Аграрная кузня. За 63-гадовую гісторыю з яе сцен на сваё першае месца працы адправіліся больш за 14 тысяч выпускнікоў
У сельскай гаспадарцы, як і ў любой іншай сферы, важную ролю адыгрывае падрыхтоўка кадраў. За гэта ў нашым раёне адказвае Ляхавіцкі аграрны каледж. Навучальная ўстанова – аграрная кузня.
На вучобу ў Ляхавічы прыязджаюць рабяты з розных куткоў Беларусі. За 63-гадовую гісторыю ўстановы з яе сцен на сваё першае месца працы адправіліся больш за 14 тысяч выпускнікоў.
Атрымаць тэарэтычныя веды, а таксама адпрацаваць навыкі на практыцы хлопцы і дзяўчаты могуць па чатырох спецыяльнасцях: ветэрынарная медыцына, заатэхнія, агранамія, плодаагародніцтва.
У распараджэнні будучых аграрыяў і іх выкладчыкаў 29 абсталяваных лабараторый і 15 кабінетаў для арганізацыі практычных заняткаў. Таксама ўдасканальваць свае веды рабяты могуць на калекцыйным доследным полі, у садзе з пладовым гадавальнікам, цяпліцах,гадавальніку з лекавымі раслінамі, майстэрнях, на пчальніку. У ветэрынарнай клініцы са стацыянарам будучыя ветэрынары даглядаюць за каровамі, авечкамі і конямі.
Не першы год каляджан-практыкантаў у сябе прымаюць СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», Ляхавіцкая раённая ветэрынарная станцыя.
Дарэчы, рабяты, якія не маюць супрацьпаказанняў па здароўі, могуць за час вучобы атрымаць правы на катэгорыі А і В, а таксама паралельна са сваёй спецыяльнасцю асвоіць прафесію садавода, агароднінавода, аператара машыннага даення, аператара па штучным асемяненні жывёл і птушак, кладаўшчыка.
Першае месца працы выпускнікоў аграрнага каледжа часцей за ўсё ў арганізацыях вобласці. Так, у 2020 годзе 80 працэнтаў новаспечаных аграрыяў адправіліся ў сельгасарганізацыі Брэстчыны. А для 25 працэнтаў сёлетніх выпускнікоў Ляхавіцкі аграрны каледж стаў грунтоўным падмуркам для працягу вучобы ў аграрных ВНУ Беларусі.
У 2021 годзе, як паведамілі ў каледжы, з-за змяненняў у праграме выпускныя пройдуць раней – на сваё першае месца працы маладыя спецыялісты адправяцца ўжо ў сакавіку – маі.