Рэцэпт стабільнасці. Рэцэпт паспяховай працы ў ЗАТ «Белпрампрыбор» ведаюць дакладна
Рэцэпт паспяховай працы ў ЗАТ «Белпрампрыбор» ведаюць дакладна: любоў да сваёй справы, парадак, дысцыпліна і працавіты калектыў. Тое, што рэцэпт працуе, гаспадарка не першы год пацвярджае на ўласным прыкладзе: «Белпрампрыбор» стабільна ў ліку перадавікоў у раслінаводстве, корманарыхтоўцы і жывёлагадоўлі.
Не стаў выключэннем і 2020-ы. Сёлета гаспадарка стала лепшай на ўборцы рапсу: ураджайнасць склала 36,4 цэнтнера з гектара. Як адзначае намеснік кіраўніка гаспадаркі Андрэй Вараб’ёў, з дня ў дзень, з раніцы і да поз-няга вечара аграрыі добрасумленна працавалі на жніве. За штурваламі камбайнаў, за рулём трактароў і грузавікоў – людзі вопытныя, якія дакладна ведаюць і разумеюць, якая адказнасць на іх штогод ляжыць.
У спісе лепшых у штогадовым раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур на першым месцы вадзіцель «Белпрампрыбора» Аляксандр Бублеўскі, які на аўтамабілі ГАЗ перавёз 1086 тон збожжа.
ЗАТ штогод сярод лепшых у нарыхтоўцы кармоў. Па выніках уборачнай у гаспадарцы намалацілі 2748 тон збожжа. Ураджайнасць склала 37,2 цэнтнера з гектара.
Ладзіцца ў гаспадарцы і ў малочнай жывёлагадоўлі. Малако адсюль ідзе на перапрацоўку гатункам экстра. «Белпрампрыбор» на другім месцы ў раёне па таварнасці малака – 92,2 працэнта. Прыкладам для калег застаецца праца аператараў машыннага даення Марыны Чарэднік і Таццяны Зубік.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.