Цяпло сямейнага дома. Трэці па ліку ў Ляхавічах дзіцячы дом сямейнага тыпу прапісаўся ў цэнтры горада па вуліцы Чкалава, 8а

БОЛЬШ ФОТА НА САЙЦЕ «ЛВ

Красавік, май, чэрвень, жнівень, кастрычнік – месяцы, у якіх сям’я ляхавічан Кацярыны і Дзмітрыя Краўчэняў (на здымку) будзе адзначаць дні нараджэння сваіх семярых дзяцей.
У красавіку і кастрычніку, напрыклад, двойчы на месяц.
А яшчэ ў іх сямейным фотаальбоме асобная старонка будзе прысвечана 11 снежню 2020 года – даце, калі іх сям’я аб’ядналася пад дахам новага дома – дзіцячага дома сямейнага тыпу.

Навасельцаў сабраліся павіншаваць шматлікія госці, сярод якіх старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Жалнерчык і многія іншыя.


Генпадрадчыкам на будаўніцтве двухпавярховага катэджа выступала ПМК-13, будавалі камунальнікі. Яшчэ ў ліпені «ЛВ» анансаваў новабудоўлю. І вось праз восем месяцаў навіна пра наваселле ў райцэнтры праляцела па рэспубліканскіх тэлеканалах, адзначылася на сайтах.

На ўзвядзенне дзіцячага дома сямейнага тыпу з рэспубліканскага бюджэту было выдзелена 512 тысяч рублёў. На мэблю, пасцельную бялізну, тэхніку і ўсё іншае, неабходнае для пражывання, выдаткавана
з раённага бюджэту яшчэ 34 тысячы рублёў.

