Колас важкі, надоі ўражваюць. ААТ «Жарабковічы» сёлета прызнана пераможцам раённага спаборніцтва

Дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты і адны з лепшых работніц гаспадаркі Алена Навалочка, Алена Капуста, Наталля Карповіч, Таццяна Лук’янчык.

Напэўна, не будзе вялікім перабольшваннем, калі сказаць: сёлетнія абласныя «Дажынкі» праходзілі пад сузор’ем «Жарабковічаў». Што ні намінацыя – сярод пераможцаў і прызёраў прозвішчы рупліўцаў хлебнай нівы аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны.

ААТ «Жарабковічы» сёлета прызнана пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. А старшыя камбайнеры Сяргей Масцілоўскі, Сяргей Турко, Віктар Клемяня занялі ўвесь п’едэстал жніўнай раённай Дошкі гонару. Іх намалоты самыя высокія на жніве-2020.
Вышэйшы ўборачны пілатаж  паказалі і брыгады зернесушыльных установак з «Жарабковічаў». Сярод лепшых зерне-сушыльшчыкаў Вадзім Кудзін, Мікалай Каваленка, Аляксандр
Лойка, Валерый Таранда, Вячаслаў Мазюк, Віктар Лойка, Аляксандр Пілецкі.
Сваё важкае слова падчас уборачнай кампаніі сказалі і вадзіцелі на адвозцы збожжа. Міхаіл Праневіч заняў трэцяе месца сярод калег па цэху, а Арцёму Чаркасу не было роўных сярод маладых вадзіцеляў.
Яшчэ адзін жарабковіцкі хіт – рапс. Пад гэту культуру сёлета ў гаспадарцы было адведзена 1100 гектараў. І ўрадзіў рапс на славу: атрымалі па 35,9 цэнтнера на круг. Хопіць і на продаж, і для перапрацоўкі на ўласным міні-заводзе – рапсавы алей цяпер у цане і пашане.

Аграном Наталля Валюжэніч.


І ў жывёлагадоўчай галіне ААТ «Жарабковічы» – адно з бясспрэчных раённых лідараў. Гэта сельгаспрадпрыемства самае маштабнае па статку, які налічвае 9037 жывёлін, з якіх 2821 – каровы. Для іх належныя ўмовы створаны на дзевяці малочнатаварных фермах, трох цялятніках, авечкаферме і комплексе па адкорме БРЖ. За дзесяць месяцаў у сярэднім ад кожнай каровы тут надаілі 5062 кілаграмы малака, і гэта  плюс 220 кілаграмаў да аналагічнага мінулагодняга перыяду. Што за істотнай прыбаўкай?
– Летась крыху збавілі па прычыне таго, што пасля далучэння да нас «Тальмінавічаў» набылі іх малапрадукцыйны статак. Каб паправіць сітуацыю, пераглядзелі рацыён БРЖ, узмацнілі кармавую базу, што істотна паўплывала на надоі, – расказвае намеснік дырэктара ААТ Алена Навалочка. Калі браць у разрэзе МТФ, то лідзіруюць «Чашчы» (брыгадзір Ігар Бубенчык), у сярэднім за дзесяць месяцаў кожная рагуля дала 6392 кілаграмы малака. Далей ідуць «Зарытава» (брыгадзір Аляксандр Чывель) – 5456 кілаграмаў, «Дамашы» (брыгадзір Таццяна Пірштук) – 5381 кілаграм. У асабістым заліку майстар-клас пацвярджаюць перадавыя аператары машыннага даення Наталля Карповіч («Дамашы»), Алена Ківель («Жарабковічы»), Наталля Вайцяхоўская («Гулічы»).
Прагрэс назіраецца і ў вырошчванні буйной рагатай жывёлы – 104,6 працэнта ў параўнанні з такім жа перыядам 2019 года. Самых важкіх сярэднясутачных прываг на дарошчванні БРЖ дасягнулі даглядчыкі з МТФ «Дамашы» Алена Капуста (866 грамаў), Святлана Валажынская (812 грамаў), Наталля Пранько (794 грамы).
У гаспадарцы не спыняюцца на дасягнутым. Ідзе рэканструкцыя МТФ «Гулічы», «Зарытава», у планах – будаўніцтва цэхаў сухастою ў «Зарытаве» і «Сваятычах». Але самае асноўнае – павышаецца даб-рабыт тутэйшых працаўнікоў. Бо менавіта ад іх зацікаўленай сумленнай працы залежаць і сённяшні, і заўтрашні дзень гаспадаркі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Механізатары Віктар Клемяня і Сяргей Зянько.