Новы тыдзень на Ляхавіччыне пачаўся ў звычайным працоўным рэжыме

Новы тыдзень на Ляхавіччыне пачаўся ў звычайным працоўным рэжыме. 26 кастрычніка прамысловыя прадпрыемствы і аграпрамысловы сектар раёна, установы медыцыны і адукацыі, будаўнічая галіна, транспартная сфера, камунальная гаспадарка працуюць без паўз і збояў.
У кватэрах цёпла, грамадскі транспарт ходзіць па графіку, арганізаваны падвоз дзяцей у школы і сады, працуюць магазіны і прадпрыемствы грамадскага харчавання, па звычайным раскладзе шчыруюць работнікі ў заводскіх цэхах, на фермах і мехмайстэрнях і г.д.


Без працоўных паўз. Нашы землякі выказалі свае адносіны да заклікаў апазіцыі аб’явіць забастоўку і не выходзіць на працу.


Таісія МАКАРЭВІЧ, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН:
Забастоўка і супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва – паняцці не сумяшчальныя. На абслугоўванні 73 нашых сацыяльных работнікаў па стане на пачатак кастрычніка знаходзіцца 587 чалавек. А гэта людзі пажылыя, якім патрабуюцца клопат і дапамога амаль штодзень. У сацработніка Востраўскага сельсавета  Валянціны Адамчык на абслугоўванні 12 пенсіянераў рознага ўзросту. Пахаладала, і Валянціне Уладзіміраўне неабходна і паліва прынесці ў дом, і печку распаліць. А яшчэ ў магазін за прадуктамі зайсці, медыкаменты купіць. У Галіны Ламанос з гэтага ж сельсавета, акрамя 12 падапечных, на руках яшчэ і інвалід I групы па зроку. Сям’я сацработніка стала прыёмнай для пажылога чалавека. Таму пра якія паўзы ў рабоце можа ісці гаворка, калі на кану здароўе чалавека.
Гэты панядзелак пачаўся для нас з наведвання Ганчароўскага дома сумеснага пражывання пажылых і інвалідаў. Днямі сюды пераехала 76-гадовая вяскоўка. Паглядзелі, як яна ўладкавалася, узялі яе заяву на пражыванне і перавод пенсіі ў мясцовы паштовы вузел. Сёння ў Ганчарах другі дом знайшлі 12 чалавек, догляд за якімі кругласутачна, з пазменным графікам ажыццяўляюць пяць сацработнікаў. Тут цёпла і камфортна, ды і кормяць па-дамашняму. А яшчэ пастаяльцам з Ганчароўскага дома сумеснага пражывання навучэнцы СШ №1 сабралі і перадалі садавіну і агародніну – каб зіма была смачнай.

Андрэй ЧАЙКОЎСКІ, дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”:
Для таго, каб баставаць няма ні прычын, ні часу. Камунальнікі ў кожны сезоне пры любым надвор’і прыкладаюць усе намаганні і стараюцца працаваць так, каб і гараджанам, і вяскоўцам было камфортна, утульна, каб навокал панавалі чысціня і парадак. Зараз пашачарговая задача—камфортная цёплае паветра ў дамах і кватэрах,установах аховы здароўя і адукацыі, адміністрацыйных будынках, на прадпрыемствах і ва ўстановах. Таксама прадаўжаюцца месячнікі чысціні і збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. І тут камунгас іграе адну з першых скрыпак. Не менш адказныя ўчасткі—забеспячэнне насельніцтва раёна якаснай пітной вадой—спраўляемся і з гэтым. Па-ранейшаму нашы брыгады выязджаюць на выклікі, накшталт, зламаўся кран, праблемы з каналізацыяй, непаладкі з ацяпленнем і г.д. Не сакрэт, што ў інтэрнеце на розных сайтах былі заклікі не плаціць за паслугі ЖКГ. Лічу, што іх не проста шкоднымі, а антыдзяржаўнымі. Як можна не плаціць за тое, чым карысташся? Прычым, літаральна ўсе такога кшталту паслугі жыхары Беларусі аплочваюць не па поўнаму кошту. Акрамя таго, не заплаціце за паслугі сёння, заўтра можаце ўвогуле застацца без цяпла, святла, вады і г.д. На шчасце, жыхары Ляхавічыны не паддаліся на правакацыі і працэнт аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі не знізіўся.