Па рэцэпце палімернай кампазіцыі. У Ляхавічах прапісана высокатэхналагічная вытворчасць, прадукцыя якой запатрабавана не толькі на айчынным рынку
Не менш за дзве сотні найменняў прадукцыі, якасць, якая адпавядае патрабаванням ДАСТаў і пацверджана шматлікімі сертыфікатамі адпаведнасці, 84 працоўныя месцы, сучаснае абсталяванне і інавацыйныя тэхналогіі – гэта ТАА «Трансэлектракамплект».
У невялікім райцэнтры прапісана высокатэхналагічная вытворчасць, прадукцыя якой запатрабавана не толькі на айчынным рынку, але ў Расіі, на Украіне, у Казахстане. Асноўныя віды выпускаемай прадукцыі – кабельныя муфты і арматура, металічныя злучальнікі, наканечнікі і г. д. Кампанія – адно з нямногіх прадпрыемстваў на прасторах краіны, дзе арганізаваны поўны цыкл вытворчасці тэрмаўсаджваемых кабельных муфтаў.
На кожны выраб маецца распрацаваная на прадпрыемстве асобная рэцэптура палімернай кампазіцыі.
Начальнік вытворчасці Віктар Матчэня акцэнтуе ўвагу на мадэрнізацыі і пастаянным развіцці прадпрыемства. Вядуцца будаўніча-мантажныя работы ў новым цэху расцяжкі тэрмаўсаджваемых кажухоў, таму ён працуе пакуль у выпрабавальным рэжыме. Дэманструе прынцып работы станка апрацоўшчык вырабаў з пластмасы Сяргей Лойка – адзін з тых, каму даверана адказная справа. Новае абсталяванне, што ўстаноўлена ў цэху расцяжкі манжэтаў, павялічыла прадукцыйнасць працы ўдвая.
Важны ўчастак прадпрыемства – цэх расцяжкі пальчатак і нанясення клеявой асновы. Работа кіпіць і ладзіцца ў апрацоўшчыкаў вырабаў з пластмасы Вадзіма Дзяміда, Уладзіміра Кавальчука, Сяргея Русіна і іншых. Высакакласныя спецыялісты працуюць у цэху ліцця тэрмаўсаджваемых загатовак і экструзійнай трубы на чале з майстрам Яраславам Кручком. Адзін са старажылаў участка – ліцейшчык пластмасавых вырабаў Аляксандр Ксёнжык.
За станком, дзе адліваюць пальчатку 3 на 2, Ганна Чалевіч, стаж якой амаль дзесяцігоддзе. Чатыры месяцы назад у калектыў пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя машынабудавання № 118 прыйшоў Арцём Казакевіч. Тры месяцы быў на практыцы, а зараз – электрык. Мадэрнізацыя і ў гэтым цэху ў актыўнай фазе: падтрымліваюць пастаянную тэмпературу пластаўтаматаў устаноўленыя тэрмастаты. Формы дублёры забяспечваюць бесперапынную дзейнасць лініі. Усё накіравана на эканомію і энергаэфектыўнасць, а з гэтага, у тым ліку, складаецца і сабекошт прадукцыі. Дарэчы, з нядаўняга часу па жаданні заказчыка на прадукцыю лазерным маркіроўшчыкам наносіцца лагатып «Трансэлектракамплекта».
Калектыў участка металаапрацоўкі – Васілій Журко, Анатолій Лапіч, Віталій Татарыновіч. Яны з ювелірнай дакладнасцю даводзяць дэталь да фінішнай гатоўнасці пасля таго, як станок перапрацоўвае металічную балванку, напрыклад, у алюмініевы злучальнік ці болт.
Фарміруе камплекты загатовак Людміла Уласень. А гатовыя вырабы з усіх участкаў сыходзяцца ў адным пункце – на ўчастку камплектацыі, адкуль іх шлях ляжыць да заказчыка. Момант зборкі даручаны Святлане Сірыська, Іне Вашчыла, Галіне Жмурко, Галіне Пішч. Работы любой складанасці якасна і аператыўна выконваюць высокакваліфікаваныя мантажнікі «Трансэлектракамплекта» пад кіраўніцтвам прараба Вячаслава Галёнкі. Сёлета працавалі на аб’ектах Ляхавіччыны і ў Баранавічах. Займаліся заменай ліній і ўладкаваннем асвятлення вуліц Першамайскай і Мінскай, расказвае галоўны інжынер ТАА Аляксандр Гаспадура.
Даходы і расходы прадпрыемства падлічвае бухгалтарска-эканамічная служба пад кіраўніцтвам галоўнага бухгалтара Ганны Бецька.
– Нацэлены на далейшае паляпшэнне якасці нашай прадукцыі і распрацоўку новай. Хутка ўвядзём у эксплуатацыю новы цэх, а значыць, чакаецца вытворчая навінка, якая будзе адпавядаць еўрапейскім стандартам. Канешне, гэта працуе на пашырэнне рынкаў збыту. Не спыняемся ў мадэрнізацыі прадпрыемства і развіцці. Наш даўні партнёр, з якім узаемавыгаднае супрацоўніцтва доўжыцца больш за дзесяцігоддзе, – Санкт-Пецярбургская фірма «Нява-Транс». Нягледзячы на каранавірус, аб’ёмы супрацоўніцтва з кампаніяй не зменшыліся. Доля экспарту вырабленай прадукцыі складае амаль 63 працэнты. Нам давяраюць, і гэта важна, –
падкрэслівае дырэктар «Трансэлектракамплекта» Генадзій Сакуць.
Лічбы пацвярджаюць правільнасць вытворчага курсу: за дзевяць месяцаў выраблена прадукцыі, рэалізавана паслуг і аказана работ на 7,3 працэнта больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.
Устойлівае развіццё вытворчасці дэманструе стварэнне ЧВУП «ТЭС», а калі падрабязней – «Трансэлектрабуд» – даччынае прадпрыемства «Трансэлектракамплекта». Прапісана яно ў райцэнтры на вуліцы Працоўнай, 5. Кампанія выпускае кабельныя тэрмаўсаджваемыя муфты, наканечнікі са зрыўнымі балтамі, размеркавальныя каробкі, іншае – прадукцыю, якая задавальняе запыты самых пераборлівых спажыўцоў. Калектывам прафесіяналаў кіруюць выконваючы абавязкі дырэктара – галоўны інжынер Аляксандр Бурбіцкі і намеснік дырэктара Алег Місюк.
Брэнд прадпрыемства – якасць і надзейнасць, і гэта вызначальна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.