Цеплавая перазагрузка. У Каранеўшчыне Ляхавіцкага раёна завяршаецца наладка «разумнай» кацельні

Старшы майстар камунгаса Пётр Юзэфовіч і інжынер мінскага «БМК ЭнергаБуд» Аляксей Анісімаў за ўзгадненнем пазіцыі.

Гэты падарунак «пад ёлку» прызначаны грэць. Дамы-кватэры, канешне ж, тэмпературны фон якіх у значнай ступені фарміруе яскравасць настрою, душэўнасць адносін і цеплыню сэрцаў людзей, якія ў іх пражываюць. І цалкам верагодна, што яшчэ да новага года падарунак такога кшталту атрымаюць жыхары Каранеўшчыны.

За фасадам звычайнай каробкі надзвычай разумнае начынне.

Гісторыя  з хіміяй
Калісьці названая вёска трымала за сабой статус галоўнай аграхімічнай базы раёна. Як можна было б сказаць зараз,
у Каранеўшчыне знаходзіўся  «кластар», спецыялізаваны на поўным цыкле работ, звязаных з сельскагаспадарчай хіміяй. Дастаткова магутны комплекс вытворчых і не толькі актываў патрабаваў і наяўнасці адпаведнага цеплагенерыруючага аб’екта. Ён і зараз працуе, дэманструючы сваю манументальную значнасць, – грэе, як расказаў галоўны інжынер Ляхавіцкага камунгаса Андрэй Паўлоўскі, толькі тры трохпавярховыя, на тры пад’езды кожны, жылыя дамы. І ўсё, паколькі сельгасхіміі няма даўно, база апошняй ліквідавана, даўно не функцыянуе, напрыклад, дзіцячы садок, іншае. І хоць працуе старая кацельня «пад патрэбнасць», эксплуатаваць яе не рацыянальна.

Перазагрузка
Нерацыянальнасць далейшай эксплуатацыі старой кацельні тлумачыцца нізкай эфектыўнасцю яе работы. Невысокі ў прынцыпе каэфіцыент карыснага дзеяння ацяпляльных катлоў старой фармацыі за доўгі  перыяд службы ўпаў яшчэ больш. Цеплагенерыруючы аб’ект знаходзіцца на даволі значным адрэзку ад цепласпажыўцоў – трох шматкватэрнікаў, злучаны з імі старой трубаправоднай трасай. Адпаведна і натуральна, што на шляху ад кропкі А да кропкі Б не абыходзіцца без страт гігакалорый.
Новая кацельня з’яўляецца істотна больш выгаднай і з пункту
гледжання шэрага іншых ключавых эканоміка-вытворчых паказчыкаў.

Блок-модуль-аўтамат
Праект па замене ў Каранеўшчыне старой кацельні на новую, так званую блочна-модульную, з’яўляецца досыць «свежым» з пункту гледжання прыняцця рашэння і кароткім па тэрмінах рэалізацыі.
На будаўніцтве «ЛВ» пабываў у канцы мінулага тыдня. Адзначылі для сябе высокую ступень гатоўнасці, актыўнасць будаўніча-мантажных намаганняў і немалую для такога маштабу аб’екта колькасць задзейнічаных у працэсе спецыялістаў. Брыгада КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» пад кіраўніцтвам Пятра Юзэфовіча завяршала ўладкоўваць цеплавую камеру, у тройкі сталічных спецыялістаў на чале з інжынерам кантрольна-вымяральных пры-
бораў і аўтаматыкі Аляксеем Анісімавым свой і, дарэчы, галоўны ва ўсім праекце падрад. Паколькі наш, як і любы з падобнай серыі, аб’ект з’яўляецца патэнцыяльна небяспечным, на будаўніцтве знаходзіўся начальнік Баранавіцкага міжрайаддзела абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду МНС Рэспублікі Беларусь Віктар Аляксееў.

За якія грошы і што будуем
На гэтыя пытанні адказ мы атрымалі ў галоўнага куратара будаўніцтва – галоўнага інжынера Ляхавіцкага камунгаса Андрэя Паўлоўскага.
– Кацельня будзе працаваць у поўнасцю аўтаматычным рэжыме, без прысутнасці чалавека. Усе вытворчыя працэсы, неабходныя рабочыя параметры будзе адсочваць, фіксаваць і ў рэжыме анлайн перадаваць на пульт дыспетчара камунгаса. Прадугледжана і зваротная сувязь – дыспетчар можа «камандаваць» работай кацельні, рэагаваць на змену значэнняў некаторых яе параметраў. Аб’ём выпрацоўкі цяпла рэгулюецца аўтаматычна, у залежнасці ад тэмпературы «за бартом», за якой сочыць спецыяльны датчык. Далей слова за аўтаматыкай, якая кіруе катламі, камандуе колькім з іх і з якой інтэнсіўнасцю гарэць. Катлоў, дарэчы, пяць, магутнасцю па сто кілават цеплавой энергіі кожны. ККД цеплаагрэгатаў «выходзіць» на 96-97 працэнтаў. У кацельні прадугледжаны аўтаномная станцыя хімводаачысткі, шэраг іншых патрэбных, карысных і разумных сістэм. Яе магутнасць разлічана пад патрэбы спажыўцоў, у тым ліку і патэнцыяльных. Фінансавай асновай будаўніцтва сталі сродкі рэспубліканскага бюджэту і ўласныя – райкамунгаса. Прычым, дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў будаўніцтве нашай арганізацыі, атрымалася сэканоміць, – адзначыў Андрэй Паўлоўскі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.