Жыллё для вялікай сям’і атрымалася ўтульным і светлым. За сталом у прасторнай кухні хапае месца ўсім. Тут маецца, акрамя халадзільніка, і маразільнік. Вельмі зручна аддзелена ад кухні рассоўнымі дзвярамі гасціная. Там, акрамя вялікага тэлевізара, размешчаны на асобных сталах два камп’ютары, у наяўнасці прынтар, зручная канапа, два крэслы – у такім пакоі дзецям з бацькамі будзе чым заняцца. На першым паверсе і санвузел, дзе ўстаноўлены дзве пральныя машыны. На другім паверсе чатыры абсталяваныя ўсім неабходным для дзяцей спальні, бацькоўскі пакой, гардэробная, хол плюс яшчэ адзін санвузел. Усюды цёплая падлога, што вельмі зручна для дзяцей. У двары гаспадарчая пабудова і гараж, тэрыторыя пад агарод, дзіцячая пляцоўка. Камунальнікі высадзілі і пладовыя, і дэкаратыўныя дрэвы,
і кусты. У адпаведнасці з патрабаваннямі прадугледжана безбар’ернае асяроддзе з магчымасцю пражывання тут дзіцяці-інваліда. Усё ў катэджы і вакол яго зроблена з густам і па-гаспадарску.
…Шматлікіх гасцей сустракаюць Дзед Мароз і Снягурка, казачныя персанажы, гучыць музыка. Дзецям – Ксеніі, Алене,
Варвары, Аляксандры, Яне, Уладзіміру і Івану – такая ўвага дарослых прыемная. Яны разам з бацькамі прымаюць віншаванні і падарункі.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз адзначыў: чарговае наваселле ў Ляхавічах пацвярджае – да сям’і ў дзяржаве адносіны ўважлівыя і клапатлівыя, вельмі шмат робіцца для дзяцей. Нагадаў ён і пра тое, што на бацькоў ускладаецца сур’ёзная адказнасць па выхаванні
дастойных грамадзян, патрыётаў.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Юрый Прасмыцкі падкрэсліў, што праграма «Дзеці Беларусі» ініцыявана Прэзідэнтам краіны. Дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Ляхавічах стаў на Брэстчыне 57-м. Самае складанае ў гэтай справе – знайсці тых людзей, якія возьмуць на сябе адказнасць за дзяцей, за іх шчаслівае і бяспечнае жыццё, змогуць запаліць усмешкі на дзіцячых тварах, сагрэць маленькія сэрцы. Такімі людзьмі ў нашым выпадку сталі Кацярына і Дзмітрый Краўчэні. Юрый Прасмыцкі пажадаў сям’і поспехаў, здароўя, цікавых агульных спраў. А ў якасці падарунка ўручыў рабятам мячы – для ўмацавання здароўя і заняткаў спортам.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Жалнерчык віншавала ўсіх з адметнай падзеяй. Пажадала, каб дом стаў месцам сілы для дзяцей, а сям’я – узорам здаровага ладу жыцця, любві і клопату. Ад дэпутата дзецям з сардэчнымі віншаваннямі – таксама падарункі.
Адметна, што наваселле адбылося якраз пасля старту ў краіне дабрачыннай навагодняй акцыі «Нашы дзеці». Гульнёвая праграма, падрыхтаваная педагогамі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, унесла ў святочную атмасферу цудоўныя навагоднія эмоцыі.
Сімвалічны ключ ад новага дома галаве сям’і ўручыў начальнік ПМК-13 Данііл Скрыцкі, мультыварку для смачных абедаў падарыў ад камунгаса дырэктар КУМВП ЖКГ Андрэй Чайкоўскі, галіновы райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – салодкія падарункі.
Перарэзана чырвоная стужка – і дом адкрыты для цёплых адносін, разумення, любві, сяброўства і клопату.
«Тут мама», – адказаў дзевяцігадовы Вова на пытанне карэспандэнта «ЛВ», ці падабаецца яму ў новым доме.
А шасцігадовая Вара і пяцігадовая Саша расказваюць, што ў пакоях прыгожа і ўсё новае. Дзесяцігадовая Алёна дадае, што тут крута і ўтульна. У дзіцячай кагорце дванаццацігадовая Ксюша з шасцігадовай Янай радуюцца, што ў іх з’явіліся тры сяброўкі, задаволены сябру Вову васьмігадовы Ваня.
Мама Каця пра кожнага з рабят расказвае цёпла, нікога не выдзяляе: «Нашы дзеці!». Ксюша іграе на гітары ў другім класе дзіцячай школы мастацтваў у Ляхавічах. Дарэчы, для прысутных цудоўна выканала некалькі твораў.
У СШ № 1 займаецца каратэ, скалалажаннем і стральбой. Алёна таксама гітарыстка і захапляецца скалалажаннем.
Вова гучна іграе на трубе і марыць выступаць у аркестры.
Ваня пакуль вучыцца ў Падлескай школе. Вельмі цікаўны, збірае энцыклапедыі і любіць ляпіць з пластыліну. Першакласніца Яна старанна вучыцца прыгожа пісаць. Вельмі актыўная, сямейная артыстка. Дзяўчынцы падабаецца, калі яе хваліць настаўніца. Вара не па ўзросце разважлівая і вельмі спагадлівая, усіх гасцей частавала цукеркамі. Сашка знешне падобная на сястру і неразлучная з ёй, любіць іграць на дзіцячым піяніна.
Варвара ўзбіраецца на рукі таты Дзімы і просіць разгарнуць цукерку, тут жа круціцца Сашка – звычайная сямейная сцэна, але ад яе такі давер і цяпло. Яны толькі пачынаюць сваю сямейную гісторыю і ўжо ствараюць традыцыі. Дзеляцца, як будуць пісаць пісьмы Дзеду Марозу і «замарожваць» іх у халадзільніку, а пасля загадваць жаданні. Расказваюць, што рабіць, калі прыходзіць Зубная Фея. Мараць, як будуць адзначаць дні нараджэння і іншыя святы.
– Падтрымлівае і дапамагае ва ўсім муж. Ён на нашым караблі капітан. Канешне, гатовы да цяжкасцяў – у якой сям’і іх няма. Але ведаем, што разам можна пераадолець любыя праблемы, – падкрэслівае Кацярына Краўчэня. Дзмітрый дадае, што добра разумеюць узятую на сябе адказнасць за выхаванне дзяцей, але гэта не ў навіну. Выхоўвалі траіх дзяцей – справяцца з семярымі. Кацярына Мікалаеўна – педагог з немалым стажам, зараз працуе ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. Юрыст па адукацыі, Дзмітрый Уладзіміравіч прымярае на сябе афіцыйную пасаду – бацькі-выхавальніка. Сям’я Краўчэняў не раз станавілася героем публікацый раёнкі – то ўдзельнічала ў раённым конкурсе мнагадзетных сем’яў, то садзіла дрэвы ў Падлессі – аграгарадку, дзе жыла да пераезду ў Ляхавічы.
…Насычаны на падзеі, пачуцці, сустрэчы дзень 11 снежня
падышоў да завяршэння. Вызначана меню на заўтра, зроб-
лены ўрокі, на сваіх месцах рэчы. Няхай новая раніца падорыць сям’і ўпэўненасць і радасць ад кожнага сумеснага імгнення. Дружная і вялікая сям’я – гэта шчасце!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.