Футболка замест палатна. Эксклюзіўнае аб’яднанне па інтарэсах «Прынт-майстэрня» дзейнічае ў Ляхавічах
Зараз у крамах ёсць мноства рэчаў з самымі рознымі прынтамі. Унікальны малюнак на адзенні дазваляе паказаць свае індывідуальнасць, настрой ці інтарэсы. А што ж рабіць, калі ніяк не можаш знайсці рэч, прынт якой па настроі цалкам адпавядае табе? Намаляваць самім – такі адказ дадуць выхаванцы аб’яднання па інтарэсах «Прынт-майстэрня» цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Эксклюзіўнае аб’яднанне па інтарэсах «Прынт-майстэрня» з’явілася ў ЦДАДіМ летась. І адразу прыцягнула ўвагу юных аматараў ствараць нешта цікавае сваімі рукамі. Зараз у аб’яднанні займаюцца 11 дзяцей. Узрост у выхаванцаў розны: «крэатывяць» навучэнцы шостых – дзявятых класаў.
– З рабятамі вельмі цікава працаваць. Прыемна назіраць, як яны пераймаюць твае веды, вучацца. Але ў той жа час, яны і самі цябе нечаму вучаць, прыходзяць са сваімі ідэямі, прапановамі. Кожны наш занятак на пазітыўнай ноце, бо ўсе сябруюць, дапамагаюць адзін аднаму, нешта падказваюць, – дзеліцца педагог Наталля Паддубная.
Прынцып стварэння шэдэўра на тканіне просты. Эскіз любога малюнка або надпісу пераносіцца на папяровы або пластыкавы трафарэт, а з яго ўжо малюнак акрылавымі фарбамі перамалёўваецца на тканіну. Вынік замацоўваецца прасам і –вуаля – эксклюзіўная рэч, зроб-леная сваімі рукамі, гатова. Рэчы можна мыць, малюнак ад гэтага не пацерпіць.
Пераносіць прынт можна не толькі на майкі, рабяты ў якасці палатна выбіраюць і сурвэткі, і іншыя рэчы. Выходзіць гэтак жа арыгінальна.
Юныя мадэльеры спяшаюцца прадэманстраваць свае шэдэўры: майку з выявамі любімага сабакі, балерыны, з надпісам – віншаваннем брату. А ў руках Ганны Адаська модны топік з малюнкам у тэхніцы tie-dye.
– Гэта тэхніка афарбоўвання тканін, пры якой з’яўляецца арыгінальны ўзор у выглядзе рознакаляровых разводаў. А яшчэ мы хутка закупім флюарэсцэнтныя фарбы, якія будуць свяціцца ў цемнаце, – гаворыць дзяўчынка.
Яшчэ адна фішка «Прынт-майстэрні» – тое, што можна даць другое жыццё рэчам.
– У кожнага дома знойдзецца белая або светлая майка, якую і насіць не хочацца, і выкінуць шкада.
Ёсць рэчы, сапсаваныя сокам або ягадамі. На іх можна нанесці прынт – і новая рэч гатова, – дадае Наталля Паддубная.
– Ідэй хопіць яшчэ не на адзін дзясятак маек! – смяюцца выхаванцы «Прынт-майстэрні». А пакуль у кабінеце на другім паверсе ЦДАДіМ ва ўсю кіпіць праца.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.