Актыўнасць тут не лішняя. У мінулы аўторак ГДК г. Ляхавічы стаў эпіцэнтрам прафсаюзнага руху
У мінулы аўторак ГДК стаў эпіцэнтрам прафсаюзнага руху, тут на чарговы савет раённага аб’яднання прафсаюзаў сабраліся актывісты з розных арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў. Справаздачу аб зробленым трымала старшыня РА Тамара Пракап’юк.
Акрамя іншага, яна паведаміла, як расходуюцца сродкі з прафсаюзнага фонду, сфарміраванага з адлічэнняў прафпярвічак. Частка з сабраных 2300 рублёў пайшла на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны – масак, пальчатак, антысептыкаў – для райбальніцы, ТЦСАН. Таксама былі закуплены бескантактныя тэрмометры для вымярэння тэмпературы цела ў аздараўленчы лагер «Чайка», гарадскія навучальныя ўстановы. Намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Гурына спынілася на той значнай рабоце, якую прафсаюзы правялі падчас першай хвалі каранавіруса, і не спыняюць пачатае і цяпер: актыўна аказваецца спонсарская дапамога медыцынскім установам, іншым арганізацыям, дзе яна найбольш патрэбна.
Канкрэтна і падрабязна пра падтрымку тых, хто стаіць на пярэднім краі барацьбы з каранавірусам, расказаў прафсаюзны лідар ляхавіцкіх медыкаў загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення райбальніцы Сяргей Памазанскі. Ён падзякаваў усім, хто не застаўся ў баку ад гэтай надзённай праблемы і па магчымасці дапамагаў людзям у белых халатах.
На тым, як працуе ў іх арганізацыі калектыўны дагавор, акцэнтавала ўвагу старшыня прафкама аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Багдановіч.
Адной з тэм пасяджэння савета стала актуальнейшая на сёння –
абмеркаванне прапаноў па змяненні дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса расказаў пра важнасць канстытуцыйна-прававой рэформы, работу дыялогавых пляцовак з удзелам прадстаўнікоў Ляхавіччыны, дзе абмяркоўваюцца слушныя прапановы, у тым ліку і па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, маладзёжнай палітыкі, дзейнасці сацыяльнай і культурнай сфер. Таксама кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна падкрэсліў, што неабходна быць больш ініцыятыўнымі ў абмеркаванні такога кшталту пытанняў, яны тычацца як усёй краіны, так і кожнага з нас.
У рабоце савета ўзяў удзел старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Кіраўнік раёна падзякаваў прафсаюзным лідарам за значную работу па арганізацыі пытанняў аховы працы, умацаванні вытворчай дысцыпліны, пастаянным кантролі за выкананнем з боку наймальнікаў палажэнняў калектыўнага дагавора і выказаў пажаданне быць больш актыўнымі, ініцыятыўнымі і заўжды заставацца ў гушчыні падзей, апраўдваць аказаны ім землякамі давер.
Галіна КАНЬКО