Стратэгія партнёрства. У Ляхавічах адбыўся семінар-трэнінг па прыцягненні міжнароднай тэхнічнай дапамогі ці замежнай бязвыплатнай дапамогі
Маеце ідэю, гатовы прапанаваць ініцыятыву, якая заклікана палепшыць жыццё вялікага кола людзей, але не ведаеце, дзе ўзяць сродкі на ўвасабленне?

У Ляхавічах у мінулую пятніцу адбыўся семінар-трэнінг па прыцягненні міжнароднай тэхнічнай дапамогі ці замежнай бязвыплатнай дапамогі для вырашэння важных лакальных, рэгіянальных і агульнанацыянальных праблем. Каля двух дзесяцігоддзяў Еўра-пейскі Саюз застаецца яе самым буйным пастаўшчыком. Атрымаць міжнароднае фінансаванне – свайго роду конкурс, спаборніцтва, якое не кожнаму па сілах. Таму важна правільна саставіць праектную заяўку, дзе не проста апісаць праблему, а пабудаваць ланцуг з прычынна-следчых сувязяў. Вопытам з кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, начальнікамі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, старшынямі сельвыканкамаў і з іншымі дзялілася начальнік аддзела турызму ўпраўлення спорту Навагрудскага райвыканкама Кацярына Ківач.
Цікава і ў даступнай форме расказала, што патрабуецца пры напісанні праекта, і якія вынікі ён павінен мець, каб быць заўважаным і ацэненым. А Навагрудчыне ёсць чым падзяліцца з іншымі. У раёне атрымальнікамі грантаў ЕС/ ПРААН сталі розныя сферы: турызм і культура, жыллёва-камунальная гаспадарка і энергетыка, сацыяльная абарона. Пабудавана станцыя сартавання цвёрдых камунальных адходаў, устаноўлены дзве сотні кантэйнераў для паасобнага збору смецця і 150 энергаэфектыўных вулічных свяцільняў, сонечныя вакуумныя калектары для падагравання вады, сістэма гарачага водазабеспячэння для райбальніцы (на аснове сонечнай энергіі), набыты два смеццявозы, створаны і абсталяваны эколага-інфармацыйны цэнтр і многае іншае.
Галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука падкрэслівае, што семінар стаў своеасаблівым абагульненнем ведаў, атрыманых падчас абмену вопытам. Да гэтага ляхавічане пабывалі на Навагрудчыне і мелі магчымасць убачыць вынікі міжнароднага фінансавання ў паўсядзённым жыцці.
Дарэчы, прадстаўнік любой сферы пры жаданні можа стаць аўтарам праекта і заявіць пра сваю ідэю. Кацярына Ківач пакрокава, з веданнем справы тлумачыла ўдзельнікам семінара неабходныя дзеянні, паслядоўнасць работы з праектам, папярэджвала памылкі ў яго апісанні, адзначыла Таццяна Шчука.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.