«Прыправа» супраць катка. Ляхавіцкія камунальнікі гатовы да сюрпрызаў надвор’я
У зімовы перыяд самае галоўнае перад выхадам з дому – выбраць правільны абутак, які забяспечыць бяспечную прагулку. Да сюрпрызаў надвор’я гатовы і камунальнікі.
Каб пасыпаць дарогі, у наяўнасці тэхніка і саляная сумесь, адзначыў у размове з «ЛВ» начальнік участка добраўпарадкавання камунгаса Уладзімір Несцяровіч.
Каб падрыхтавацца да працоўнага панядзелка, на апрацоўку дарог мясцовага значэння ад галалёду МАЗ з абсталяваным пескараскідвальнікам выехаў у гадзіну ночы і працягваў амаль да абеду. У плане – каля
40 кіламетраў асфальтаванага шляху, плюс грунтавыя праезныя часткі.
11 работнікаў камунгаса ў чатыры гадзіны раніцы пачалі «сеяць» саляную сумесь на вуліцах райцэнтра: сем чалавек задзейнічаны на цэнтральных тратуарах-дарожках, чатыры на дваровых тэрыторыях. Пачынаюць звычайна з цэнтра горада і працягваюць ва ўсіх напрамках далей.
Чаму менавіта саляная сумесь? Яна больш эфектыўная ва ўмовах галалёдзіцы, падкрэсліваюць камунальнікі. Такой «прыправы» назапашана ў дастатковай колькасці – на сёння 35 тон. Скрынямі для саляной сумесі аснашчаны ўсе аўтобусныя прыпынкі ў райцэнтры, стаяць яны і на вуліцах, дваровых тэрыторыях.
У барацьбе са снегам камунальнікі таксама ўзброеныя: маюцца два трактары «МТЗ-320» і тры «МТЗ-82», абсталяваныя шчоткамі і адваламі, акрамя таго, у разліку і МАЗ з пескараскідвальнікам, пагрузчык «Амкадор».
Але ж і самі жыльцы шматкватэрнікаў павінны паклапаціцца пра ўласную бяспеку. Не застаўляць машынамі двары і праезды. Скучанасць транспарту стварае перашкоды для ачысткі тэрыторыі, праезду спецтэхнікі.
Пры сітуацыі, калі галалёд моцны, а снег не спыняецца, графік працы камунальнікаў даволі напружаны, і яны не паспяваюць справіцца з наступствамі надвор’я. Таму ў дружнай звязцы па расчыстцы дарогі і камфортным перамяшчэнні павінны быць усе.
Дарэчы, уласнікі ці арэндадаўцы збудаванняў, работадаўцы (наймальнікі), у адпаведнасці з заканадаўствам, абавязаны забяспечваць бяспеку пры эксплуатацыі тэрыторыі, вытворчых аб’ектаў. Гэта датычыць, у тым ліку, ачысткі дарог, тратуараў, праездаў і праходаў ад снегу і лёду з правядзеннем супрацьгалалёдных мерапрыемстваў. Ачыстку дахаў, карнізаў будынкаў ад снегу ці лёду неабходна праводзіць у спрыяльнае надвор’е па нарадзе допуску на вытворчасць работ павышанай небяспекі і пад кіраўніцтвам асобы, адказнай за яе бяспечнае выкананне.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.