Сэрвісмены са стажам. Ляхавіцкі райаграсэрвіс працуе ўжо не першае дзесяцігоддзе
Яны пачыналі яшчэ тады, калі слова «сэрвіс» мела ці не нулявое выкарыстанне. Адпаведна, не існавала і арганізацыі з сённяшняй назвай – райаграсэрвіс. Васілій Курловіч і Віктар Шчука ўладкоўваліся на працу яшчэ ў Ляхавіцкую сельгастэхніку больш за чатыры дзесяцігоддзі назад вадзіцелямі, імі і працягваюць заставацца. Такая вось, ва ўсіх сэнсах, дарога!
Галоўны аграном прадпрыемства Марына Быкава адзначае сціпласць і сумленнасць іх характараў, высокі прафесіяналізм, прадукцыйную і якасную работу на любым з даручаных участкаў. Гэта можа быць і зернеўборка, і ўдзел у корманарыхтоўках, і любыя іншыя, у залежнасці ад сезона, аўтатранспартныя падрады.
З завяршэннем жніва, на якое «глядзеў» з мастка збожжаўборачнага камбайна, Аляксандр Буйкевіч перасеў за руль трактара. Працаваў з сеялкай і справу сваю выконваў, як належыць умеламу механізатару, граматнаму і вопытнаму аграрыю. Анатолій Лешык – аграрый высокага палёту і механізатар самага шырокага профілю.
– Куды не пастаў – не падвядзе, – вельмі ёмкую адзнаку атрымаў ён ад свайго галоўнага агранома. Як і год, і дзесяць, і больш назад, сёлета Анатолія «ставілі» на граблі-валкавальнік, прэс-падборшчык, культыватар, іншыя сельгаспрылады. Не падвёў!
У шэрагу названых сэрвісменаў Андрэй Юруць, бадай, найбольш вядомы, хоць і не самы вопытны. Апошнім часам працуе на пагрузчыку, а ў жніўныя тыдні лета камбайнаваў зерневую ніву. Сваёй «традыцыі» быць на перадавой Андрэй не здрадзіў –
паказаў намалот, варты майстра.