І папкорн, і топ-корм. Аграрыі Ляхавіцкага раёна прыступілі на бягучым тыдні да ўборкі кукурузы

І гэта ўсяго толькі  два прадукты перапрацоўкі кукурузнага зерня, да ўборкі якога аграрыі раёна прыступілі  на бягучым тыдні


Для камбайнераў СВК «Ляхавіцкі» Мікалая Кавалёва і Віктара Кардаша зернеўборка працягваецца на кукурузным полі.

Відавочна, што гэты год кукурузным не стаў. У плане надвор’я каласавым зерневым паспрыяла куды больш. Што, канешне ж, знайшло сваё адлюстраванне ў галоўным – паказчыку ўраджайнасці, які ў сярэднім па раёне аказаўся на пару пунктаў лепшым, чым годам назад. З кукурузай не задалося яшчэ з пасяўной вясны – халоднай увогуле і вельмі халоднай для цеплалюбівай культуры. Летам і іменна ў перыяд самага наліву зерня жорстка сушыла, што, безумоўна, стала тормазам у фарміраванні пачаткаў. Пазней прырода некалькі «адумалася», дажджы пацягнулі ў рост сцябло кукурузы, але для зерня гаючым бальзамам ужо не сталі.
У тым ліку і пра гэта наша размова з брыгадзірам СВК «Ляхавіцкі» Святланай Радомскай. Лакацыя – ускраіна далёкага ад «абарыгенных» земляў гаспадаркі поля, на якім ідуць уборачныя работы. «Цыганскія» 20 гектараў складаюць толькі частку сёлетніх кукурузных гектараў «Ляхавіцкага». У суме іх 85, размешчаных, у тым ліку, і на палявых угоддзях іншых вытворчых участкаў. Частка плошчаў ужо ўбрана, адпаведна, можна папярэдне вызначыцца з ураджайнасцю: кожны з прыкладна чатырох дзясяткаў абмалочаных гектараў парадаваў гаспадарнікаў некалькі больш, як 81 цэнтнерам зерня.
У полі знаходзяцца два ўборачныя агрэгаты. Працуюць, што называецца, на сустрэчных курсах і, як падалося, даволі шпарка. За кармой застаюцца пасляўборачныя рэшткі, бункер, а затым і кузава аўтамабіля поўняцца зернем. З адлегласці ў два-тры дзясяткі метраў – устойлівае ўражанне, што з «хобата» камбайна ў кузаў МАЗа шчыльным патокам льецца чысты бурштын.
– З гэтым полем мы сёння завершым, камбайны пойдуць далей. Калі надвор’е пастаіць, са сваёй работай яны справяцца хутка, – адзначыла на развітанне Святлана Уладзіміраўна.
Акрамя «Ляхавіцкага», кукурузу на зерне ў нашым раёне мае таксама ААТ «Жарабковічы» –  сотню запланаваных гектараў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вадзіцель Дзмітрый Працюк.