Беларуская выцінанка да дыплома прывяла. Навучэнкі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вярнуліся з узнагародамі з конкурса юных майстроў
Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны цэнтр маладзёжнай творчасці арганізавалі конкурс юных майстроў «Усё ў тваіх руках» у рамках абласной выставы дзіцячай творчасці «Берасцейшчына: традыцыі і святы».
Ад кожнага раёна для ўдзелу ў конкурсе былі дэлегаваны двое навучэнцаў. Ляхавіцкі раён прадстаўлялі навучэнкі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ангеліна Трыбух з аб’яднання па інтарэсах «Лянок» (кіраўнік Наталля Махляр) і Ганна Адаська з аб’яднання па інтарэсах «Прынт-майстэрня» (кіраўнік Наталля Паддубная).
Спаборнічалі юныя майстры ў намінацыях «беларуская традыцыйная выцінанка» і «сучасныя напрамкі: квілінг, арыгамі, скрапбукінг».
Тэма заданняў – традыцыйныя беларускія святы. Кожнаму навучэнцу прапаноўвалася распрацаваць канцэпцыю конкурснай работы, падрыхтаваць эскіз і выканаць выраб.
Кожны ўдзельнік конкурсу творча прадстаўляў сваю работу. У выніку абедзве ляхавічанкі вярнуліся дадому з узнагародамі.
У намінацыі «сучасныя напрамкі: квілінг, арыгамі, скрапбукінг» Ангеліна Трыбух узнагароджана дыпломам III ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.
– Сваю работу я прысвяціла Вялікадню. Адна з галоўных яго традыцый – расфарбоўванне яек. Менавіта яе і «абыграла»: зрабіла паштоўку з выявай яйка ў акружэнні першых вясновых кветак. Сам конкурс вельмі спадабаўся, – дзеліцца ўражаннямі Ангеліна Трыбух.
У намінацыі «беларуская традыцыйная выцінанка» Ганна Адаська ўзнагароджана дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота з архіва ЦДАДіМ.