У імя здароўя. Ганаровымі граматамі Беларускага фонда міру адзначаны ляхавіцкія медыкі

Раіса Сенько (справа) і Наталля Грынялевіч

«Дзякуй, медыкі!» – сёння гучыць як шчырае прызнанне прафесіяналізму ўрачоў, медыцынскіх сясцёр, фельчараў, лабарантаў, усіх тых, хто стаіць на варце здароўя землякоў.

Медыкі, нягледзячы на вялікую нагрузку, стойка супрацьстаяць напружанай эпідсітуацыі. Добрыя словы ад пацыентаў, павага і разуменне – тая апора, якая надае ім сілы.
Каб падтрымаць медыкаў маральна і матэрыяльна, грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд міру» яшчэ ў кастрычніку запусціла рэспубліканскую дабрачынную акцыю «Паклон вам нізкі, нашы доктары!». У мінулы аўторак у райбальніцы старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонда міру Ларыса Юшкевіч адрасавала медыкам словы сардэчнай удзячнасці за іх працу на перадавой здароўя і ўручыла людзям у белых халатах узнагароды.
Ганаровымі граматамі Беларускага фонда міру адзначаны намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Раіса Сянько, урач-дэрматавенеролаг Анастасія Пташнік, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе аддзялення ўрачэбнай практыкі Наталля Грынялевіч.


Раіса Сянько ў медыцыне з 2012 года – пачынала ўрачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам у Баранавіцкай гарадской бальніцы. У Ляхавіцкай ЦРБ на пасадзе з лютага 2020-га, і ёй адразу давялося праявіць, акрамя прафесійных, арганізатарскія здольнасці: каардынаваць работу ў стацыянары з кавіднымі пацыентамі. Акрамя іншага, Раіса Міхайлаўна яшчэ і практыкуючы ўрач. Лічыць, што для медыка галоўная з прафесійных якасцяў – імкненне дапамагаць людзям.
Другі месяц Анастасія Пташнік – дзяжурны ўрач  у інфекцыйным аддзяленні райбальніцы, вядзе прыём і ў паліклініцы. Графік працы даволі напружаны, але, адзначае медык, калектыў у іх дружны, заўсёды падтрымліваюць адзін аднаго. Падкрэслівае, што стымул працаваць, калі хворы выздараўлівае, калі ў цячэнні захворвання назіраецца станоўчая дынаміка.

Ляхавіцкая райбальніца – першае і адзінае месца працы памочніка ўрача Наталлі Грынялевіч.  У два дзесяцігоддзі медстажу ўвайшлі і праца масажыстам, фельчарам ФАПа, на хуткай. Зараз Наталля Грынялевіч каардынуе работу кантактных груп па выездзе, наведванні і назіранні за кавіднымі пацыентамі на даму. У нейкай ступені яе абавязкі падобныя на дыспетчарскія, ад граматных дзеянняў часцяком залежыць многае.
– Сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць, што дзякуючы сумеснай зладжанай рабоце нашых медыкаў у раёне эпідэмія працякае адносна мякка, – падкрэслівае галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.