Маска і пальчаткі супраць рызыкі

Нягледзячы на папераджальныя перасцярогі, многія па-ранейшаму хочуць верыць у небяспечнасць эпідэміі, не разумеюць, наколькі ўсё сур’ёзна

– У звычайным рэжыме працуюць магазіны, кінатэатры, гандлёвыя цэнтры, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання. Так, ёсць пэўныя абмежаванні – дыстанцыя, без медыцынскіх масак не абслугоўваюць. Але паглядзіце, як некаторыя носяць маскі – на барадзе ці толькі-толькі закрывае рот. Навошта тады яна і ўвогуле патрэбная? Няўжо такому пакупніку не страшна за сябе, сям’ю? – разважае ўрач-інфекцыяніст райЦГіЭ Васілій Скараход.
Пакуль ва ўсім свеце выпрабоўваюцца вакцыны для барацьбы з каранавірусам, медыкі ў адзін голас заяўляюць: на даным этапе галоўнае – прафілактыка. Нездарма ў многіх краінах, Беларусь не выключэнне, уведзены масачны рэжым. Акрамя таго, каб знізіць шанц заразіцца COVID-19, трэба часцей праветрываць памяшканне – і дома, і на рабоце, таму што найбольшую рызыку падхапіць інфекцыю маюць тыя, хто знаходзіцца ў закрытым памяшканні, чым на вуліцы.
– Нельга забываць і пра рэгулярнае вільготнае прыбіранне: так можна знізіць канцэнтрацыю патагенаў і абясшкодзіць сябе на выпадак, калі побач знаходзіцца бессімптомны носьбіт віруса, які нават сам не ведае, што ён заражоны. Ніхто не гаворыць, што трэба мыць падлогу і праціраць паверхні амаль кожную гадзіну, але чым больш, тым лепш. Што тычыцца прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, то там двойчы на дзень павінна праводзіцца дэзынфекцыя, – адзначае Васілій Скараход.
Яшчэ адна кавідная тэма, па якой не сціхаюць дыскусіі, – чым лепш апрацоўваць рукі. Нават дзіця ведае, што мыла дапамагае змагацца з вірусамі, да COVID-19 гэта таксама адносіцца.
– Мыла здольна змыць са скуры рук усе патагенныя агенты, але важна прымяняць мыла з вялікай колькасцю вады. Нагадаю, рукі мыем не менш за 20 секунд. Калі ж пад рукой няма ні мыла, ні вады, пасля наведвання грамадскіх месцаў абавязкова карыстайцеся антысептыкамі, але ёсць важная ўмова – утрыманне этылавага спірту павінна быць не менш за 70 працэнтаў. Часта задаюць пытанне, наколькі мэтазгодна насіць гумавыя ці поліэтыленавыя пальчаткі. Гэты аксесуар  патрэбны ў грамадскіх месцах, калі даводзіцца дакранацца да рэчаў, з якімі кантактуе вялікая колькасць людзей, – дзвярныя ручкі, тавары ў магазінах, банкноты і г. д. Усё, што апраўдана ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй, абавязкова патрэбна выкарыстоўваць, – расказвае Васілій Скараход.
Па словах урача-інфекцыяніста, асноўныя правілы масачнага рэжыму ў раёне выконваюцца, аднак канстатуюцца і парушэнні. У асноўным яны выяўляюцца ў гандлёвых кропках, дзе прадаўцы абслугоўвалі некаторых пакупнікоў без масак. На парушальнікаў (у даным выпадку – адміністрацыя магазіна) складаецца пратакол, і яны прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў
выглядзе штрафу.
Яшчэ адзін важны накірунак дзейнасці санітарна-эпідэміялагічнай службы –  кантроль за грамадзянамі, якія знаходзяцца на самаізаляцыі – непасрэдна хворыя, у каго дыягнаставаны COVID-19, кантакты першага ўзроўню, тыя, хто нядаўна вярнуўся з іншых краін, дзе назіраецца небяспечная эпідсітуацыя. Па словах Васілія
Скарахода, зараз у раёне такіх каля  250 чалавек. Усе яны выконваюць правілы самаізаляцыі.

Галіна КАНЬКО.