У сталоўкі свой расклад. «Ляхавіцкі веснік» пацікавіўся нюансамі арганізацыі школьнага харчавання
Першая чвэрць 2020/2021 навучальнага года набліжаецца да завяршэння. Урокі, перапынкі, факультатывы, пазакласныя мерапрыемствы – усё па раскладзе, як, дарэчы, і абеды. Арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі раёна надаецца значная ўвага. Гэта пытанне на пастаянным кантролі ўлады: разглядалася на пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта, неаднаразова ўздымалася на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама.
«ЛВ» пацікавіўся некаторымі нюансамі арганізацыі школьнага харчавання.
Як паведамілі ў цэнтры забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, у нашым раёне атрымліваюць гарачае харчаванне 2624 школьнікі і 826 выхаванцаў дашкольных устаноў. Раз у дзень бясплатна (для сямейнага кашалька, а наогул – за кошт бюджэту) харчуюцца ўсе навучэнцы сельскіх школ, пачаткоўцы гарадскіх школ, а таксама навучэнцы-гараджане, якія выхоўваюцца ў мнагадзетных, неўладкаваных сем’ях, калі бацькі інваліды І ці ІІ групы. Толькі ў мінулым годзе на харчаванне мясцовых школьнікаў з бюджэту накіравана каля 820 тысяч рублёў.
Зоймемся матэматыкай. Сярэдні кошт аднаго абеду ў верасні вагаўся ў залежнасці ад узросту дзяцей: ад 6 да 10 гадоў – 1,21 рубля, ад 11 да 13 гадоў – 1,38 рубля, ад 14 да 17 гадоў – 1,48 рубля. Такім чынам, што-дзённы, акрамя суботы і нядзелі, прыём ежы абыходзіцца бацькам шасцікласніка за месяц амаль у 31 рубель. Не такая ўжо вялікая сума. Тым больш, што, па словах начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святланы Якубоўскай, харчаванне ў навучальных установах якаснае, каларыйнае і, што немалаважна, смачнае.
Урач-гігіеніст райЦГіЭ Вольга Палюховіч падкрэслівае, што супрацоўнікі санітарнай службы трымаюць на пастаянным кантролі харчаванне ў навучальных установах Ляхавіччыны. Вось і ў верасні вывучалася эфектыўнасць санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, асаблівая ўвага – на арганізацыю харчавання; праводзіліся лабараторныя даследаванні. У супрацоўнікаў райЦГіЭ менш за іншых прэтэнзій да харчаблокаў гімназіі, Жарабковіцкай СШ, Ліпскага, Начаўскага, Русінавіцкага дзіцячых садкоў, СШ № 2,Дараўскага і Малагарадзішчанскага ДС – СШ.
Пазнаёмімся, як наладжана харчаванне ў Дараўскім ДС – СШ, дзе словы «смачна есці» не проста пажаданне перад прыёмам ежы, а канстатацыя факта.
– У сталоўцы гатуюць асобна стравы для школьнікаў (іх у нас 61)
і выхаванцаў дзіцячага садка (31 дашкольнік). Усе яны раз у дзень у абед харчуюцца бясплатна. Акрамя таго, за бюджэтныя грошы штодня бясплатны сняданак прадугледжаны для дзевяці школьнікаў, якія выхоўваюцца ў мнагадзетных сем’ях. Меню распрацоўваецца двухтыднёвае. Своечасова заказваем прадукты, таму ніколі не было праблем з іх недахопам. Не паступалі і скаргі ад бацькоў дзяцей на якасць харчавання. Самае галоўнае – задаволены рабяты. Нашы повары Марыя Някрута і Валянціна Кашча гатуюць выдатна. Імкнуцца ў межах дазволенага разнастаіць меню, зрабіць яго адметным. А дыетсястра Валянціна Латыш стараецца састаўляць меню такім чынам, каб стравы не паўтараліся і былі збалансаванымі, карыснымі і, канешне, смачнымі, – адзначае дырэктар навучальнай установы Таццяна Жучэня.
Сваё станоўчае меркаванне пра тое, як і чым харчуюцца іх дзеці, маюць і бацькі. Сацыяльны педагог Вольга Злакаманава – адна з іх:
– Мой пяцігадовы сын Міша з задавальненнем з’ядае ўсё, што даюць у дзіцячым садку. Хаця, канешне, пячэнне яму падабаецца больш, чым кефір. З апетытам харчуюцца і школьнікі. Па маіх назіран-
нях і водгуках дзяцей, абеды ім падабаюцца.
Толькі добрыя водгукі на школьнае харчаванне і ў дзесяцікласніцы Дар’і Еўсючэня:
– Мне падабаецца, як дома гатуе мама, але і ў школьнай сталоўцы цудоўна кормяць. Сёння на абед быў суп, бульбяное пюрэ, смажаная рыба, салат з памідораў і агуркоў, сок, хлеб. А наогул, мая любімая страва – аладкі з павідлам.
З кожным годам паляпшаецца матэрыяльная аснашчанасць харчаблокаў, рамантуюцца іх памяшканні, набываецца новае абсталяванне.
– Пазалетась пасля капітальнага рамонту расчыніў дзверы харчаблок Навасёлкаўскай СШ, у мінулым годзе – гімназіі, сёлета – Конькаўскага ДС – СШ. За кошт сродкаў Сусветнага банка развіцця будзе абноўлены харчаблок СШ № 1. Пакуль вядуцца падрыхтоўчыя работы па вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі. Плануем пачаць рамонт у наступным годзе.
Перш чым планаваць рамонт ці рэканструкцыю школьных аб’ектаў грамадскага харчавання, уважліва вывучаем сітуацыю, каб не атрымалася, што значныя бюджэтныя сродкі ідуць на рамонт памяшканняў тых устаноў адукацыі, якія праз год-два зачыняцца ў рамках аптымізацыі, – адзначыла Святлана Якубоўская.
Інжынер-тэхнолаг цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Таццяна Жывіцкая расказала, што нямала прадуктаў харчавання ў школьныя сталовыя пастаўляецца з прадпрыемстваў Ляхавіччыны: малако і малочныя прадукты з малочнага завода, мяса, хлеб і хлебабулачныя вырабы з райпо, кансерваваная плодаагароднінная прадукцыя з кансервавага завода.
Асаблівая ўвага на якасць прадуктаў, з якіх гатуюцца стравы для школьнікаў і дашкольнікаў. У функцыянальныя абавязкі кіраў-
нікоў устаноў адукацыі ўведзена персанальная адказнасць за арганізацыю і кантроль якасці харчавання. Ва ўсіх установах створаны і працуюць саветы па харчаванні, бракеражныя камісіі, якія забяспечваюць вытворчы і тэхналагічны кантроль за гатовымі кулінарнымі вырабамі, тэрмінам рэалізацыі прадуктаў харчавання, санітарным станам харчаблокаў і г. д. Усё гэта і многае іншае з адной мэтай – клопатам пра здароўе падрастаючага пакалення.
Галіна КАНЬКО.