Беларусь у нашым сэрцы
У мінулую нядзелю ў Беларусі прайшоў самы маштабны за апошнія тыдні рэспубліканскі аўтапрабег у падтрымку міру, стабільнасці і бяспекі. А напярэдадні сваю грамадзянскую пазіцыю выказалі нашы землякі, якія прынялі ўдзел у раённым аўтапрабегу «За Беларусь!».
Каля 120 мінут у дарозе – і мора эмоцый, наскрозь пранізаных пачуццём любві да радзімы, гонарам за людзей, якія працуюць на нашай зямлі і імкнуцца зрабіць сваю краіну яшчэ больш прыгожай, утульнай і заможнай. Аўтапрабег «За Беларусь!», што прайшоў у Ляхавіцкім раёне 7 лістапада, стварыў вакол сябе асаблівую атмасферу і надзвычайную энергетыку. У ім прынялі ўдзел тыя, каму не ўсё роўна, што адбываецца навокал, тыя, хто хоча бачыць Беларусь незалежнай, моцнай, квітнеючай.
Больш за паўсотні аўтамабіляў, упрыгожаных дзяржаўнымі флагамі, шарамі ў колер нацыянальнай сімволікі, стартавалі ад стадыёна «Колас» у райцэнтры. На патрыятычным маршруце, што праходзіў па дарогах рэспубліканскага і мясцовага значэння, аграгарадскіх і вясковых вуліцах, было прадугледжана некалькі важных прыпынкаў. Першы – каля Кургана вечнай Славы. Кветкі і вянкі да яго падножжа – нашчадкі памятаюць, якой цаной нашаму народу дасталася перамога над фашызмам, і ўдзячны за магчымасць жыць пад мірным небам. Аўтакалона спынялася каля помнікаў воінскай славы, брацкіх магіл – тых месцаў, што сталі святымі для многіх пакаленняў ляхавічан. А завяршыўся прабег мітынгам на плошчы Перамогі.
У 75-гадовы юбілей Вялікай Перамогі, у Год малой радзімы наш патрыятызм набывае асаблівы сэнс і асаблівае значэнне. Пра гэта гаварылі многія ўдзельнікі аўтапрабегу.
Прашу слова!
Мікалай МАРОЗ, старшыня райвыканкама:
– Чаканая многімі ляхавічанамі падзея – аўтапрабег «За Беларусь!» –
у мінулую суботу аб’яднала нераўнадушных землякоў, якія бязмерна любяць сваю малую радзіму, штодня працуюць на дабрабыт землякоў, робяць наш утульны горад і раён яшчэ больш прыгожым і гасцінным. Больш за паўсотні аўтамабіляў праехалі па патрыятычным маршруце Ляхавіччыны, шмат землякоў далучылася і ў вёсках. З гонарам, заўсёднай падзякай за мір і спакой на зямлі аддалі даніну памяці тым, хто загінуў дзеля нашага сённяшняга шчасця, усклалі кветкі ля помнікаў і брацкіх магіл. Дзякуй нашым гараджанам і вяскоўцам, якія зрабілі 7 лістапада яшчэ больш святочным, шчаслівым, мірным, пад нашым беларускім флагам.
Ігар Пілінога, начальнік ДРБУ-200:
– Зараз проcта нельга быць абыякавым да таго, што адбываецца. Сваю грамадзянскую пазіцыю чарговы раз выказаў на аўтапрабегу, маршрут якога прайшоў па Ляхавіцкім раёне. У свой выхадны дзень, на сваім асабістым аўтамабілі побач з калегамі, сябрамі, знаёмымі мы пацвердзілі: мы за квітнеючую краіну. Прыемна здзіўлены тым, што сярод удзельнікаў прабегу было шмат моладзі. Не азмрочылі настрой тыя, хто вырашыў сваю палітычную пазіцыю праявіць надпісам на асфальце побач з Курганам Славы. Лічу, што святасць гэтага месца парушаць нельга – гэта кашчунства. Усё, чаго дабіліся такія «графіцісты», – дабавілі работы супрацоўнікам ДРБУ-200, якія б у гэты час маглі, напрыклад, займацца дарожнай разметкай у райцэнтры.
З гонарам пад беларускім дзяржаўным флагам праехаў з іншымі беларусамі і маршрут рэспубліканскага аўтапрабегу «За Беларусь!». Гэта шчасце бачыць людзей, якія разумеюць каштоўнасць міру, цэняць нашу незалежнасць. А сама атмасфера аўтапрабегу нагадвае свята: шчырасць і непадробнасць эмоцый, еднасць і моц беларускага народа. Не перадаць словамі, калі бачыш калону з паўтары тысячы машын. Удзельнікі аўтапрабегу замкнулі кальцо МКАДа: мы расцягнуліся на ўсе 57 кіламетраў дарогі. Гэта было незабыўна. І ніхто не парушыў свята, усе ехалі згодна з правіламі дарожнага руху. Безумоўна, прыемна было сустрэць на аўтапрабегу спявачку Алену Ланскую, мноства фота на памяць, мора эмоцый і добрых успамінаў.
Ніна Прыхач, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі:
– Аўтапрабег атрымаўся! Больш за паўсотні машын, упрыгожаных нашым беларускім флагам, праехаліся па памятных месцах раёна. На жаль, не абышлося без негатыва.
Напярэдадні аўтапрабегу каля Кургана Славы нехта наўмысна раскідаў вялікую колькасць сагнутых цвікоў і пакінуў чырвона-белы «аўтограф» на асфальце. Відавочна, што гэта прызначалася ўдзельнікам аўтапрабегу, але ж у такую пастку трапілі выпадковыя аўтападарожнікі, якія ў гэты дзень таксама спыніліся ля помніка. Як аказалася пасля, пашкоджаны і транспарт камунгаса, які наводзіў там парадак.
У мяне пытанне да тых, хто гэта зрабіў: хто б узяў на сябе адказнасць, калі б здарылася трагедыя? Ці прабачылі б вы сабе, калі б даведаліся, што такія «жарты» каштавалі здароўя і жыцця вашых землякоў? Па гэтай дарозе праязджаюць асабісты і грамадскі транспарт, вялікагрузы. Вы думалі, што гэтыя цвікі маглі б стаць для кагосьці прычынай аварыі? Пра якое сумленне вы тады разважаеце?