Дыстанцыя ўзаемабяспекі. Ёсць пытанне ад «ЛВ»
У паліклініках доўгія чэргі, адкрыты кол-цэнтры, па ўсёй краіне ўведзены масачны рэжым, дзейнічаюць абмежаванні на правядзенне масавых мерапрыемстваў. На дапамогу медыкам адпраўляюцца студэнты старэйшых курсаў медыцынскіх ВНУ, зноў перапрафілюецца ложкавы фонд для шпіталізацыі кавід-пацыентаў.
На ўваходзе літаральна ўсіх гандлёвых кропак аб’ява з заклікам абавязкова насіць маску дзеля сваёй бяспекі і бяспекі іншых.
Як ляхавічане ставяцца да абавязковага масачнага рэжыму і наколькі старанна яго захоўваюць – тэма чарговага апытання «ЛВ».
Віталій ЦІХАНАЎ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна:
– Першая хваля COVID-19 многаму навучыла як медыкаў, так і кожнага з нас у плане прафілактыкі, культуры супрацьэпідэмічных паводзін. Масачны рэжым у спалучэнні з сацыяльным дыстанцыраваннем – эфектыўны спосаб супрацьстаяць хваробе. Абавязковае нашэнне масак у тых месцах, дзе дыстанцыравацца ад іншых людзей немагчыма ці праблематычна. Як правіла, гэта магазіны, аб’екты грамадскага харчавання, установы аховы здароўя, транспарт, аддзяленні паштовай сувязі, банкі і г. д. Штрафы за адсутнасць масак для насельніцтва не прадугледжаны, адказнасць за захаванне масачнага рэжыму нясе адміністрацыя вышэйпералічаных устаноў. Так што пры дзеянні масачнага рэжыму пры адсутнасці маскі вам могуць адмовіць у абслугоўванні.
Супрацоўнікі райЦГіЭ прадаўжаюць праверку захавання супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў ва ўстановах аховы здароўя, школах, дзіцячых садках, гандлёвых кропках, на аб’ектах камунальнага і бытавога абслугоўвання. Адзначу, што парушэнняў становіцца менш, грамадзяне больш адказна ставяцца да захоўвання мер перасцярогі.
Па-ранейшаму прадаўжаем кантраляваць правілы захоўвання каранціну грамадзянамі, якія знаходзяцца на самаізаляцыі.
Таццяна Іванаўна, ляхавічанка:
– Асабіста я, адназначна, за ўвядзенне абавязковага масачнага рэжыму. Калі была першая хваля, я і муж насілі маску і пальчаткі на рабоце. Працую з дзеткамі, таму такія меры важныя для майго здароўя, для здароўя калег і, канешне, выхаванцаў. Стараліся як мага радзей хадзіць па магазінах, у асноўным рабілі гэта вечарам у выхадныя дні ці карысталіся паслугай дастаўкі прадуктаў на дом. Лічу, што менавіта дзякуючы ўсім гэтым мерам засцерагліся ад каранавіруса ў першую хвалю.
Цяпер мая сям’я вярнулася да масак і іншых кавідных аксесуараў. Хацелася, каб і іншыя людзі таксама не забывалі пра меры перасцярогі. Лепш часовыя нязручнасці, чым потым доўга лячыць кавід і яго наступствы.
Святлана ЛЮКІШ, жыхарка раёна:
– Да антыкаранавірусных мер стаўлюся з разуменнем, масачнага рэжыму прытрымліваюся.
Паўсюль вісяць аб’явы, што без масак заходзіць нельга. Давялося таксама адзяваць маску, хаця, шчыра кажучы, раней яе асабліва не насіла – ні на рабоце, ні калі ішла ў магазін. Надзявала, калі хадзіла ў паліклініку праходзіць санітарную кніжку.
Аляксей Фёдаравіч, ляхавічанін:
– А я супраць масак. У каго моцны імунітэт, таму ніякі каранавірус не страшны. А калі чалавек хваравіты, то маскі таксама не выратуюць. Трэба есці мёд, займацца фізічнай працай, больш бываць на свежым паветры – ніякая хвароба не прычэпіцца…
Ксенія Сяргееўна, прадавец:
– На рабоце маска – абавязковы атрыбут, нам іх выдаюць.
За столькі месяцаў прывыкла. Не скажу, што вельмі камфортна,
але ж бяспека перш за ўсё. За дзень столькі пакупнікоў у магазіне. Раней у масках была толькі невялікая частка, нямногія карысталіся і антысептыкам, які ўстаноўлены каля ўваходу. Цяпер, канешне, сітуацыя змянілася.
Дамашнія – муж і дзеці – таксама носяць маскі. Лічу гэта абавязковым. Мала прыемнага, калі едзеш у грамадскім транспарце, а каля цябе кашляюць. П’ём вітаміны, больш ужываем у ежу лімонаў, яблы-каў, дабаўляю ў стравы імбір, куркуму, п’ю морсы з журавін.
Запісала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.