Вялікія наваселлі. У мінулы аўторак на Ляхавіччыне іх было два
Адно нядаўняе наваселле – з вясковым адрасам, яшчэ адно – у горадзе. Абодва чаканыя, важныя і адметныя.
У Крывошыне афіцыйна пачаў працаваць дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.
А ў Ляхавічах будаўнікі здалі ў эксплуатацыю 60-кватэрнік.
Сярод шчаслівых навасельцаў шматкватэрніка ў райцэнтры – мнагадзетная сям’я ляхавічан Болтуцяў .
Цёплы дом
У мінулы аўторак на базе былой участковай бальніцы ў вёсцы Крывошын урачыста пачала адлік сваёй гісторыі новая сацыяльная ўстанова – псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.
На цырымонію адкрыцця прыехала шмат гасцей – з Мінска, Брэста, Ляхавічаў і, канешне, завіталі тутэйшыя жыхары. Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзій Барысюк і дырэктар ДУ «Крывошынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» Алег Траццяк.
На ўрачыстасць таксама завіталі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Генадзій Скробат, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, старшыня абкама Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Вячаслаў Дашкевіч, начальнік Бярозаўскай СПМК-22 Рыгор Бабіч.
Ірына Касцевіч падкрэсліла, што дзяржава клапоціцца пра пажылых грамадзян, якім асабліва неабходна дапамога, па краіне такіх дамоў-інтэрнатаў цяпер ужо разам з Ляхавіцкім 91.
– Веру, не толькі па назве, але і па той атмасферы, што тут будзе панаваць, створаных умовах, клапатлівым персанале, установа стане сапраўдным домам для пастаяльцаў. Наша галоўная агульная задача – дапамагчы пажылым і людзям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця жыць з камфортам. З гэтай мэтай у кожным раёне краіны створаны і паспяхова працуюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Для тых, каму патрабуецца кругласутачная дапамога і пастаянны медыцынскі нагляд, ствараюцца дамы-інтэрнаты. Сёлета на іх утрыманне з бюджэту накіравана 224 мільёны рублёў, – падкрэсліла міністр працы і сацыяльнай абароны.
Яна адзначыла: разам з наваселлем вырашаецца яшчэ адна важная праблема, якая асабліва актуальная для сельскіх населеных пунктаў, – стварэнне новых працоўных месцаў. Пры поўным засяленні дома-інтэрната на розных пасадах тут будуць працаваць каля 80 чалавек, у асноўным – жыхары бліжэйшых вёсак.
– У нашай вобласці 11 такога кшталту ўстаноў, разлічаных на 2383 ложка-месцы. Разам з тым была неабходнасць некаторыя дамы-інтэрнаты разгрузіць, існавала чарга з жадаючых трапіць у лік тутэйшых пастаяльцаў. Улічыўшы гэтыя факты, два гады назад Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне аб адкрыцці яшчэ адной аналагічнай установы. Адрасам новага сацыяльнага аб’екта стаў будынак былой амбулаторыі Крывошынскай участковай бальніцы. Гэта вывераны рацыянальны падыход: не ўзводзіць новабудоўлю, а на надзейным фундаменце шляхам мадэрнізацыі і перапрафілявання ствараць новыя аб’екты. Рамонтныя работы, абсталяванне, мэбля, бытавая тэхніка і шмат чаго іншага неабходнага – усё абышлося дзяржаве ў 1,5 мільёна рублёў, – адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзій Барысюк.
Створаны ўсе неабходныя ўмовы, каб навасельцы адчувалі сябе як дома. Кругласутачна працуюць медыкі: урач, медсёстры, санітаркі. Паклапаціліся і пра культурны адпачынак – падабралі ў бібліятэку цікавы кніжны фонд, газеты, часопісы – з гэтым дапамаглі валанцёры з БРСМ. Тут даволі прасторная актавая зала, ёсць пакоі для заняткаў лячэбнай фізкультурай, а таксама працэдурныя кабінеты. У холах устаноўлены тэлевізары. Усе жадаючыя змогуць займацца творчасцю.
