.
Сёння ЗАТ «Белпрампрыбор» – адна з трох гаспадарак раёна, якія павялічваюць аб’ёмы вытворчасці. А гэта, адпаведна, і зарплата калектыву.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.