Калі пешаход становіцца «невідзімкай». У Ляхавіцкім раёне, па стане на 25 кастрычніка, зарэгістравана 1353 дарожныя парушэнні
Восенню ў цёмны час сутак ці праз дождж і туман пешаходаў здалёк убачыць цяжка. Дапамагае абазначыць іх святлоадбівальны элемент.
Згодна са статыстыкай, веласіпедысты і пешаходы – найбольш неабароненыя ўдзельнікі дарожнага руху. На Брэстчыне сёлета з удзелам пешаходаў зарэгістравана 198 ДТЗ, у выніку якіх 17 чалавек загінулі і 93 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Што правакуе здарэнні на дарозе? Пераход у неўстаноўленым месцы, адсутнасць флікераў, нецвярозы стан. У 40 выпадках пешаходы самі сталі вінаватымі ў аварыі.
У Ляхавіцкім раёне, па стане на 25 кастрычніка, зарэгістравана 1353 дарожныя парушэнні, з іх 67 учынена вадзіцелямі ў стане алкагольнага ап’янення. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 137 пешаходаў і веласіпедыстаў, з якіх 64 знаходзіліся ў нецвярозым стане. 12 чалавек у цёмны час сутак не мелі з сабой флікераў.
Вадзіцель бачыць пешахода, у лепшым выпадку, за 15-20 метраў, а тармазны шлях аўтамабіля, які рухаецца са скорасцю 60 кіламетраў у гадзіну, на сухім асфальце складае 20 метраў, а на мокрым пакрыцці – удвая больш.
Каб удзельнік дарожнага руху быў бачны, варта загадзя паклапаціцца пра наяўнасць флікера. Максімальны эфект ад выкарыстання святлоадбівальнага элемента дасягаецца тады, калі ён бачны з усіх бакоў. Флікер можна завязаць на рукаве ці калошы, а падвеску прышпіліць да адзення. Яна павінна вісець на вышыні калена з боку праезнай часткі.
Лепш за ўсё выкарыстоўваць адначасова два ці больш элементаў – з правага і левага бакоў. Дарэчы, святлоадбівальныя элементы толькі двух колераў – белага і лімоннага – праходзяць сертыфікацыю і адпавядаюць усім патрабаванням. Флікеры іншых колераў малаэфектыўныя.
Аляксандр АНІКЕВІЧ,
старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.