– Імкнёмся арганізаваць быт нашых пастаяльцаў так, каб ім тут было добра і цікава, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі, пакінутымі і непатрэбнымі. Пакуль мы прынялі 17 чалавек – мужчын і жанчын ва ўзросце ад 30 да 71 года, якія прыехалі з розных раёнаў Брэстчыны. Усяго ўстанова разлічана на адначасовае пражыванне 110 чалавек, – расказвае Алег Траццяк.
Галіна КАНЬКО.
Мары спраўджваюцца
Гаспадары кватэр, уласнікі жылля, уладальнікі квадратных метраў – як ні назаві навасельцаў, што хутка заселяць пяціпавярховы дом па вуліцы Чкалава, 21а ў райцэнтры, гучыць шчасліва-натхняльна. 24 лістапада адбылася яго ўрачыстая здача ў эксплуатацыю. 60 кватэр, пяць паверхаў, тры пад’езды і сонечна-каляровае аздабленне – так выглядае новабудоўля, якую чакалі, пра якую марылі. Каля дома велапаркоўка, стаянка для аўтамабіляў, на кожным пад’ездзе ўстаноўлены камеры відэаназірання. Маецца сапраўдны гульнёвы гарадок: пляцоўка з арэлямі, турнікамі, горкай і разнастайным іншым абсталяваннем. Асаблівасць дзіцячай тэрыторыі ў тым, што вымашчана яна рызінавымі плітамі – бяспечна і зручна. Уладкавана зялёная зона. Усё зроблена з густам і клопатам – тут будуць жыць 44 мнагадзетныя сям’і, 15 кватэр адносяцца да сацыяльнага жылля (для асобных катэгорый грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў) і адна кватэра для супрацоўніка РАНС.
Увод жылля ў эксплуатацыю – падзея не радавая. Шчаслівых навасельцаў віншавалі міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч, намеснік старшыні аблвыканкама Генадзій Барысюк, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, іншыя адказныя асобы.
Намеснік старшыні аблвыканкама Генадзій Барысюк адзначыў, што двайное наваселле ў Ляхавіцкім раёне чарговы раз даказвае: палітыка нашай дзяржавы мае сацыяльна арыентаваную накіраванасць не на словах, а на справе. З такіх падзей у кожным маленькім і вялікім горадзе складваецца агульнае жыццё краіны.
Узводзім жыллё – будуем перспектыву заўтрашняга дня. Горад павялічваецца і расце, і гэта радуе, падкрэсліў кіраўнік раёна.
Пра ўласную кватэру Аляксандр і Людміла Болтуці марылі даўно, стаялі ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, а наблізіліся да мары два з паловай гады назад, калі нарадзілася дачка Валерыя, і сям’я атрымала статус мнагадзетнай. Падрастаюць два сыны – пяцікласнік Арцём і дзевяцікласнік Максім. Максім, дарэчы, не раз паспяхова абараняў спартыўны гонар раёна на спаборніцтвах – займаецца лёгкай атлетыкай. Ключ ад двухпакаёўкі Аляксандру і Людміле перадаў начальнік ПМК-13 Данііл Скрыцкі. Менавіта будаўнікі ПМК-13 узвялі дом менш як за сем месяцаў. Каб укласціся ў тэрмін, шчыравалі на аб’екце каля сотні работнікаў і вахтавым метадам. 30 аднапакаёвых, па 15 двух- і трохпакаёвых кватэр гатовы да засялення: светлыя, прасторныя пакоі, у якіх паклеены шпалеры, пакладзены ламінат, маецца сантэхніка, металічныя ўваходныя дзверы, стаіць газавая пліта.
Сям’я Болтуцяў не хавае радасці ад таго, што будуць жыць у сваёй кватэры, тым больш і падтрымка дзяржавы важкая. Для мнагадзетных большую частку крэдыту кампенсуе дзяржава. Сем’ям, дзе выхоўваюцца чацвёра і больш дзяцей, крэдыт пагашаецца поўнасцю.
…Пад песні народнага ансамбля народнай песні «Крыніца» ГДК госці ўрачыстасці і навасельцы адправіліся на экскурсію па новабудоўлі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.