Музейная зімоўка. Экспанаты музея пад адкрытым небам часова прапісаліся ў Дараўскім ВПК

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Музей пад адкрытым небам часова змяніў прапіску. Макеты архітэктурных помнікаў раёна з берага ракі Ведзьма пераехалі на зімоўку ў Дараўскі вучэбна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад – сярэдняя школа».

Восеньская непагадзь не на карысць стану экспанатаў музея. Таму было прынята рашэнне знайсці ім часовы дом.
Дараўскія рабяты з’яўленню ў сценах школы міні-варыянтаў касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, Святадухаўскай царквы, сядзіб Чарноцкіх і Бохвіцаў, Абуховічаў і іншых задаволены. Настаўнікі скарысталіся магчымасцю і наладзілі з навучэнцамі завочныя падарожжы па малой радзіме. Урокі на такім фоне не толькі пазнавальна-цікавыя, але і наглядна-пераканаўчыя.
– Знаходжанне ў школе міні-музея і цэнтра па духоўна-маральным выхаванні – удалае спалучэнне дзеля развіцця школьнікаў. Макеты расстаўлены ў фае першага і на трэцім паверсе школы і прыцягваюць увагу рабят, якія пачынаюць шукаць інфармацыю пра гэтыя аб’екты, – адзначыла дырэктар Дараўскага ВПК Таццяна Жучэня.
Намеснік дырэктара Святлана Бірукова расказала, што нядаўна гасцямі рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаваннi былі хлопчыкі і дзяўчынкі з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу горада Баранавічы. Для рабят правялі экскурсію па ўстанове, пазнаёмілі з дзейнасцю цэнтра. Яны з задавальненнем адправіліся ў завочнае падарожжа па Жыровіцкім манастыры, прынялі ўдзел у квэст-гульні «Жаночы вобраз у праваслаўі». Асаблівую
цікавасць выклікала станцыя «Геральдыка беларускіх гарадоў», на якой неабходна было суаднесці гербы беларускіх гарадоў з іх назвамі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.