У атмасферы творчасці. Ляхавіцкая дзіцячая школа мастацтваў адзначыла юбілей

Больш фота тут

Няхай запланаванае яркае і маштабнае святкаванне 60-годдзя дзіцячай школы мастацтваў горада Ляхавічы ў будучым усё ж здзейсніцца.

Упэўнена, жадаючых павіншаваць установу з такой важкай датай шмат: і пачынаючыя музыканты, выканаўцы, харэографы, мастакі, і выпускнікі, і педагогі, і,  канешне, ветэраны – тыя, хто не адно дзесяцігоддзе прысвяціў сябе гэтай нялёгкай справе – вучыць
мастацтву.

З клопатам пра здароўе землякоў урачысты момант усё ж адбыўся ў сціплых маштабах, але ў цёплай душэўнай абстаноўцы. На мінулым тыдні віншаванні прымаў педагагічны склад школы мастацтваў, для якой гэты год прынёс многа прыемных момантаў. Напрыклад, будынак у цэнтры горада, дзе так утульна займацца навучэнцам харэаграфічнага аддзялення.
Важнасць і значнасць адукацыі, развіцця, якое дзіця атрымлівае падчас навучання ў ДШМ, падкрэсліла дырэктар установы Марыя Лутавінава. Яна шчыра падзякавала настаўнікам, якія заўсёды з натхненнем, жаданнем, адданасцю вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак бачыць, адчуваць, ствараць прыгажосць.
– Заўсёды адчуваеш гонар за такіх людзей, якія сваё жыццё прысвяцілі выхаванню маладога пакалення. Няхай і далей школа папаўняецца таленавітымі юнымі навучэнцамі, педагагічнымі кадрамі, а ўстанове жадаю далейшага працвітання і поспехаў, – павіншаваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
Святочная праграма не была доўгай па часе, але ж запомнілася яркімі музычнымі сюрпрызамі, што падрыхтавалі педагогі. Дарэчы, выступленні трансліраваліся ў прамым эфіры ў Instagram-акаўнце «ЛВ».
Гучныя апладысменты суправаджалі тых, хто ў гэты юбілейны дзень атрымаў заслужаныя ўзнагароды. Дарэчы, і сама школа-юбілярка атрымала падарунак ад мясцовай улады. Новая акустычная сістэма вельмі дарэчы для заняткаў.
Сардэчныя словы гучалі ў адрас педагогаў і ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніны Прыхач.
Каштоўны падарунак школе зрабіў былы дырэктар ДШМ Уладзімір Крук, які аб’яднаў у памятным альбоме гісторыю школы.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.