Цуд таксама важны. Магчымасць звярнуцца ў грамадскую прыёмную – гэта не толькі вырашэнне асабістых спраў, гэта, у першую чаргу, удзел у жыцці дзяржавы
Для вырашэння пытання часам дастаткова проста звярнуцца і абазначыць спрэчны момант, у такой зваротнай сувязі можна высветліць дэталі, зняць праблему або знайсці шляхі да кансэнсусу. Магчымасць звярнуцца ў грамадскую прыёмную – гэта не толькі вырашэнне асабістых спраў, гэта, у першую чаргу, удзел у жыцці дзяржавы. Унясеннем сваіх прапаноў, змяненняў у сацыяльна-культурнае жыццё, эканоміку, Канстытуцыю дзяржавы грамадзяне «праектуюць» краіну,
у якой жадаюць жыць.
У мінулы панядзелак па заведзенай традыцыі працавала грамадская прыёмная. На гэты раз выслухаць заяўнікаў была гатова начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Карыстаючыся магчымасцю, у прыёмную звярталіся па тэлефоннай сувязі. І тэмы ўзнімаліся, як і належыць у гэты час, навагоднія.
Сярод актуальных – ці чакае ляхавічан запрашэнне на навагоднюю ёлку, ці парадуюць сваім святочным шэсцем Дзяды Марозы і Снягуркі.
– Не хвалюйцеся. Навагодні настрой і святочную атмасферу ніякі каранавірус адняць у нашых землякоў не зможа. Пакуль арганізатары працуюць над тым, каб святы засталіся ў памяці надоўга. Плануецца, што адкрыццё галоўнай прыгажуні навагоддзя адбудзецца 23 снежня. Астатнія падрабязнасці пазней з’явяцца ў раёнцы. Але ж кожнаму варта памятаць пра сваё здароўе, а значыць, пра масачны рэжым і сацыяльную дыстанцыю.
Яшчэ адно пытанне тычылася навагодняй ёлкі: калі яна ўжо апранецца ў звычайны калючы ўбор. Прыкладна 15 снежня цуды завітаюць і на цэнтральную плошчу райцэнтра.
Маргарыта КУХТА.