У дыскусійным ракурсе. У мінулую пятніцу маладзёжныя актуаліі гучалі ў Ляхавічах падчас работы дыскусійнай пляцоўкі
У мінулую пятніцу маладзёжныя актуаліі гучалі падчас работы дыскусійнай пляцоўкі, у якой прынялі ўдзел члены БРСМ і Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.
Першае працоўнае месца, першыя поспехі, дасягненні, памылкі, першыя ўласныя квадратныя метры і шмат іншых першых пачынанняў як ніхто ведае і выпрабоўвае на сабе моладзь. Шанцуе, калі побач надзейны кіраўнік, які дапаможа, зацікавіць, падкажа, якімі дзяржаўнымі бонусамі можна скарыстацца. Але і пра ўласную зацікаўленасць у вырашэнні сваіх праблем забываць нельга.
Члены БРСМ і Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь чарговы раз абмеркавалі тэмы, што хвалююць моладзь: жыллёвае пытанне, працоўныя моманты ў статусе маладых спецыялістаў, інстытут настаўніцтва, варыянты для правядзення вольнага часу, увогуле, пагаварылі пра магчымасці для развіцця і самаўдасканалення ў невялікім горадзе.
Сярод прапаноў гучалі вяртанне льготнага крэдытавання на працяглы час для маладых спецыялістаў пад невялікі працэнт, магчымасць у далейшым выкупіць у дзяржавы арэнднае жыллё (гэта будзе спрыяць замацаванню спецыялістаў у рэгіёнах), праводзіць больш сустрэч кіраўніцтва з маладымі работнікамі дзеля інфармавання і іншыя.
Размова сапраўды атрымалася змястоўнай і карыснай. Такая шчырая адкрытасць у абмеркаванні праблем дазваляе ўзняць іх вырашэнне на іншы ўзровень.
– Наша моладзь ведае, што яна жадае дасягнуць у будучым, больш таго ведае сродкі, з дапамогай якіх можна гэта зрабіць. Прыемна ўсведамляць, што юнакі і дзяўчаты разумеюць: проста так у жыцці дабіцца выніку нельга. Варта самому развівацца, стукацца ў розныя дзверы, у любым выпадку адна з іх адчыніцца. Яны не баяцца жыцця ў невялікім райцэнтры, наадварот прапаноўваюць, як зрабіць яго лепш. А калі маладыя людзі сустракаюцца разам, атрымліваецца не проста дыскусія, а сапраўдны абмен вопытам, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.
Маргарыта КУХТА, член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.