Творчы акорд. Народная арт-група «ВІНС-акорд» сярод дыпламантаў міжнародных фестываляў
Парад творчых перамог прадаўжае яшчэ адзін адметны мастацкі калектыў Ляхавіччыны – народная арт-група «ВІНС-акорд» (мастацкі кіраўнік Ірына Тулейка) гарадскога Дома культуры.
Са сваіх першых выступленняў калектыў яскрава зазіхацеў на культурным небасхіле Ляхавіччыны, а сёння ў яго нямала прыхільнікаў. Зусім нядаўна тых, хто ўражаны талентам ляхавіцкіх артыстаў, яшчэ пабольшала. Напрыканцы лістапада ў расійскім горадзе Самары прайшоў VII Міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці «Час перамог» у рамках міжнароднага праекта «Творчы рух 2020-2021», ініцыяванага фондам падтрымкі «Планета дараванняў». У сувязі з каранавіруснай сітуацыяй конкурс праходзіў у анлайн-рэжыме – журы разглядала матэрыял у фармаце відэа.
«ВІНС-акорд» выступаў з песняй «Алілуя» ў намінацыі «эстрадны вакал (калектыў)». Гэты знакаміты твор у выкананні самабытнага калектыву Ляхавіччыны ўразіў журы, якое і прысудзіла групе другое месца, а таксама ўручыла сертыфікат на ўдзел у Вялікім фінале
ІV Міжнароднага конкурсу дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці «Залатыя пырскі мора», які адбудзецца ў жніўні 2021 года ў горадзе Сочы. У падзячным пісьме, якое арганізатары конкурсу адрасавалі Ірыне Тулейка, адзначана: «У наш цяжкі час асабліва каштоўна прадаўжаць знаходзіць новыя таленты і раскрываць іх з лепшага боку. Ваш крэатыўны падыход да сваёй справы, вопыт і настойлівасць дазволілі заняць дастойнае прызавое месца».
А зусім нядаўна, 7 снежня, былі агучаны вынікі мнагажанравага міжнароднага фестывалю «Белавежская зорка». «ВІНС-акорд» атрымаў дыплом ІІ ступені за выкананне рымэйку сусветнага хіта Тоні Брэкстан «Unbreak my heart».
– Гэта кампазіцыя – адна з любімых песень, што выконвае калектыў. Паслухаць нумар, ён, дарэчы, выконваецца па-руску і называецца «Унісон сэрцаў», можна на канале Ірыны Тулейка на ютубе, – адзначае ўдзельніца арт-групы Святлана Сталярчук.
Галіна КАНЬКО.