Сад, дзе жыве дзяцінства. Сёлета дзіцячы сад № 2 адзначае юбілей

Паварочваючы за дом № 46 па вуліцы Леніна, быццам трапляеш у казачную краіну: тут цябе сустракае Фунцік з шарамі, на горцы працуе маленькі млын, а вакол маляўнічыя домікі, з якіх, здаецца, вось-вось пакажуцца казачныя персанажы. Я калісьці і сама хадзіла ў дзіцячы сад № 2. Памятаю, як мяне сустракала выхавальнік Марыя Іванаўна Палуніна, як пасля прагулкі за абедзве шчокі ўплятала любімыя курыныя катлеты, а потым з задавальненнем засынала падчас ціхай гадзіны. Прайшло ўжо 20 гадоў, а гэтыя ўспаміны і сёння выклікаюць у мяне цёплую настальгію. Сёлета дзіцячы сад № 2 адзначае юбілей – установе адукацыі споўнілася 50 гадоў.

Сваю гісторыю дзіцячы сад № 2 пачаў у кастрычніку 1970 года. Паўстагоддзя адрас яго нязменны: вуліца Леніна, 50/1. Першай загадчыцай садка стала Тамара Шуравенкава.

Тады сад быў перапоўнены, успамінаюць тутэйшыя «старажылы», у групы хадзілі па 40-50 дзяцей, працавалі 12 выхавальнікаў. Канешне, складана, але ўсе спраўляліся.

Да 2014 года ўстановай кіравала Людміла Чарнамаз, зараз сад узначальвае Наталля Касцюк. Тут працуюць 24 чалавекі, з якіх 12 педагогаў. Кожны будны дзень бацькі прыводзяць сюды 80 хлопчыкаў і дзяўчынак.

– Каб садок стаў для дзяцей другім домам, у які кожны прыходзіў бы з задавальненнем, важна, каб у ім працавала добрая з’яднаная каманда аднадумцаў, зацікаўленая ў тым, каб тут было камфортна ўсім – і выхаванцам, і выхавальнікам, і іншым супрацоўнікам. І такая каманда за час працы садка № 2 склалася, – упэўнена намеснік загадчыка дашкольнай установы Вікторыя Войцік.

Калектыў дзіцячага садка.

Развіццё дзіцяці залежыць і ад першага педагога. Выхавальнікі не проста сочаць за дзецьмі, у іх абавязкі ўва-ходзяць правядзенне гульняў і святаў, навучанне правілам паводзін за сталом, этыкету, асновам бяспекі. Яны разам з маленькімі падапечнымі рыхтуюцца да школы, вывучаюць лічбы, малююць, лепяць з пластыліну, робяць вырабы з каляровай паперы, прыроднага матэрыялу. Да таго ж ім трэба заўсёды мець зваротную сувязь з бацькамі, падказаць, што ў дзіцяці не атрымліваецца, на што варта звярнуць увагу.

Для выхавальніка Алены Беляновіч дзіцячы садок № 2 стаў першым і адзіным месцам працы. Запіс у яе працоўнай кніжцы датуецца 1982 годам. Праз тры гады сюды ж прыйшла і Алена Равяка. Разам са сваімі калегамі Аленай Зубік, Ірынай Мацкевіч, Аленай Дыдышка яны кожны раз імкнуцца прыдумляць нешта новае і цікавае, каб рабяты гулялі і вучыліся з задавальненнем.

Заўсёды на «падхваце» ў выхавальнікаў іх памочнікі. Яны адказваюць за чысціню ў групах, раздачу ежы, дапамагаюць апранаць і распранаць дзяцей пасля прагулкі. Не першы год на гэтай пасадзе працуюць Ірына Жыхарава, Жанна Юруць, Анжаліка Каваленка, Ала Мамалыга, Юлія Мітко.

Нельга ўявіць садок без вясёлых святаў і ранішнікаў з песнямі і танцамі, казачнымі героямі, гульнямі і віктарынамі. За музычна-творчую частку адказвае музычны кіраўнік Галіна Мароз.

Любоў да спорту і здаровага ладу жыцця хлопчыкам і дзяўчынкам прывівае выкладчык фізічнага выхавання Наталля Буйкевіч.

Настаўнік-дэфектолаг Таццяна Лапцева – актыўны ўдзельнік раённых і абласных конкурсаў і мерапрыемстваў і да таго ж старшыня прафсаюзнай пярвічкі.

Самы малады педагог у садку – псіхолаг Вікторыя Коршун. Яна палюбілася выхаванцам і гарманічна ўлілася ў калектыў.

За смачныя сняданкі і абеды ў садку адказваюць повары Валянціна Бурвель і Вольга Канько. Кастэлянка Вольга Ідрысава вядзе ўлік бялізны і адзення, рэгулярна здае іх у мыццё, займаецца спісаннем зношаных прыладаў. За здароўем маленькіх гарэз сочыць медсястра Святлана Дарашэнка. Нямала работы ў загадчыка гаспадаркі Святланы Шэнец. Новыя домікі, лавачкі, арэлі на тэрыторыі садка – справа рук рабочага па комплексным абслугоўванні Артура Лешыка. Нясуць варту ў начны час вартаўнікі Аляксандр Легеда і Анатолій Піваш.


Повары Валянціна Бурвель і Вольга Канько.

Не забываюць у садку і пра сваіх ветэранаў. Зараз у спісе 21 чалавек. Сярод іх Выдатнік адукацыі Вера Русіна, Любоў Цярэшка, Наталля Зелянеўская, Леакадзія Марозава, Ала Скрунда, Святлана Станіславовіч, Людміла Касцюк, Таццяна Калоша. Кожны год іх віншуюць са святамі, ладзяць сустрэчы.

За паўвека ў садку шмат што змянілася, нязменным засталося адно – бязмежная любоў да сваіх падапечных.

– Не трэба шкадаваць цяпла, любві і клопату пры працы з дзецьмі, бо яны наша будучыня. А значыць, ад нас, работнікаў садкоў, у многім залежыць, якой яна будзе. Да кожнага дзіцяці трэба знайсці свой падыход, кожнага трэба любіць такім, які ён ёсць. А яшчэ выхоўваць у рабят пачуццё ўласнай годнасці і адказнасці за сябе і свае ўчынкі, хваліць, заахвочваць, ствараць усе ўмовы для ўсебаковага развіцця, – гаворыць загадчыца садка Наталля Касцюк.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара, з архіва архіва дзіцячага сада №2.