Перастрахоўка тут не лішняя. На гэтым тыдні ў Беларусі выяўляецца тысяча новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі
Каранавірусная інфекцыя б’е рэкорды па колькасці захварэлых. На гэтым тыдні ў Беларусі выяўляецца тысяча новых выпадкаў кожныя суткі. Ва ўсім свеце колькасць тых, хто заразіўся, набліжаецца да 51 мільёна.
Сустрэць і абясшкодзіць
– Адразу скажу: створаны двухмесячны запас сродкаў індывідуальнай абароны для медработнікаў, у неабходнай колькасці ёсць антысепкі, прэпараты для санітарнай апрацоўкі паверхняў і г. д. Пасля невялікага перапынку, калі хворых з сярэдняцяжкім і цяжкім цячэннем COVID-19 адпраўлялі на лячэнне ў Баранавічы, зноў перапрафілявалі ложка-месцы ў нашай райбальніцы. Пакуль задзейнічаны 24 ложка-месцы ў інфекцыйным аддзяленні і частка з 20 ложка-месцаў у педыятрычным аддзяленні. Пры неабходнасці, калі пацыентаў стане больш, перапрафілюем і іншыя аддзяленні. Пры нарматыве 12 кропак для падачы кіслароду ў наяўнасці 26. Маем сем апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (пры чатырох неабходных).
Цяпер пра кадры. Медыкі таксама хварэюць.Таму, бясспрэчна, ідзе пэўная кадравая перастаноўка: пераводзім на работу з каранавіруснымі пацыентамі медперсанал з іншых аддзяленняў. Канешне, папярэдне нашы работнікі праходзяць перанавучанне ва ўскораным рэжыме, каб аказваць кваліфікаваную дапамогу, – расказвае намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіл Куляшоў.
Тыя, хто перанёс каранавірусную інфекцыю і быў на амбулаторным лячэнні, памятаюць, як да іх прыязджалі дамоў медыкі: паслухаць, памераць сатурацыю, пацікавіцца самаадчуваннем, скарэкціраваць лячэнне і пры неабходнасці ўзяць мазок ці аналіз крыві. Працуюць такія выязныя групы і цяпер.
– На базе паліклінікі – тры кантакт-групы, у складзе кожнай –
урач, яго памочнік ці медсястра, пры неабходнасці і лабарант. Укаранілі і навінку: калі амбулаторнаму пацыенту прызначаецца рэнтгенаабследаванне, то да яго прыязджае аўтамабіль хуткай дапамогі і адвозіць у паліклініку. Яшчэ дзве такія групы замацаваны за Начаўскай і Ліпскай урачэбнымі амбулаторыямі, аказваюць меддапамогу сельскаму насельніцтву, – зазначае Міхаіл Куляшоў.
Паліклінічны алгарытм
Дарэчы, паліклініка па-ранейшаму падзелена на так званыя чыстую і чырвоную зоны. У чырвонай – тры кабінеты для ўрачоў агульнай практыкі, пры неабходнасці кансультуюць гінеколаг, хірург, оталарынголаг. Тут жа працуе працэдурны кабінет, дзе бярэцца біяматэрыял для клініка-дыягнастычных даследаванняў. Засталося абавязковае вымярэнне тэмпературы цела бескантактным апаратам – цеплавізарам. Уваход у паліклініку без медыцынскіх масак забаронены.
–Некаторыя наведвальнікі паліклінікі неадэкватна рэагуюць на такую працэдуру. Абураюцца, маўляў, навошта мне мераць, я здаровы, прыйшоў на медагляд. Бывае, што чалавек не адчувае павышэнне тэмпературы, можа быць вірусаносьбітам і, адпаведна, заражаць іншых. Раю спакойна ставіцца да мер перасцярогі.
Што тычыцца новаўвядзенняў у паліклінічнай практыцы, то спынюся на апошніх. Створаны кол-цэнтр. Па тэлефоне 6-39-04 можна пракансультавацца пра атрыманне лячэбна-дыягнастычнай дапамогі, выпіску рэцэптаў на набыццё лекавых сродкаў на льготнай падставе і за поўны кошт. Нумар 6-39-03 у перыяд з 8 да 16 гадзін прадугледжаны пераважна для тых, хто заўважыў у сябе прыкметы рэспіраторнай інфекцыі і хоча даведацца пра далейшы алгарытм дзеянняў. Нумар 2-15-53 трэба запомніць пацыентам-гараджанам (вяскоўцы могуць звяртацца ва ўрачэбныя амбулаторыі па месцы жыхарства), якія знаходзяцца на бальнічным менавіта па COVID-19: патэлефанаваўшы, яны могуць даведацца пра вынікі аналізаў, удакладніць лячэнне, пракансультавацца па лістку непрацаздольнасці і г. д. Важна звяртацца з канкрэтнай праб-лемай па ўказаных нумарах, каб не перагружаць работу рэгістратуры і тым самым не ствараць нязручнасці для пацыентаў, – тлумачыць загадчык паліклінікі Анатолій Панько.
Зразумела, якая высокая нагрузка цяпер на медыках. Уявіце, у сярэднім за дзень у паліклініку на прыём з разнастайнымі рэспіраторнымі сімптомамі звяртаюцца больш за 150 чалавек, з іх каля 30 – дзеці.
Перш за ўсё – прафілактыка
Аднак, якія б намаганні ні прыкладалі медыкі, наколькі дастатковай ні была забяспечанасць лякарствамі, неабходнымі апаратамі, справіцца з каварным COVID-19 будзе даволі цяжка, пакуль кожны з нас, незалежна ад таго, перахварэў каранавіруснай інфекцыяй, хварэе ці здаровы, не будзе выконваць элементарныя, але такія дзейсныя правілы: насіць маску, захоўваць дыстанцыраванне, мыць рукі ці апрацоўваць іх антысептыкам.
У Мінску, Брэсце, Гомельскай вобласці, а таксама ў некаторых іншых раёнах і гарадах краіны ўведзены абавязковы масачны рэжым, у шэрагу раёнаў дзейнічаюць абмежаванні ў рэжыме работы грамадскіх аб’ектаў – усё з мэтай прафілактыкі і папярэджвання распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку, выкліканых каранавірусам.
Галіна КАНЬКО.