Служба з сямейным ухілам. Прафесійнае свята адзначылі работнікі аддзела загса Ляхавіцкага райвыканкама
18 снежня прафесійнае свята адзначылі работнікі аддзела
загса райвыканкама. Змяняецца заканадаўства, а функцыі гэтага падраздзялення застаюцца нязменнымі.
Нарадзілася дзіця, вырашылі пажаніцца, змяніць прозвішча –
нашы землякі ідуць сюды – на плошчу Перамогі, 3. У загс звяртаюцца, калі неабходна выправіць памылку ў дакументах ці аднавіць страчаныя. Скасаванне шлюбу, устанаўленне бацькоўства (мацярынства), усынаўленне (удачарэнне) – гэтыя і многія іншыя працэдуры таксама выконвае аддзел загса. За 11 месяцаў бягучага года ў аддзеле загса райвыканкама выдадзена 92 пасведчанні аб нараджэнні, марш Мендэльсона гучаў для 77 маладых.
Працуем у цеснай звязцы з МУС. У рэгістр насельніцтва ўносім персанальныя даныя грамадзян, якія рэгіструюць усе акты грамадзянскага стану. Раней, напрыклад, ідэнтыфікацыйны нумар прысвойвалі пры атрыманні пашпарта, цяпер гэта афармляецца пры рэгістрацыі нованароджанага ў аддзеле загса райвыканкама і ўносіцца ў пасведчанне аб нараджэнні.
Нямала людзей звяртаюцца ў аддзел загса па пытаннях пошуку дакументаў у дачыненні да сваіх сваякоў, каб скласці сямейны радавод. Адчуваю асаблівае задавальненне, калі атрымліваецца знайсці патрэбныя звесткі. Дарэчы, самы ранні дакумент у архіве аддзела загса райвыканкама датуецца 1944 годам.
Заканадаўствам вызначаны дадатковыя меры па прадухіленні распаўсюджання інфекцыі, выкліканай каранавірусам, што няўхільна выконваецца і ў нашым падраздзяленні. На ўваходзе наведвальнікі могуць апрацаваць рукі антысептыкам, захоўваецца бяспечная дыстанцыя і дзейнічае масачны рэжым. Ля ўвахода ў кабінеты аддзела загса арганізавана месца для прыёму. Можна напісаць заяву або падаць дакументы без уваходу ў кабінет. Пры рэгістрацыі заключэння шлюбу ва ўрачыстай абстаноўцы прысутнічаюць не больш за дзесяць чалавек. Нярэдкія выпадкі, калі маладыя выбіраюць роспіс толькі ў прысутнасці сведкаў.
Вольга НОВІК,
начальнік аддзела загса райвыканкама.